Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў ЭГУ ў фактах: посьпехі, праблемы, скандалы


Ілюстрацыйнае фота. Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ

17 лістапада 2017 году Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адзначае сваё 25-годзьдзе. Свабода сабрала 13 фактаў пра беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні.

8 факультэтаў, інстытуты і цэнтры

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў створаны ў Менску ў 1992 годзе. Спачатку ў ЭГУ было 8 факультэтаў, рыхтавалі студэнтаў 13 спэцыяльнасьцяў з глыбокім вывучэньнем гуманітарных навук, замежных і клясычных моваў, сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў. Пры ЭГУ былі створаныя і працавалі дасьледчыя цэнтры й інстытуты: Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў, Цэнтар эканамічных і сацыяльных дасьледаваньняў, Цэнтар гендэрных дасьледаваньняў, Цэнтар грамадзянскай адукацыі ды іншыя.

Архіўнае фота. Студэнты і выкладчык ЭГУ, 2011 год
Архіўнае фота. Студэнты і выкладчык ЭГУ, 2011 год

Забралі ліцэнзію і будынак

27 ліпеня 2004 году Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі анулявала ліцэнзію ЭГУ на аказаньне адукацыйных паслугаў. Паводле загаду, падпісанага тагачасным міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым, ліцэнзійнае пасьведчаньне ЭГУ анулявана «з прычыны адсутнасьці памяшканьня». Перад гэтым Радзькоў ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў адстаўкі рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава.

Будынак ЭГУ на вуліцы Петруся Броўкі, 3/3 перадалі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі.

Акцыя пратэсту студэнтаў

На наступны дзень пасьля загаду міністра адукацыі Радзькова, 28 ліпеня 2004 году, 200 студэнтаў і выкладчыкаў ЭГУ каля свайго будынку зладзілі акцыю пратэсту — мастацкі пэрформанс з выкарыстаньнем канспэктаў, плякатаў, творчых працаў, расьпісалі сьцены будынку на розных мовах з рознакаляровых балёнчыкаў.

Ілюстрацыйнае фота. Сьцяжкі з эмблемай ЭГУ
Ілюстрацыйнае фота. Сьцяжкі з эмблемай ЭГУ

Эміграцыя ў Літву

З 2005 году ЭГУ здолеў аднавіць працу ў Літве пры падтрымцы ўраду Літвы, Эўрапейскай камісіі, Рады міністраў Паўночных краінаў, а таксама міжнародных фондаў ды іншых донараў. ЭГУ мае статус прыватнага літоўскага ўнівэрсытэту з 10 сакавіка 2006 году. Унівэрсытэту ў выгнаньні ўрад Літвы надаў бязвыплатна вучэбны корпус унівэрсытэту імя Мікаласа Рэмэрыса ў віленскім раёне Антокаль, а таксама адміністрацыйны будынак у цэнтры, на вуліцы Таўра.

ЭГУ сьвяткуе дзесяцігодзьдзе сваёй працы ў Вільні. 9 сакавіка 2016 году
ЭГУ сьвяткуе дзесяцігодзьдзе сваёй працы ў Вільні. 9 сакавіка 2016 году

Страйк выкладчыкаў

1 кастрычніка 2009 году выкладчыкі дэпартамэнту палітычных навук абвесьцілі страйк — іх не задавальняла, што кіраўнікі праграмаў прызначаюцца, а не абіраюцца дэмакратычным шляхам. Загадчык дэпартамэнту Андрэй Казакевіч, выкладчыкі Андрэй Ягораў, Дзяніс Мельянцоў, Тацяна Вадалаская, Аляксей Дзермант, Сяргей Богдан ды іншыя на знак пратэсту сышлі з унівэрсытэту.

Супрацоўнікі ЭГУ пікетуюць Міністэрства замежных справаў Літвы. 18 лютага 2014 году
Супрацоўнікі ЭГУ пікетуюць Міністэрства замежных справаў Літвы. 18 лютага 2014 году

Літоўскія бакаляўры

У 2009 годзе адбыўся першы выпуск бакаляўраў, якія прайшлі курс навучаньня ў Літве. Усяго з моманту стварэньня ЭГУ ўнівэрсытэт скончылі больш за 3000 чалавек, зь іх 2124 выпускнікі атрымалі дыплёмы ўжо ў Вільні.

Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ, 2016 год
Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ, 2016 год

Рэформа ЭГУ, звальненьні

У 2014 годзе завершылася выкладчыцкая рэформа ЭГУ, афіцыйнаю мэтаю якой было абвешчана павышэньне якасьці выкладаньня і навуковых дасьледаваньняў. Прафэсарам, нязгодным з гэтымі захадамі, было адмоўлена ў працягу кантрактаў. Старшыня Сэнату ЭГУ Павал Церашковіч быў звольнены яшчэ да завяршэньня кантракту. З ЭГУ вымушаныя былі таксама сысьці выкладчыкі Максім Жбанкоў, Вольга Шпарага, Андрэй Лаўрухін, Аляксей Крывалап, лідэр незалежнага прафсаюзу Канстанцін Ткачоў.

Выбары рэктара і фінансавыя скандалы

30 верасьня 2014 году пасаду рэктара ЭГУ пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў, які заснаваў унівэрсытэт і кіраваў ім з моманту заснаваньня. Для Міхайлава была ўтворана новая пасада — прэзыдэнта ЭГУ.

Анатоль Міхайлаў уручае дыплёмы выпускнікам ЭГУ
Анатоль Міхайлаў уручае дыплёмы выпускнікам ЭГУ

Увесну 2015 году адбыліся выбары рэктара, у якіх узялі ўдзел 19 кандыдатаў з 7 краінаў. У шорт-лісьце на кіроўную пасаду засталіся сем прэтэндэнтаў: трое беларусаў — прафэсар-гісторык і колішні прарэктар Горадзенскага ўнівэрсытэту Алесь Краўцэвіч, тагачасны кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і прафэсар філязофіі, выкладчыца ЭГУ Тацяна Шчытцова, а таксама трое амэрыканцаў (Дэвід Полік, Дарус Удрыс, Эдвард Рослаф) і літовец Шарунас Лекіс.

Перамог амэрыканскі прафэсар Дэвід Полік, які не валодаў ані беларускай, ані расейскай мовамі. Выбары рэктара выклікалі сур’ёзную крытыку грамадзкасьці і донараў унівэрсытэту.

Дэвід Полік
Дэвід Полік

Полік ачольваў ЭГУ з красавіка 2015 году да чэрвеня 2016 году. Сыход Поліка зьвязваюць зь фінансавым скандалам.

Спыненьне фінансаваньня ад Nordic Council

У траўні 2016 году галоўны донар унівэрсытэту — Рада міністраў Паўночных краінаў (Nordic Council) — прыняла рашэньне прыпыніць фінансаваньне ЭГУ. Штогод Рада выдаткоўвала ўнівэрсытэту 1,5 мільёна эўраў.

Часовы кіраўнік

У кастрычніку 2016 году выканаўцам абавязкаў рэктара ЭГУ быў прызначаны Ёрген Ёргенсэн з Даніі. Да прыходу ў ЭГУ Ёргенсэн займаў пасаду дырэктара адміністрацыі Оргускага ўнівэрсытэту, другога велічынёю ўнівэрсытэту Даніі.

Ёрген Ёргенсэн
Ёрген Ёргенсэн

Новыя выбары рэктара не адбыліся

У лістападзе 2016 году была абвешчаная чарговая кампанія выбараў рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Было пададзена 29 заявак. Імёны кандыдатаў не называлі дзеля канфідэнцыйнасьці. Але выбары не адбыліся. У верасьні 2017 году ЭГУ зноў абвесьціў конкурс на пасаду рэктара.

Новыя бакаляўрскія праграмы

У 2017 годзе ЭГУ набраў студэнтаў на наступныя бакаляўрскія праграмы: «Візуальны дызайн і мэдыя», «Культурная спадчына і турызм», «Мэдыя і камунікацыі», «Усясьветная палітыка і эканоміка», а таксама магістарскія праграмы: «Міжнароднае права і права Эўрапейскага Зьвязу», «Гістарычная і культурная спадчына», «Культурныя дасьледаваньні», «Публічная палітыка».

Выпускнікі ЭГУ
Выпускнікі ЭГУ

Новы корпус ЭГУ ў Вільні

Да 25-годзьдзя ЭГУ атрымаў новы корпус — будынак Аўгустынскага кляштару, месьціцца ў віленскім Старым горадзе, які знаходзіцца ў сьпісе аб’ектаў Усясьветнай спадчыны UNESCO.

Былы кляштар Аўгустынскага ордэну збудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. Пабудову плошчай больш за 2700 кв. м. вылучаюць арыгінальныя элемэнты інтэр’еру, у тым ліку фрэскі і брукаваная падлога.

Першым афіцыйным захадам, які адбудзецца там 17 лістапада, стане сьвяткаваньне 25-годзьдзя ЭГУ.

Аўгустынскі кляштар у Вільні
Аўгустынскі кляштар у Вільні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG