Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акружаць сябе пасрэднымі памагатымі — клясычны спосаб утрыманьня ўлады...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новы 2017 год адлічвае свае першыя дні. Жыхары Беларусі ў гэты час сьвяткуюць Каляды, сустракаюцца з роднымі і сябрамі, падсумоўваюць вынікі пражытага году і спрабуюць зазірнуць у будучыню.

​Сёньняшнюю размову пачну зь ліста Алега Сьцепаненкі з Мядзельскага раёну, які выклаў уласны пункт гледжаньня на тое, якім можа быць новы год для Беларусі. Слухач піша:

«Чамусьці ўсе ў адзін голас цьвердзяць, што 2017 год будзе надзвычай цяжкі, складаны. А я ў такіх выпадках кажу: ня бачылі вы сапраўдных цяжкасьцяў. Не жылі ў пасьляваенным калгасе, у якім за цяжкую працу ўвогуле не плацілі грошай. Не галадалі, не жылі ў зямлянках.

Калі прыяжджаю ў Менск, кожны раз зьдзіўляюся: столькі прыгожых будынкаў зьявілася за апошнія гады. Людзі будуюцца, гадуюць дзяцей, адпачываюць, займаюцца спортам. Нельга ж увесь час думаць толькі пра палітыку ды пра эканамічныя паказьнікі. Трэба болей аптымізму, у тым ліку і на Свабодзе.

А прэзыдэнт у нас такі, якога мы самі заслугоўваем. Ніхто нам яго ні з Расеі, ні з Вэнэсуэлы не прывёз: самі такога выгадавалі і выбралі. Ну, вось з такім і вымушаны жыць».

Сапраўды, калі параўноўваць сёньняшнюю Беларусь зь Беларусьсю пасьляваеннай ці пасьлярэвалюцыйнай — то становішча нібыта не такое і благое: ніхто лебяды ня есьць і зямлянак не капае. Аднак тут адразу паўстае пытаньне. Апошні акупант пакінуў беларускую зямлю 72 гады таму. За гэты час тут не было ні грамадзянскай вайны, ні землятрусаў, ні іншых прыродных катаклізмаў. Дык чаму беларуская моладзь павінна параўноўваць сваё цяперашняе жыцьцё са сталінскім СССР, а не з жыцьцём равесьнікаў у Польшчы, Нямеччыне, краінах Балтыі? І чаму яна павінна мірыцца зь незьмяняльным прэзыдэнтам, якога 23 гады таму выбіралі пераважна зусім іншыя пакаленьні беларусаў? Толькі таму, што яму вельмі падабаецца ўлада і ён ні з кім не зьбіраецца ёй дзяліцца?

Аўтар наступнага кароткага ліста Вячаслаў Аляшкевіч зь Ліды выказваецца наконт чарговай мэты, пастаўленай Лукашэнкам перад чыноўнікамі — дамагчыся ў новым годзе сярэдняга заробку памерам 500 даляраў. Слухач піша:

«Галоўнае пажаданьне і абяцаньне Лукашэнкі на новы 2017 год — гэта „ўсім па пяцьсот“. Што ж, будзем чакаць. Пакуль што ў нас на працы „ўсім па дзьвесьце“. І нішто не паказвае на тое, што будзе болей. Цікава, калі абяцаньне ня будзе выканана — ці падасьць Лукашэнка ў адстаўку?».

Лукашэнка ня так даўно ўжо даваў распараджэньне давесьці сярэдні заробак да тысячы даляраў. Як вядома, нічога з задумы ня выйшла: спроба скончылася, як заўсёды, чарговай дэвальвацыяй. Але пра адстаўкі з гэтай прычыны нічога чуваць не было. Мяркую, што гэтак жа скончыцца і чарговая кампанія.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў, аналізуючы палітычныя падзеі апошняга часу, прыходзіць да высновы, што беларускі лідэр перасьледуе адну галоўную мэту:

«Усё, што робіць Лукашэнка, мае толькі адну задачу — захаваньне асабістай улады з прыцэлам перадаць яе ў спадчыну. Дзеля гэтага Лукашэнку патрэбна, каб ягонае бліжняе і дальняе атачэньне складалася з шэранькіх, неамбітных, ніякіх асобаў, безыніцыятыўных выканаўцаў, заўсёды гатовых узяць пад казырок. На іхным тле ён выглядае больш „крутым“, больш незаменным. Адсюль і Качанава, і ўсе астатнія.

Паштовая скрынка

Паштовая скрынка

Не магу не спакусіцца нагадаць павучальнае паданьне з гісторыі. Герадот распавядае, што ў VII стагодзьдзі да нашай эры тыран Карынфу Пэрыяндар накіраваў да мілецкага тырана Фрасібула пасла, каб той выведаў, як належыць утрымліваць уладу. Фрасібул пайшоў з паслом за горад на засеянае пшаніцай поле. Падчас прамэнаду Фрасібул кожны раз, заўважыўшы колас, які ўзвышаўся над іншымі, зрываў яго і выкідваў, і рабіў гэта, пакуль ня вырваў усе самыя высокія каласы. На пытаньне пасла Фрасібул так і не адказаў.

Калі пасол вярнуўся ў Карынф, ён распавёў Пэрыяндру пра дзіўныя паводзіны Фрасібула, які псаваў сваё ўласнае дабро. Пэрыяндар, у адрозьненьне ад пасла, усё зразумеў — Фрасібул раіў яму зьнішчаць самых адметных асобаў.

Акружаць сябе пасрэднымі памагатымі — клясычны спосаб утрыманьня ўлады. Лукашэнка (трэба аддаць яму належнае) карыстаецца ім па-майстэрску.

І наконт нядаўняга інтэрвію Колі Лукашэнкі. Наіўна думаць, што Аляксандар Рыгоравіч пусьціў такую важную справу на самацёк. Безумоўна, быў інструктаж бацькі, як адказваць на пэўныя пытаньні. У прыватнасьці, на самае вострае — ці зьбіраецца Коля ўскочыць у прэзыдэнцкае крэсла. Удумайцеся ў падтэкст: пытаньне сфармулявана так, быццам усё залежыць толькі ад Колі: захоча быць прэзыдэнтам — будзе. Але ён «ня вельмі» хоча. Пакуль што ня вельмі. Нічога, падрасьце — захоча, мала што дзіця кажа сёньня. Татка, без сумневу, ужо ламае галаву: як бы гэта, па-першае, панізіць узроставае абмежаваньне, а па-другое, абіраць прэзыдэнта парлямэнтам, які ён будзе і далей прызначаць сам. І, паверце, Лукашэнка зробіць усё магчымае і немагчымае, каб дасягнуць сваёй мэты. Ня трэба слухаць ягоныя публічныя заявы, мала што ён там гаворыць у мікрафон».

Сапраўды, тое, што яшчэ нядаўна выглядала фантастычным, сёньня ўжо такім не падаецца. Вось ужо Мікалай Лукашэнка і інтэрвію раздае, і пра магчымасьць уласнага прэзыдэнцтва выказваецца... Праўда, паводле дзейнай Канстытуцыі яму да гэтага крэсла яшчэ расьці і расьці — ня меней за 20 гадоў. Але ж Канстытуцыю і перапісаць можна: вунь колькі разоў ягоны бацька ўжо рабіў гэта. А некалькі месяцаў таму (што адметна) зноў згадаў пра магчымасьць чарговага рэфэрэндуму...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG