Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтай уладзе можна разьлічваць хіба толькі на цуд...»


Валянцін Жданко


У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.

У гэтыя калядныя і пераднавагоднія дні многія людзі азіраюцца назад, на пражыты год, каб падсумаваць здабыткі і страты, посьпехі і няўдачы, а таксама спрабуюць спрагназаваць, якім будзе год наступны. Гэта адчуваецца і ў пошце Свабоды.


Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Паўла Бязрукава зь Менску. Разважаючы пра цяперашнія настроі ў грамадзтве, слухач піша:

«Цікавая зьява апошняга часу: сярод усіх сваіх знаёмых, сяброў, выпадковых суразмоўцаў не знаходжу ніводнага прыхільніка Лукашэнкі. Ні сярод маладых, ні сярод старых. Раней іх усё ж было багата, асабліва ў асяродзьдзі пэнсіянэраў. Але цягам апошняга году практычна зьніклі. Часам нават неяк сумна: няма з кім паспрачацца. Цяпер нават адстаўнік Кузьміч, зь якім мы ў цёплую пару году рэжамся ў даміно ў двары і які заўсёды гарой стаяў за Лукашэнку, замоўк. Апошні раз на маё правакацыйнае пытаньне толькі крыва ўсьміхнуўся ды махнуў рукой...

Так што народ, на маю думку, да пераменаў цалкам гатовы. Гэтай уладзе можна разьлічваць хіба толькі на цуд. Здаецца, Лукашэнка гэта адчувае. Невыпадкова двойчы паўтарыў загад пра 500 даляраў заробку ў наступным годзе. Але адкуль возьмуцца гэтыя грошы пры такой эканоміцы? Калі ў чалавека сёньня заробак 150 даляраў, то для яго рост у тры разы, вядома, быў бы вялікім падарункам. Але нешта ня верыцца...

Так што пераднавагодні настрой у мяне неблагі. Адчуваю, што перамены набліжаюцца. Спарахнелая тачанка імчыцца пад адхон, і наўрад ці знойдзецца сіла, каб спыніць гэты імклівы рух».

Сумна і трывожна тое, што спарахнелая гэтая тачанка ляціць пад адхон не сама па сабе і не паражняком. У ёй — усё беларускае грамадзтва, а таксама дзяржаўная незалежнасьць, якая ў выніку такой палітыкі апынулася ў вялікай небясьпецы. Але ў галоўнай сваёй выснове вы, спадар Павел, безумоўна, маеце рацыю: грамадзкія настроі ў Беларусі цягам апошняга часу зьмяніліся карэнным чынам. І зьмены гэтыя для цяперашняга кіроўнага рэжыму могуць стаць фатальнымі.

Аўтар наступнага ліста Барыс Руцько зь Менску найбольш адметнай падзеяй адыходзячага году лічыць перамогу Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах. Слухач піша:

«Як на маю думку, Трамп — гэта рэфарматар усяго англасаксонскага сьвету. Мандат на гэта ён атрымаў ад простага амэрыканскага люду — сярэдняй клясы, працоўных. І можна толькі зьдзіўляцца рэакцыі на гэтую перамогу з боку ўладных элітаў краінаў Захаду.

Увогуле, усё гэта насьпявала. Насамрэч праблемаў унутры ЗША больш чым дастаткова. Гэта нам збоку здаецца, што ўсе там заможныя і задаволеныя. А там людзі і працу страчваюць, і ад карупцыі ды злачыннасьці церпяць. Дзясяткі мільёнаў амэрыканцаў проста стаміліся ад ранейшай палітыкі, — у прыватнасьці, ад таго, што ЗША ў розных рэгіёнах сьвету ўказвалі краінам, як ім жыць. А на гэта ж выдаткоўваліся мільярды даляраў. Цяпер жа аказалася, што большасьці амэрыканцаў абыякавыя чужыя праблемы: іх цікавіць найперш тое, што адбываецца ва ўласнай краіне. Вось таму яны так і прагаласавалі на выбарах».

Абставінаў, якія паўплывалі на вынікі выбараў у Злучаных Штатах, надзвычай шмат: на гэтую тэму на працягу апошніх тыдняў было мноства камэнтароў, аналітычных артыкулаў, водгукаў... Наіўна было б чакаць, што ЗША раптам адмовяцца ад сваёй звыклай ролі ў вырашэньні міжнародных канфліктаў і праблемаў. Гэта мела б згубныя наступствы і для міжнароднага парадку, і для саміх Злучаных Штатаў. Хаця б з той прычыны, што ў сёньняшнім сьвеце няма іншай краіны, сувымернай з ЗША сваім эканамічным, тэхналягічным і ваенным патэнцыялам.

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Алеся Гагіна са Смаргоні, заклапочанага экалягічнымі праблемамі Беларусі. Слухач піша:

«Самая вялікая небясьпека, якую нясе нам 2017 год — гэта Астравецкая атамная станцыя, увод у дзеяньне якой набліжаецца. Сёлета мы ўжо былі сьведкамі інцыдэнту з пашкоджаным рэактарам. А што будзе, калі рэактар яны пашкодзяць не падчас будаўніцтва, а ў працэсе эксплюатацыі? Мы ўсе становімся закладнікамі бяздумнай палітыкі.

У Беларусі такія вялізныя гідрарэсурсы. Няўжо нельга было вырашыць энэргетычную праблему за кошт будаўніцтва новых ГЭС? Але ж не, уладзе захацелася лёгкіх грошай ад таннага атаму».

Адметна, спадар Алесь, што ніякіх лёгкіх грошай новая АЭС не прынясе — цяпер гэта ўжо відавочна. Лукашэнка, прымаючы рашэньне аб будаўніцтве станцыі на самай мяжы з Эўразьвязам, разьлічваў на тое, што туды ж, у заможныя і плацежаздольныя краіны Эўразьвязу, будзе прадаваць лішкі энэргіі. Але ўстрывожаныя экалягічнай небясьпекай эўрапейскія суседзі Беларусі ўжо цяпер папярэдзілі, што купляць гэтую энэргію ня будуць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG