Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як даць адпор „русскому миру“, каб ён не праглынуў нашу краіну...»


Валянцін Жданко

Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды — небясьпека экспансіі так званага «русского мира», першымі ахвярамі якога сталі ўкраінскія Крым і Данбас. Цікавасьць да гэтай праблемы ўзмацнілі нядаўнія гучныя арышты ў Беларусі блогераў расейскіх шавіністычных сайтаў Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі.

Актывізацыя прарасейскіх сілаў у Беларусі назіраецца ня толькі ў мэдыях. Вось пра які выпадак распавёў у сваім лісьце на Свабоду наш слухач Уладзіслаў Грабавы зь Менску. Ён піша:

«Зьвярнуцца да вас мяне вымусіў выпадак з маёй жонкай Элінай, якая ў нядзелю, 4 сьнежня, схадзіла на споведзь у храм, асьвечаны ў гонар Перамяненьня Госпадавага. Храм месьціцца побач зь бізнэс-цэнтрам „Тытан“, недалёка ад мэдінстытуту ў Менску.

Цяпер непасрэдна пра выпадак. Хай мая жонка не крыўдуе, але я не магу маўчаць, калі дзеецца такое.

Калі яна толькі пачала спавядацца бацюшку і ўзялася за пералічэньне сваіх грахоў, то адным з грахоў назвала ганарлівасьць. На што айцец Яўген адразу адрэагаваў: „Вось ваша ганарлівасьць у тым і праяўляецца, што вы размаўляеце па-беларуску. Вы калі паедзеце ў Вялікабрытанію, то будзеце ж там па-ангельску размаўляць?“ Адзначу, што гэты закід ён зрабіў з нагоды сваёй расейскамоўнасьці. І пачаў ледзьве не тлумачальную працу зь ёй праводзіць, затрымліваючы іншых прыхаджанаў, што меліся спавядацца. У выніку мая жонка прыйшла з царквы быццам апляваная. І гэта — толькі за тое, што ў сваёй краіне, на Радзіме, размаўляе на роднай мове.

Больш за тое: Эліна працягвала спавядацца па-беларуску, на што іерэй Яўген сказаў ёй: „Маня, ты не слышишь меня, Маня!“ А яна ў адказ: „Я ня Маня, мяне Элінай завуць“. У адказ чуе: „Што гэта за імя такое, ці праваслаўнае яно?“ — „Так, гэта грэцкае імя“, — быў адказ.

Шаноўны сп. Валянцін, паважаныя слухачы радыё Свабода! Як нам, беларусам, паводзіць сябе ў гэткіх сытуацыях? Як даць адпор гэтаму „русскому миру“, каб ён не праглынуў нашу краіну? Як захаваць годнасьць нашага народу і не даваць сябе ў крыўду такім вось асобам?»

Вось што напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ўладзіслаў Грабавы зь Менску.

У сувязі з вашым, спадар Уладзіслаў, лістом я згадаў нядаўні выпадак, калі 21 лістапада ў праваслаўным храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы прайшла служба за спачын графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі таксама як Вешальнік. Гэты дзяяч шырока вядомы ня толькі здушэньнем вызвольнага паўстаньня 1863 году, але і сваім дэвізам у дачыненьні да русыфікацыі Беларусі: «Што не дарабіў расейскі штык, даробяць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп».

І што адметна: кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы не адмежавалася ад гэтай ініцыятывы сваіх сьвятароў і не асудзіла яе.

Зразумела, што праблема гэтая — адсутнасьці нацыянальнай беларускай царквы, якая б стаяла на варце нацыянальных каштоўнасьцяў і ідэалаў — маштабная і шматплянавая. Але што рабіць верніку ў такой вось канкрэтнай сытуацыі, пра якую распавёў слухач? Найбольш відавочнае выйсьце: шукаць той храм і таго сьвятара, які да тваёй беларускамоўнасьці ставіцца з павагай і пашанай. А сьвятароў такіх у Беларусі нямала — у тым ліку і ў праваслаўнай царкве.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў выказаўся наконт некалькіх апошніх перадач «Трайны ўдар». У прыватнасьці, 7 сьнежня аналітыкі Свабоды абмяркоўвалі тэму: «Ці мае Беларусь рэальны шанец стаць Крэмніевай далінай?» У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

«У Вушачах кампанія „Белтэлекам“ шпарка ажыцьцяўляе пераход на тэхналёгію GPON — прасьцей кажучы, на оптавалаконныя лініі сувязі. Вуліца, на якой жыву я, атрымае хуткасны інтэрнэт у наступным, 2017 годзе. Днямі я размаўляў на гэтую тэму з сынам, які жыве і працуе ў Крэмніевай даліне ў Каліфорніі, ЗША. Ён быў зьдзіўлены нашымі посьпехамі і паведаміў, што ў іх такога пакуль няма. І наагул, паводле ягоных ранейшых назіраньняў, Беларусь вельмі „прасунутая“ ў ІТ-сфэры нават у параўнаньні з ЗША. Вось я і думаю: у Беларусі ёсьць шанец стаць прынамсі ўсходнеэўрапейскай Крэмніевай далінай, калі нас не задушаць у сваіх жалезных абдымках або „старэйшы брат“, або ўласная ўлада на чале з Лукашэнкам»

Гэта напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.

У Беларусі, сапраўды, даволі спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця IT-сфэры: нямала адукаваных адмыслоўцаў, мяккі падатковы рэжым для гэтай галіны. А вялікіх фінансавых укладаньняў гэты напрамак не вымагае — што таксама надзвычай істотна для Беларусі, якая хранічна цярпіць ад безграшоўя. Што адметна, у нядаўна апублікаваным рэйтынгу разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгій, які штогод рыхтуе Міжнародны саюз электрасувязі, Беларусь паднялася на 31-е месца ў сьвеце, апярэдзіўшы, напрыклад, Чэхію ды Польшчу.

Беларусь стала адным з усясьветных лідэраў паводле аб’ёму экспарту паслугаў у ІТ-сфэры на душу насельніцтва — 74 даляры на год (для параўнаньня: Расея — 19, Індыя — 41, ЗША — 43 даляры). І зроблена гэта выключна дзякуючы прыватнай ініцыятыве: дзяржава ўсе апошнія гады ўкладала грошы пераважна ў састарэлыя гіганты савецкай індустрыі, ратуючы іх ад даўно насьпелага банкруцтва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111. Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG