Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнэфіс Колі Лукашэнкі


ТОП-10 фактаў пра Мікалая Лукашэнку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

Навошта было зробленае інтэрвію з малодшым сынам кіраўніка Беларусі?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Цыганкоў: Малодшы сын кіраўніка Беларусі Мікалай Лукашэнка даў першае інтэрвію ў сваім жыцьці. Сюжэт пра гэта паказалі на тэлеканале Беларусь-1 25 сьнежня. Узяў інтэрвію ў Мікалая 11-гадовы Жэня Грышын з пасёлку Арцёмаўскі пад Уладзівастокам у Расеі. Ён пабываў у сваёй першай камандзіроўцы, малады чалавек марыць быць журналістам. І вось адразу такая «ўдача» — узяць інтэрвію ў сына кіраўніка Беларусі.

Даверыць даросламу чалавеку інтэрвію зь Мікалаем выглядала бы даволі сьмешна

Натуральна, што гэтая ўдача не выпадковая. Пакуль мы ня ведаем усе абставіны гэтага інтэрвію, магчыма, і ня хутка даведаемся, але відавочна, што яно было арганізавана беларускім бокам, адміністрацыяй прэзыдэнта як даволі тонка прадуманы піяр-ход.

Даверыць даросламу чалавеку інтэрвію зь Мікалаем выглядала бы даволі сьмешна. Бо ён альбо падыгрываў бы хлопчыку, што выглядала б вельмі нягегла і выклікала б толькі кпіны, ну альбо калі б ён задаваў сур’ёзныя пытаньні, як сапраўдны незалежны журналіст, то гэта яўна не ўваходзіла б у пляны беларускай адміністрацыі.

Па-другое, мэта гэтага сюжэта — ачалавечыць вобраз Мікалая Лукашэнкі. Гледзячы па сацыяльных сетках, мне здаецца, што гэта ў пэўнай ступені ўдалося. Натуральна, што пераважная рэакцыя — гэта кпіны, развагі наконт пераемнасьці.

можна толькі пахваліць арганізатараў гэтага піяр-ходу, бо сапраўды ён атрымаўся

Але на дзіва я сустракаўся і ў фэйсбуку, дзе выказваюцца сапраўдныя людзі пад сваімі прозьвішчамі, з выказваньнямі беларускіх журналістаў і грамадзкіх дзеячаў пра тое, што вось у гэтым сюжэце Мікалай Лукашэнка падаўся ім нармальным, звычайным дзіцём. Дастаткова прывабным, які не выклікае абурэньне альбо агіду.

І сапраўды там няма ніводнага моманту, які б мог выклікаць гэтыя пачуцьці. Мікалай даволі спакойны, шчыра разважае, адказвае на пытаньні, паказвае сваё жыцьцё. Няма ні апломбаў, ні фанабэрыі — даволі жвавае атрымалася і душэўнае інтэрвію. З гэтага пункту гледжаньня можна толькі пахваліць арганізатараў гэтага піяр-кроку, бо сапраўды ён атрымаўся.

Самая галоўная задача, дзеля чаго ўсё гэта і задумвалася — адно пытаньне. Малады карэспандэнт зьвяртаецца да Колі, ці хоча той стаць наступнікам свайго бацькі? «У мяне многія пра гэта пытаюцца, — адказвае Мікалай. — Калі шчыра, я напэўна ня вельмі б хацеў стаць прэзыдэнтам. Вельмі складанае жыцьцё тады будзе, не ўпэўнены, што я гатовы да яго».

Ён ня кажа, што ніколі ня стаў бы

Натуральна, як ні ацэньвай незалежнасьць 11-гадовага расейскага хлопчыка, калі ён задаваў і сам гэтае пытаньне, то відавочна, што беларускі бок да яго рыхтаваўся. Адказ Колі Лукашэнкі максымальна павінен быў граць на баку прэзыдэнта Беларусі. Перш за ўсё, якая гэта цяжкая праца — нават сам Коля прызнае.

Па-другое, ён кажа, што ня вельмі хоча стаць прэзыдэнтам, маўляў, суцішце ўсе гэтыя спэкуляцыі і размовы. Хоць зь іншага боку, калі праз нейкі час меркаваньне памяняецца, то гэтую фразу сапраўды нельга ўспрымаць як тое, што ён сапраўды канчаткова ставіць кропку.

Ён ня кажа, што ніколі ня стаў бы. Ён кажа, што гэта вельмі цяжка і на дадзены момант ён бы не хацеў. Такім чынам, можна сказаць, што беларускія арганізатары гэтага піяр-ходу даволі ўдала скарысталіся сытуацыяй і з пункту гледжаньня Аляксандра Лукашэнкі, ягонага іміджу і палітычных задачаў, якія зараз стаяць перад ім.

Дракахруст: Я б вылучыў тры задачы. Першая — «уцяпліць» вобраз сына кіраўніка дзяржавы. Хачу прыгадаць, што былі розныя чуткі пра тое, што ў яго даволі цяжкі характар, што былі скандалы з аховай і іншым дапаможным пэрсаналам. А зараз рэакцыя нават тых, хто ўспрыняў гэтае інтэрвію са зьдзекам — нармальны, звычайны беларускі хлопец, з нармальным характарам. І вось стварэньне такой карцінкі, такога вобразу, даволі важна.

Другая задача — насамрэч гэта «ўцяпляе» вобраз ягонага бацькі. У добрага хлопчыка і бацька добры: такая лёгіка накідаецца гледачу.

насамрэч гэта «ўцяпляе» вобраз ягонага бацькі

Таксама цікавая дэталь, пасланьне інтэрвію — сын селяніна. Вось гэтыя ўсе гусі, каровы, іншая жыўнасьць — бачна, што для бацькі гэтага хлопчыка гэта арганічна. У значнай часткі беларусаў, калі ня ў большасьці, селянін у душы ёсьць. І ў Лукашэнкі ёсьць.

Ну і нарэшце наконт пэрспэктываў — так, ён сказаў, што яму не надта хацелася б. Але калі мы паглядзім сцэнары, як прасоўвалі малодшых Кімаў у Паўночнай Карэі, Ільхама Аліева пры Гейдары — так і прасоўвалі. Паказвалі, які харошы сын у правадыра.

Гэта ня значыць, што гэты ролік — дэманстрацыя далёкіх адназначных плянаў, нібыта Лукашэнка вырашыў, што будзе ДоКолі, як у вядомым анэкдоце. Але гэта адна з магчымасьцяў, якая пакуль не выключаецца.

Карбалевіч: Асоба Мікалая Лукашэнкі выклікае асаблівую ўвагу публікі, прычым ня толькі палітызаванай. Нават абывацель гэтай тэмай цікавіцца. Зь некалькіх чыньнікаў.

Фактычна апошнія гады ён кіруе дзяржавай, умоўна кажучы, з сынам на руках

Па-першае, прыватнае жыцьцё публічных фігур заўсёды цікаваць абывацеля. У разьвітых дэмакратыях на гэтай тэме пабудаваная цэлая індустрыя: «жоўтыя» газэты, тэлеканалы, нават ёсьць адмысловая прафэсія — папарацы.

Па-другое, у Беларусі дадатковая ўвага зьяўляецца з той прычыны, што Лукашэнка — неабмежаваны ўладар. І ягонае асабістая жыцьцё немагчыма адарваць ад палітыкі. Невыпадкова нявіннае інтэрвію падлетка паказалі па нацыянальным тэлеканале.

Калі асоба раздражняе, то што б ён ні казаў, рэакцыя будзе адмоўнай

Па-трэцяе, дзіўныя паводзіны Лукашэнка адносна свайго малодшага сына. Фактычна апошнія гады ён кіруе дзяржавай, умоўна кажучы, з сынам на руках. Большасьць насельніцтва ўспрымае гэта адмоўна. Нават прыхільнікі Лукашэнкі гэтага не ўхваляюць, бо гэта не адпавядае традыцыйным уяўленьням беларусаў.

Таму любое зьяўленьне Колі на палітычным і інфармацыйным экране выклікае раздражненьне людзей. Ягонае нявіннае інтэрвію — не выключэньне. Калі асоба раздражняе, то што б ён ні казаў, рэакцыя будзе адмоўнай.

Важны і час, калі зьявілася гэтае інтэрвію — пад Новы Год, на Каляды — гэта такая казка. Так што ўсё тут пасуе з гледзішча піяру.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG