Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьмяняецца ў Беларусі і сьвеце ў 2017-м


500 даляраў сярэдняга заробку ў Беларусі і Трамп у Белым доме — няпэўнасьці 2017 году.

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Карбалевіч: Як звычайна бывае, напярэдадні Новага году зьяўляецца шмат алярмісцкіх прагнозаў. Кожны год прадракаюць канец сьвету і новую сусьветную вайну. Калі казаць пра Беларусь, то ў незалежных мэдыях прадказваюць, што ў Беларусі будзе дэфолт, дэвальвацыя, што Расея адхіліць Лукашэнку ад улады. Але ня будзем цяпер разважаць пра, умоўна кажучы, «чорных лебедзяў», якія раптоўна могуць прыляцець, а пагаворым пра падзеі, якія ўжо заплянаваныя.

Калі казаць пра Беларусь, то хацеў бы, найперш, адзначыць, чаго не здарылася. Беларусы прызвычаіліся, што заўсёды з новага году ўлады рыхтуюць людзям нейкі падвох, найперш, у выглядзе дэнамінацыі беларускага рубля. Гэтым разам нічога падобнага не здарылася, усё спакойна. І гэта адно з дасягненьняў Нацбанку і ўлады ўвогуле.

На нашым сайце ўжо патлумачана, што зьменіцца ў краіне і ў звычайным бытавым жыцьці людзей з 1 студзеня. Завяршыўся працэс дэнамінацыі і з Новага году ў краіне будуць хадзіць толькі дэнамінаваныя грошы, з капейкамі, да якіх, здаецца, насельніцтва ўжо пасьпела прызвычаіцца і паступова перастае лічыць мільёнамі.

З новага году пачынаецца паэтапнае павелічэньне пэнсійнага ўзросту. Штогод на шэсьць месяцаў будзе падвышацца пэнсійны ўзрост да дасягненьня мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў. Адпаведна ў 2017 годзе ўсталёўваецца пэнсійны ўзрост для мужчын — 60 гадоў і 6 месяцаў, для жанчын — 55 гадоў і 6 месяцаў.

Павялічваецца памер месячнай мінімальнай зарплаты да 265 рублёў. Вырасла базавая велічыня з 21 да 23 рублёў.

Павялічыліся камунальныя тарыфы. Для сямʼі з трох чалавек, якая пражывае ў стандартнай двухпакаёвай кватэры, тарыфы ўзрастуць на 11 рублёў і складуць у ацяпляльны пэрыяд амаль 80 рублёў.

Можа гэта і ёсьць той галоўны «чорны лебедзь», які прыляціць

На мой погляд, самая вялікая загадка 2017 году — гэта ідэя Лукашэнкі давесьці сярэдні месячны заробак у краіне да 500 даляраў. Прычым, гэта выказваецца не ў якасьці пажаданьня, а ў якасьці загаду, маўляў, любой цаной, кроў з носу. Як гэта зрабіць, здаецца, ніхто ва ўрадзе ня ведае. Ці то Лукашэнка жыве ў нейкай іншай сваёй рэальнасьці, ці то ён ведае нешта такое, чаго ня ведае ніхто. Ці то рыхтуецца да нечага настолькі палітычна важнага, што эканамічныя чыньнікі адыходзяць на другі плян.
Калі казаць пра замежную палітыку, то варта чакаць усё ж завяршэньня беларуска-расейскай нафтагазавай вайны. Бо, як вядома, усе войны рана ці позна заканчваюцца мірам.

Некалькі словаў пра падзеі ў сьвеце. З новага году прыступіў да выкананьня абавязкаў новы генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш — былы партугальскі прэмʼер і вярхоўны камісар па справах уцекачоў. У сваім першым выступе ён заклікаў палітыкаў усяго сьвету да мірнага вырашэньня ўсіх спрэчных праблемаў. Што вельмі важна асабліва на тле чарговага тэракту ў Турэччыне ці заявы кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына аб стварэньні міжкантынэнтальнай ракеты.
І нарэшце 20 студзеня заступае на сваю пасаду новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Гэтай падзеі чакаюць ва ўсім сьвеце. Можа гэта і ёсьць той галоўны «чорны лебедзь», які прыляціць. Здаецца, найбольш чакаюць яго ў Расеі. Менавіта ў чаканьні гэтай падзеі Пуцін адмовіўся ад высылкі амэрыканскіх дыпляматаў у адказ на рашэньне Абамы выслаць 35 расейскіх дыпляматаў.

Карацей, сардэчна запрашаем у новы год!

дарадцы Трампа кажуць, што ён, калі прыйдзе ў Белы дом, скасуе 60% рашэньняў Абамы

Дракахруст: Чамусьці прыгадалася фраза са знакамітай стужкі «Матрыца»: Сардэчна запрашаем у пустыню рэальнасьці.
Сапраўды, самы галоўны сюрпрыз у сьвеце, які чакае нас літаральна празь некалькі дзён, мае імя — Трамп. Што такое амэрыканскі прэзыдэнт, з чым ён прыйдзе ў Белы дом — як ні дзіўна, гэта застаецца загадкай.
У інцыдэнце з высылкай расейскіх дыпляматаў вельмі істотная ня толькі рэакцыя Пуціна на гэта, тое, што ён ня стаў высылаць амэрыканскіх дыпляматаў, а рэакцыя Трампа на гэтае рашэньне расейскага прэзыдэнта: «Выдатны ход, я заўсёды ведаў, што ён вельмі разумны».

За рашэньне выслаць расейскіх дыпляматаў прэзыдэнт ЗША Абама такіх вызначэньняў ад Трампа не дачакаўся. Пры тым, што ў ЗША заўсёды была пэўная пераемнасьць зьнешняй палітыкі пры перадачы ўлады новаму прэзыдэнту, не прынята было рашэньні папярэдніка перакрэсьліваць надта рэзка і хутка.

Зараз дарадцы Трампа кажуць, што ён, калі прыйдзе ў Белы дом, скасуе 60% рашэньняў Абамы. Так што сьвет чакае вельмі круты паварот.

У 2017 годзе адбудуцца прэзыдэнцкія выбары ў Францыі і парлямэнцкія выбары ў Нямеччыне. Іх вынікі будуць надзвычай важныя і яны пакажуць, ці працягнецца ў сьвеце тая тэндэнцыя, увасабленьнем якой і стала перамога Трампа. Але, на мой погляд, тое, якую палітыку будзе весьці Трамп, будзе важней, скажам, за вынікі выбараў у Францыі.

Цыганкоў: Асноўныя фармальныя перамены Валер апісаў, але дадам, што яшчэ з 1 студзеня ўсе паслугі электрасувязі будуць абкладацца падаткам на дададзены кошт па падвышанай стаўцы 25%.

Лукашэнка відавочна спадзяецца на рост цэнаў на нафту, і адпаведна, на пад’ём беларускай эканомікі і рост беларускага экспарту ў Расею

Хацеў бы паспрачацца наконт тэзісу аб немагчымасьці падняць заробак да 500 даляраў. Мне падаецца дасягненьне гэтай задачы цалкам рэалістычнай. Заўсёды можна ўзьняць цэны, тарыфы за розныя паслугі, якія дагэтуль датуюцца дзяржавай. Калі заробак у выніку такой палітыкі ўздымецца да 500 даляраў, гэта зусім не азначае, што дабрабыт народу падвысіцца. Проста на гэтыя грошы можна будзе набыць значна менш дабротаў.

Да таго ж, можна ісьці шляхам далейшага звальненьня працоўных з прадпрыемстваў. Тыя, хто застанецца — вядома, будуць больш атрымліваць.

Другое — Лукашэнка відавочна спадзяецца на рост цэнаў на нафту, і адпаведна, на пад’ём беларускай эканомікі і рост беларускага экспарту ў Расею. Штосьці падобнае ўжо было ў 2006 годзе, калі эканамічны рост у Беларусі спыніўся, вычарпаўся — але рост цэнаў на нафту даў ёй новы штуршок.

Дракахруст: Альбо Лукашэнка спадзяецца на скасаваньне санкцыяў адносна Расеі.

Цыганкоў: Я гэты чыньнік не назваў па двух прычынах. Па-першае, я лічу гэта малаімаверным, па-другое, многія эканамісты лічаць, што гэта ня так і моцна ўплывае на эканамічную сытуацыю ў Расеі.

Ну і міжнародныя падзеі, пра якія ўжо казалі мае калегі. Інтрыга наступнага году ў тым, ці працягнецца ў Эўропе тое самае «паўстаньне масаў», пра якое яшчэ напачатку ХХ стагодзьдзя пісаў знакаміты гішпанскі пісьменьнік і сацыёляг Артэга-і-Гасэт.

Выбары чакаюцца ў Францыі, Нямеччыне. Італіі. Ці працягнецца пад’ём папулісцкіх сілаў ці асноўныя традыцыйныя цэнтрысцкія партыі здолеюць улічыць свае памылкі, улічыць настроі людзей, і зрабіць карэктывы ў сваёй палітыцы, і адпаведна, застацца ва ўладзе — гэта пытаньне 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG