Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя Скрабца адчуваюць матэрыяльныя цяжкасьці


Уладзімер Глод, Менск Пасьля таго, як суд Цэнтральнага раёну Менску адмовіў Сяргею Скрабцу ў вызваленьні пад падпіску пра нявыезд, былы кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня працягвае заставацца пад арыштам у Берасьці, дзе ён правёў 40-дзённую галадоўку пратэсту.

Адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч на пытаньне аб стане здароўя свайго падабароннага адказаў:

(Хоміч: ) “Ён, так бы мовіць, на пэўны пэрыяд выходзіць з галаданьня, але потым зноў працягне галадаваць”.

Спадар Хоміч гаворыць, кантакты паміж ім і Скрабцом скараціліся. Сваю ролю адыгрываюць фінансы. Кожнае наведваньне адвакатам свайго падабароннага у сьледчым ізалятары, згодна зь юрыдычнай практыкай, родныя вязьня мусяць аплачваць. Таму адвакат і былы дэпутат унесьлі карэктывы ў расклад сустрэчаў, сказаў спадар Хоміч:

(Хоміч: ) “І мы зь ім дамовіліся, паколькі фінансавыя пытаньні для яго цяпер складаныя, дык ён пакліча мяне, калі будзе нешта неабходна”.

Я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю з аплатай працы адвакатаў вядомага беларускага юрыста Гары Паганяйлу:

(Паганяйла: ) "Сытуацыя, на жаль, вельмі тыповая. Справа ў тым, што адвакаты сапраўды бяруць плату за сваю працу. І колькасьць працы, за якую патрэбна плаціць, залежыць, перадусім ад аб''ёма працоўных выдаткаў юрыста. Калі заключаюць дамову пра аказаньне юрыдычнай дапамогі, дык і адвакат, і кліент дамаўляюцца аб памерах аплаты працы. Пра што дамовіліся адвакат Хоміч і родныя Сяргея Скрабца, я не ведаю і таму камэнтаваць не магу. Але ж калі адвакат працуе, так бы мовіць, шчыльна, дык зразумела, што ён лічыць усе свае выдаткі”.

(Карэспандэнт: ) "І што, на Вашую думку, можна зрабіць, калі ў вязьня не хапае грошай?"

(Паганяйла: ) "Спэцыяльных фондаў матэрыяльнай дапамогі ахвярам рэжыму ў нас да гэтага часу ня створана, хаця пра гэта мы гаворым увесь час і спрабуем нешта зрабіць. Калі сям’я ня можа аплаціць выдаткі, прадугледжана, што можна карыстацца бясплатнай юрыдычнай дапамогай за кошт дзяржавы. Тады трэба ставіць пытаньне перад сьледзтвам пра тое, што мусіць быць адвакат па прызначэньні, а не па дамове. Але ж адвакаты разумеюць, што ў такім выпадку яны атрымліваюць мізэр, і таму, так бы мовіць, не намагаюцца працаваць дабрасумленна".

Сьледчы ў асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч, які апошнія два тыдні вядзе справу былога парлямэнтара, дазволіў ягоным бацькам наведаць вязьня. Пра гэта нашаму радыё паведаміў малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар. Але пакуль паездка ў Берасьце адкладваецца. Чаму так адбываецца, тлумачыць Скрабец -малодшы:

(Скрабец: ) “Шчыра кажучы, няма магчымасьці. Няма грошай. Гэта ж патрэбны машына (бацька хворы, маці таксама адчувае сябе дрэнна), кіроўца. Трэба ж туды нешта везьці. Трэба туды даехаць і вярнуцца. Гэта ж усё разам...”

Падобна на тое, што бліжэйшым часам сьледзтва, якое аб’яднала дзьве справы Сяргея Скрабца, будзе займацца пераважна першай справай паводле абвінавачаньня экс-дэпутата ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом “БелБабаеўскае”. Скрабец пакінуў гэтую пасаду пасьля абраньня яго дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

* * * Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG