Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль: улады Беларусі парушаць правы незалежных прафсаюзаў


Галіна Абакунчык, Менск Рада Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў абмеркавала праблему парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Паседжаньне Рады прайшло ў Брусэлі напярэдадні адкрыцьця сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы. Гэтым разам сэсія МАП разгледзіць пытаньне выкананьня ўрадам Беларусі рэкамэндацыяў у справе паляпшэньня становішча прафсаюзнага руху краіны. Міжнародныя экспэрты адзначаюць, што ніводная з адзінаццаці рэкамэндацыяў ня выкананая.

Дзейнасьць прафсаюзаў на паседжаньні Рады абмяркоўвалася на прыкладах Беларусі, Малдовы, Грузіі ды Ўкраіны, але Беларусі была нададзеная асаблівая ўвага.

Вось што паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які на паседжаньні прэзэнтаваў Беларусь:

(Ярашук: ) “Зважаючы на тое, што ніякія рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы ня выкананыя, то гучалі такія думкі, каб ініцыяваць прапановы наконт прымяненьня параграфа 33 статуту МАП. Гэта азначае, што Міжнародная арганізацыя працы заклікае ўрады ўсіх краінаў да спыненьня стасункаў з урадам Беларусі. Наперадзе канфэрэнцыя МАП, і там будуць прымацца канкрэтныя рашэньні ў гэтых пытаньнях”.

Чарговая сэсія Міжнароднай арганізацыі працы распачынаецца 1 чэрвеня. Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай падзеі, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў заплянаваў правесьці пікет, у тым ліку ўсталяваць на пляцы Бангалор намётавы гарадок. Аднак Менгарвыканкам запатрабаваў ад заяўнікаў атрымаць на гэта дазвол ад сямі ўстановаў, у тым ліку “Менскзелянбуду”, “Менгарсьвятла”, “Менскіх кабэльных сетак” і іншых. Кожная з арганізацыяў патрабуе заплаціць за свае паслугі каля 700 тысяч рублёў. Новыя патрабаваньні, якія гарадзкія ўлады выстаўляюць упершыню, Аляксандар Ярашук пракамэнтаваў гэтак:

(Ярашук: ) “Мы гэта расцэньваем як паўзучую практыку не прамых, а ўскосных забаронаў на правядзеньне акцыяў пратэсту. Робіцца ўсё, каб усялякую магчымасьць правядзеньня гэтых акцыяў адсекчы”.

Паводле спадара Ярашука, гэтыя і іншыя факты перасьледу незалежных прафсаюзаў у Беларусі будуць даведзеныя да ведама ўдзельнікаў сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы.

Чарговая сэсія Міжнароднай арганізацыі працы, якая распачынаецца 1 чэрвеня, мусіць разгледзець выкананьне ўрадам Беларусі рэкамэндацыяў МАП дзеля выпраўленьня становішча з правамі прафсаюзаў. Рэкамэндацыі грунтуюцца на падставе справаздачы Адмысловай камісіі. Гэты дакумэнт утрымлівае 200 старонак тэксту, у якім гаворыцца пра перашкоды ў справе рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, пра нежаданьне ўладаў наладжваць трохбаковае сацыяльнае партнэрства, пра перасьлед лідэраў і актывістаў незалежнага руху. У выніку ўраду Беларусі былі выстаўленыя прапановы выправіць гэткае становішча да 1 чэрвеня 2005 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG