Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку чакаецца бурная дыскусія між Іранам і ЗША наконт ядзернай зброі


Юры Дракахруст, Прага 5 траўня ў Нью-Ёрку пачынаецца міжнародная канфэрэнцыя міністраў замежных справаў 180 краінаў сьвету, прысьвечаная выкананьню дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Чакаецца, што цэнтральнай падзеяй форуму, які працягнецца месяц, будзе дыскусія паміж Іранам і Злучанымі Штатамі, якія абвінавачваюць Тэгеран у імкненьні стварыць ядзерную зброю.

Дамова аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі была падпісаная ў 1970 годзе. Кожныя 5 гадоў ўмовы пагадненьня карэктуюцца, цяпер як раз падышоў час чарговай карэкціроўкі. У параўнаньні зь іншымі дамовамі аб раззбраеньні гэтую падпісала максімальная колькасьць краінаў, аднак наконт яе зьместу існуюць сур''ёзныя супярэчнасьці.

Напярэдадні канфэрэнцыі, якая пачалася сёньня ў Нью-Ёрку, Іран зрабіў дэманстратыўны крок, прыгразіўшы аднавіць працу па ўзбагачэньні ўрану. У пятніцу, выступаючы на мітынгу ў Тэгеране, былы іранскі прэзідэнт Хашэмі Рафсаджані заявіў:

(Рафсаджані: ) "Іран хоча мець узбагачаны ўран і ўсе галіны ядзернай тэхналёгіі, паколькі Іран хоча мець магчымасьць выкарыстоўваць перавагі гэтай вельмі каштоўнай галіны навукі для людзей, і мы гэта зробім любой цаной".

Пэўны час Францыя, Вялікабрытанія і Нямеччына спрабавалі пераканаць Тэгеран адмовіцца ад праграмы ўзбагачэньня ўрану, ад якой адзін крок да стварэньня ядзернай зброі. У абмен прапаноўваўся пакет мераў эканамічнага супрацоўніцтва і тэхнічнага садзейнічаньня.

Ініцыятыва трох эўрапейскіх краінаў падавалася як альтэрнатыва грубаму амэрыканскаму падыходу. Але аргумэнты і прапановы эўрапейскай тройкі не прывабілі іранскія ўлады. Праўда, Тэгеран увесь час падкрэсьлівае, што не зьбіраецца ствараць ядзерную зброю, але Злучаныя Штаты не даюць гэтым заявам веры. Дый ня толькі яны – перамоўная ініцыятыва Лёндана, Парыжа і Бэрліна была выкліканая тымі ж перасьцярогамі , што Іран імкнецца атрымаць сваю бомбу.

На думку экспэртаў, зьяўленьне ў Ірана ядзернай зброі небясьпечнае і само па сабе – сувязі тэгеранскага рэжыму з экстрэмісцкімі арганізацыямі кшталту “Хазбаллы” добра вядомыя. Апроч таго, іранская ядзерная бомба спародзіць гонку ўзбраеньняў ва ўсім рэгіёне.

Чакаецца, што на канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку разгорнецца бурная дыскусія наконт духу і літары дамовы аб нераспаўсюджаньні. Іран, абгрунтоўваючы свае намеры, абапіраецца на сваю інтэрпрэтацыю тэксту дакументу. На мінулым тыдні, выступаючы ў кангрэсе ЗША, адмысловец у пытаньнях кантролю за ўзбраеньнямі Генры Саколькі сказаў:

(Сакольскі: ) "Кожны ведае, што вы ў адпаведнасьці з дамовай аб нераспаўсюджаньні маеце права наблізіцца на валасок да стварэньня ядзернай зброі. Мне такое права падаецца абсалютна вар''яцкім, і я ня думаю, што людзі, якія стваралі гэтую дамову, мелі на ўвазе магчымасьць такога вар''яцтва".

Экспэрты не выключаюць, што на канфэрэнцыі будзе гучаць крытыка ня толькі на адрас Ірану, але і на адрас сябраў ядзернага клюбу. Шмат хто лічыць небясьпечным тое, што Злучаныя Штаты выйшлі з дамовы аб проціракетнай абароне, а таксама распрацоўваюць новае пакаленьне ядзернай зброі. Аднак намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Рэдмэйкер падкрэсьлівае, што Вашынгтон на канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку не зьбіраецца ісьці на саступкі.

(Рэдмэйкер: ) "Меркаваньне, што Злучаныя Штаты павінны рабіць саступкі, каб дамагчыся выкананьня іншымі рэжыму нераспаўсюджаньня, гэта памылковы спосаб думаць пра праблемы, якія стаяць перад намі. Такія погляды – гэта сродак апраўдаць паводзіны Ірана".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG