Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк ня лічыць магчымым пераход на расейскі рубель з 1 студзеня 2006 году


Юлія Шарова, Менск Пра гэта заявіў старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч. Таксама ён паведаміў, што сёньня спэцыяльная камісія зацьвердзіць графічны знак беларускага рубля.

Кіраўнік Нацбанку падчас прэсавай канфэрэнцыі 28 красавіка канстатаваў, што на нядаўнім вышэйшым дзяржсавеце, дзе разглядалася пытаньне пераходу на адзіную валюту, ўрады і галоўныя банкі дзьвюх краінаў зноў ня здолелі паразумецца. Беларускі бок лічыць, што пераход на расейскі рубель павінен завершыць інтэграцыю; расейскі бок прытрымліваецца іншай пазыцыі: уводзіць адзіную валюту можна ўжо цяпер, без адмоўных наступстваў для эканомікі.

З тэхнічнага гледзішча ўвесьці з пачатку наступнага году расейскі рубель ужо нерэальна, цьвердзіць Пётар Пракаповіч. Новыя тэрміны валютнай інтэграцыі будуць вядомыя толькі пасьля чарговага паседжаньня вышэйшага дзяржсавету, якое прызначанае на лістапад.

(Пракаповіч: ) “Нам трэба ад прыняцьця рашэньня як мінімум паўгоду. Улічваючы тое, што рашэньне будзе прынятае не раней за лістапад гэтага году, з 1 студзеня 2006 году, на жаль, увядзеньне адзінай валюты ў нас не атрымаецца з аб’ектыўных прычынаў”.

Тым часам Нацбанк падвёў вынікі конкурсу на найлепшы праект графічнага знаку для беларускага рубля. Графічны знак — гэта адмысловы сымбаль пэўнай валюты. Так, напрыклад, перакрэсьленая лацінская літара $ ёсьць графічным знакам амэрыканскага даляра. Беларускі рубель таксама займее свой сымбаль, хоць празь некаторы час гэтай валюты як быццам і ня будзе. Пётар Пракаповіч паведаміў, што канчатковае рашэньне адмысловай камісіі прымаецца акурат цяпер і афіцыйна графічны знак беларускага рубля будзе абвешчаны ў найбліжэйшыя дні.

Эканаміст Валер Дашкевіч лічыць, што графічны знак усё ж мае сэнс уводзіць, нягледзячы на інтэграцыйныя пляны.

(Дашкевіч: ) “Калі мы будзем друкаваць новыя папяровыя грошы, а друкуем мы іх увесь час, бо старыя зношваюцца. Паставім на новыя грошы, якія будуць ісьці на паступовую замену, графічны знак. Ну і нічога страшнага. У сярэдзіне 1990-х выходзілі, напрыклад, грошы з подпісам Багданкевіча. Ну й што? Хадзілі яны ўвесь час, пакуль ня выйшлі з абарачэньня, бо спарахнелі”.

Пры гэтым экспэрт не выключае, што палітычны гандаль паміж Беларусьсю і Расеяй у выніку не прывядзе да рэальнага валютнага саюзу, таму ў будучыні графічны знак спатрэбіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG