Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадара Расеі выклікалі ў МЗС Армэніі за заявы тэлевядоўцы Салаўёва


Уладзімір Салаўёў
Уладзімір Салаўёў

Амбасадара Расеі ў Армэніі Сяргея Капыркіна ў панядзелак выклікалі ў Міністэрства замежных спраў краіны. Яму ўручылі ноту, у якой выказалі «глыбокае абурэньне заявамі, зробленымі ў праграме на дзяржаўным тэлеканале».

Пра гэта піша Армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на прэс-службу МЗС Армэніі.

Як заявілі ў ведамстве, «было падкрэсьлена, што гэта непрымальны замах на сувэрэнітэт Рэспублікі Армэнія» і «грубае парушэньне асноўных прынцыпаў сяброўскіх адносінаў паміж Армэніяй і Расеяй».

Гаворка ідзе пра аўтарскую праграму аднаго з самых вядомых расейскіх дзяржаўных тэлевядоўцаў, Уладзіміра Салаўёва «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым». У апошнім яе выпуску ён выступіў за правядзеньне, як ён выказаўся, «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» па прыкладзе Ўкраіны ў іншых краінах, у тым ліку ў Армэніі. Афіцыйная Масква называе вайну супраць Украіны спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй.

Салаўёў заявіў, што Расеі трэба браць прыклад зь дзеяньняў у Вэнэсуэле ЗША, якія, паводле яго ацэнкі, «наплявалі на міжнароднае права», правёўшы апэрацыю па сілавым захопе Нікаляса Мадура.

Паводле Салаўёва, для Расеі «страціць» Армэнію і краіны Цэнтральнай Азіі было б значна горш, чым «страціць» Вэнэсуэлу. «Пляваць на міжнароднае права, на міжнародны парадак. Калі нам для нашай нацыянальнай бясьпекі неабходна было пачаць СВА ва Ўкраіне, то чаму, зыходзячы з тых жа меркаваньняў, мы ня можам пачаць СВА і ў іншых пунктах нашай зоны ўплыву?», — заявіў Салаўёў.

Ён ня першы раз выступае з пагрозамі ў адрас краін-суседзяў Расеі, у тым ліку і Армэніі. У сакавіку 2024 года Армэнія заблякавала трансьляцыю яго аўтарскіх праграм у мультыплексе тэлеканалу «РТР-Планета» «на падставе фактаў пастаянных парушэньняў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG