Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусская газета”: "заварушыўся прывід Сіліконавай даліны"


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Брестская газета” паведамляе, што рэстаўрацыя мэмарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасьць-герой” будзе завершаная толькі пасьля сьвята Перамогі. З 1997 па 2004 год Беларусь, Расея, Украіна, Казахстан і Малдова накіравалі на рэстаўрацыю комплексу звыш двух мільёнаў даляраў. На аднаўленьне дэкаратыўна-мастацкага асьвятленьня, музычнага суправаджэньня, рамонт штыка-абэліску спатрэбіцца яшчэ 3 мільярды рублёў. Грошы на далейшую рэканструкцыю зьявяцца, магчыма, толькі пасьля сьвятаў. А ў траўні будзе арганізаваны тэлемаратон для збору сродкаў на рэканструкцыю мэмарыялу, паведамляе “Брестская газета”.

А вось цытата з матэрыялу “Прывід Сіліконавай даліны”, надрукаваным у “Белорусской газете”: “14 красавіка ў інфармацыйнай прасторы Беларусі заварушыўся прывід Сіліконавай даліны. Прывід прасіў інвэстыцыяў, але быў накіраваны назад у віртуал, дзе ўжо трымала прапіску нямала дзёрзкіх задумак прэзыдэнта”.

“Мільён за “лахатрон” – карэспандэнтка “Белорусской газеты” Марына Гуляева ўзяла інтэрвію ў рэдактара газэты “Русская Америка” Аркадзя Мара і журналісткі Ірыны Халіп. Аркадзь Мар цалкам задаволены рашэньнем Кастрычніцкага суду Менску, згодна зь якім Ірына Халіп і “Белорусская деловая газета” павінны выплаціць яму 60 мільёнаў рублёў за маральную шкоду. Ірына Халіп па-ранейшаму застаецца пры сваім меркаваньні: “Спадара Мара проста выкарыстоўвалі”. Такім чынам, не прапусьціце сьвежы нумар “Белорусской газеты”.

“Белорусский рынок” у панядзелкавым нумары аналізуе вынікі комплексна-тактычных вучэньняў Узброеных сіл. На думку вайсковага аглядальніка газэты Аляксандра Алесіна, “кіраўніцтва краіны імкнецца выкарыстаць вайсковы патэнцыял краіны як рычаг для дасягненьня ўнутры- і зьнешнепалітычных мэтаў”.

“Мы сапраўдныя рабы, якіх выкарыстоўваюць па поўнай праграме. Гавораць пра нейкае рабства жанчын за мяжой. А мы тыя самыя рабыні, толькі ў сваёй дзяржаве”, сьцьвярджаюць працаўніцы пэрспэктыўнага беларуска-латвійскага прадпрыемства, якія атрымалі заробак у 20 тысяч рублёў. Пра тое, як іх давялі да ручкі, чытайце ў сьвежым нумары “Салідарнасьці”.

“Перасадка ў органах” – матэрыял з такім інтрыгуючым назовам друкуе “Витебский курьер”. Прыканцы мінулага году памочнік прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці Зянон Ломаць зрабіў такі кадравы прагноз: “Мы некага не далічымся ў шэрагах кіраўнікоў”. Як у ваду глядзеў – за тры месяцы зьмянілася ўжо пяцёра кіраўнікоў: Пастаўскага, Мёрскага, Аршанскага, Дубровенскага і Сеньненскага райвыканкамаў.

Палачане – лепшыя беларусазнаўцы, сьцьвярджае “Витебский курьер”. У Полацку завяршылася ХХІ рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове, у якой узялі ўдзел 122 чалавекі з 8 каманд. Такога посьпеху палачане яшчэ ніколі не мелі: шэсьць дзяўчат, якія прадстаўлялі Полацак, атрымалі пяць дыплёмаў і адну падзяку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG