Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя цікавяцца домам, дзе будзе жыць Юлія Несьцярэнка


Алег Супрунюк, Берасьце У Берасьці распачатая крымінальная справа, якая тычыцца будаўніцтва дому, дзе, сярод іншых, будзе мець кватэру чэмпіёнка апошняй Алімпіяды ў бегу на 100 мэтраў Юлія Несьцярэнка.

Крымінальная справа заведзеная пракуратурай Берасьцейскай вобласьці у адносінах да генэральнага дырэктара будаўнічай фірмы “Облик” Мікалая Клімука. Гэтая фірма вядомая ў Берасьці тым, што будуе новыя дамы павышанай камфортнасьці. Апошні такі дом узьведзены на вуліцы Халтурына.

Аднак у часе праверкі Камітэту дзяржаўнага кантролю высьветлілася, што кошты будаўніцтва элітнага жыльля завышаліся. Гэта сталася нагодай, каб пракуратура высунула супраць кіраўніка фірмы абвінавачваньне ў злоўжываньнях службовым становішчам.

Цікавасьць да гэтай справы абумоўленая тым, што ў новым доме атрымала кватэру і сям’я алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несьцярэнкі. Гэта ж сталася і прычынай, каб падрабязнасьці справы трымаліся ў сакрэце.

(Супрацоўнік пракуратуры: ) “Разумееце, мне тут пракурор казаў, каб увогуле прозьвішча Несьцярэнкі ня ўзгадвалася. У акце Камітэту дзяржкантролю шмат асобаў прысутнічаюць, у тым ліку і Несьцярэнка. Але ці варта выдзяляць яе?”

Паводле папярэдніх зьвестак, кіраўніцтва фірмы “Облик” амаль на 22 мільёны рублёў завысіла кошты будаўнічых работ. І гэта пры тым, што, напрыклад, грошы на кватэру для Юліі Несьцярэнкі былі выдаткаваныя зь дзяржаўнага бюджэту.

Варта дадаць, што пракуратура Берасьцейскай вобласьці працягвае расьсьледваць і іншыя гучныя справы апошняга часу, распачатыя, у прыватнасьці, у адносінах да былога старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Віталя Дзьмітраніцы і ягонай жонкі, а таксама ў дачыненьні да кіраўнікоў Берасьцейскага лікёра-гарэлачнага заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG