Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні сьвята 8 сакавіка польскія жанчыны ладзілі дэманстрацыю за свае правы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У пераважнай большасьці польскіх гарадоў ужо адзначылі 8 сакавіка – гэты дзень зьяўляецца там звычайным працоўным днём, таму жанчыны вырашылі перанесьці сьвяткаваньне на нядзелю. Як польскія кабеты сьвяткавалі Міжнародны жаночы дзень?

Сёлета сьвяткаваньне Міжнароднага жаночага дня ў Польшчы прайшло пад эканамічнымі лёзунгамі – полькі кажуць, што ім за аднолькавую з мужчынамі працу плацяць на 10 а часам нават 30% менш, чым мужчынам. Польскія жанчыны пратэставалі таксама супраць гэтак званай практыкі “ліпкай падлогі”, калі ім не даюць магчымасьці ісьці ўверх па кар’ернай лесьвіцы толькі з-за таго, што яны – жанчыны.

Прыкладам, у Варшаве ў дэманстрацыі ўзялі ўдзел каля тысячы жанчынаў. Прапаную паслухаць меркаваньні некаторых зь іх.

(Жанчыны: ) “Мы пратэстуем супраць парушэньняў правоў жанчынаў, бо правы жанчыны – гэта правы чалавека. Мы лічым, што жанчыны ў нашым грамадзтве дыскрымінаваныя”.

Сёлета ўпершыню сярод арганізатараў дэманстрацыі ў Варшаве аказаліся і арганізацыі, якія аб’ядноўваюць прадстаўніцаў сэксуальных меншасьцяў. Яны несьлі плякаты з лёзунгамі “Моцныя жанчыны – вольны сьвет”, “Патрыяхат памірае” ды іншыя.

А як улады ў Польшчы ставяцца да падобных дэманстрацыяў? Гарадзкім уладам, у прынцыпе, не застаецца нічога, як даць дазвол на мірную дэманстрацыю, а што да цэнтральных уладаў, дык сёлета разам з дэманстрантамі ішла віцэ-прэм’ер польскага ўраду Ізабэла Яруга-Навацка. Вось што яна сказала журналістам:

(Навацка: ) “Жанчыны зарабляюць значна менш, чым мужчыны. Кабеты маюць вельмі малыя шансы займаць вядучыя пазыцыі ў палітыцы. Трэба пратэставаць, калі нам не даюць гаварыць ва ўвесь голас”.

Напрыканцы адзначу, што дзень 8 сакавіка ўсяляк намагаюцца выкарыстаць гандлёвыя цэнтры, якія заахвочваюць мужчынаў купляць сваім каханым падарункі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG