Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя аглядальнікі расчараваныя тым, што Буш публічна не крытыкаваў Пуціна


Вольга Караткевіч, Прага Дэмакратычныя актывісты з 13 краінаў Усходняй Эўропы, якія ўзялі ўдзел у канфэрэнцыі напярэдадні сустрэчы Джорджа Буша і Ўладзіміра Пуціна, павіталі падтрымку Буша намаганьняў працэсаў дэмакратызацыі. Частка актывістаў мела магчымасьць сустрэцца з амэрыканскім прэзыдэнтам асабіста і яны гавораць, што былі ўражаныя перакананасьцю Буша ў пытаньні свабоды.

Некаторыя аглядальнікі выказалі расчараваньне тым, што Буш на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з Пуціным, публічна не раскрытыкаваў сучасную палітыку Расеі, якая адзначаецца згортваньнем дэмакратычных рэформаў.

Буш выкарыстаў прэс-канфэрэнцыю для таго, каб падкрэсьліць свой давер Пуціну. Але дэмакратычныя актывісты з Усходняе Эўропы, якія сустрэліся ў славацкай сталіцы, гавораць, што яны задаволеныя тым, як Джордж Буш сябе паводзіў. Група з 21-й асобы, якія прадстаўлялі 13 краінаў, улучна Беларусь, Грузію, Сэрбію, Малдову, Украіну, сустрэліся з амэрыканскім прэзыдэнтам, гэта было ўключана ў праграму візыту прэзыдэнта.

Чалавек, які дапамагаў арганізаваць гэтую сустрэчу – Павал Дэмеш, кіраўнік славацкай філіі амэрыкана-нямецкай фундацыі Маршала. Ён паведаміў Радыё Свабода, што рашэньне Буша сустрэцца зь вядомымі дэмакратычнымі дзеячамі рэгіёну перад ягоным выступам на плошчы ў Браціславе і перад сустрэчай з Пуціным – вельмі сымбалічнае.

Дэмеш называе гэтае рашэньне перакананасьцю Буша ў падтрымцы барацьбы за свабоду ва Ўсходняй Эўропе. Ён гаворыць, што сам сьпіс запрошаных дэманструе, што амэрыканскі прэзыдэнт разумее гістарычную значнасьць гэтай барацьбы. Сярод запрошаных былі і кіраўніца ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Гаворыць Павал Дэмеш:

(Дэмеш: ) “Буш хацеў сустрэцца зь людзьмі, якія ўсё сваё жыцьцё прадстаўляюць каштоўнасьці, якія ён спрабуе фармуляваць і тлумачыць. Я думаю, што гэтая ідэя паказвае, што змаганьне за дэмакратыю ў Эўропе гэта ня нешта такое, што мае месца цяпер толькі ў такіх краінах як Беларусь, Украіна ці Малдова, але гэта змаганьне за дэмакратыю мае традыцыю і будзе працягвацца ў будучыні”.

Паводле Дэмеша, Буш сказаў удзельнікам сустрэчы, што барацьба за дэмакратыю ў сьвеце яго галоўны прыярытэт.

У канфэрэнцыі напярэдадні сустрэчы Буша і Пуціна ўдзельнічаў і былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў, цяпер ён каардынатар ініцыятывы Хартыя-97. Вось як ён пракамэнтаваў вынікі браціслаўскай сустрэчы Буша і Пуціна:

(Саньнікаў: ) “Гэта тычыцца ня толькі Амэрыкі, гэта тычыцца і некаторых эўрапейскіх краінаў. Так, мы з гэтым сутыкаемся, гэта факт жыцьця. Мы разумеем, што асабліва ў дачыненьнях з Расеяй, багатых на прыродныя рэсурсы, гэтая рэальная палітыка – рэалпалітык – яна часта становіцца на першае месца, але гэта заўсёды мае нэгатыўныя наступствы. Гэта ня можа быць асновай доўгатэрміновых дачыненьняў”.

Радыё Свабода ўжо перадавала, што ў часе сустрэчы з Джорджам Бушам Ірына Красоўская, жонка зьніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, заклікала амэрыканскага прэзыдэнта паспрыяць высьвятленьню абставінаў зьнікненьня вядомых людзей у Беларусі. А выступаючы на плошчы ў Браціславе, Джордж Буш заявіў, што Беларусь прыйдзе да дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG