Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой мовай павінна размаўляць з выбаршчыкамі апазыцыя, каб дасягнуць посьпеху?


Уладзімер Глод, Менск Беларуская дэмакратычная апазыцыя цяпер актыўна шукае адзінага кандыдата на прэзыдэнты. Але складаецца ўражаньне, і пра гэта гавораць шараговыя сябры партыяў, што кожная выбарчая кампанія для апазыцыі чамусьці пачынаецца з паўтору адных і тых жа памылак. У прыватнасьці, яна да гэтага часу не гатовая размаўляць з выбаршчыкамі зразумелай ім мовай. Агітацыйныя матэрыялы апазыцыйных партыяў выглядаюць занадта мудрагелістымі і складанымі. Чаму так адбываецца?

У нядзелю я прысутнічаў на паседжаньні Нацыянальнага камітэту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая вылучала прэтэндэнта на адзінага кандыдата. І многія выступоўцы – як, напрыклад, Уладзімер Зьвернік зь Менскай вобласьці, спадар Аляксеенка з Віцебску, Іван Анташкевіч зь Менску ды іншыя – казалі пра тое, што дэмакратычным партыям неабходна перацягваць на свой бок сельскае насельніцтва. Маўляў, жыхары гарадоў ужо цяпер пераважна разумеюць выгоды рынкавай эканомікі і дэмакратызацыі. А вось сялянам гэта ўсё яшчэ трэба тлумачыць ды тлумачыць.

Але каб вяскоўцы лепш разумелі становішча ў краіне, зь імі трэба размаўляць зразумелай ім мовай, а гэтага пакуль не атрымліваецца. Маўляў, такія тэрміны як макра- ды мікраэканоміка незразумелыя калгасьнікам. І калі яны ня могуць зразумець шматлікія рэчы з улётак, дык і цікавасьць іх да апазыцыйных палітыкаў адразу губляецца. І пра гэта асабліва ўстрывожана казалі былыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія леташняй восеньню вылучаліся па сельскіх акругах. Вось меркаваньне Ўладзімера Зьверніка – актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аднаго зь лепшых трэнэраў плаваньня краіны:

(Зьвернік: ) “І гэтыя праблемы абавязкова ўзьнікнуць перад нашым адзіным кандыдатам. А ён будзе да гэтага не падрыхтаваны. Я вылучаўся ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у вельмі вялікай акрузе – сельскай 86-й. Гэта ўвесь Маладэчанскі раён, і значная частка Валожынскага. Гэта 532 населеных пункты. Я пабыў у большай палове. І людзі, калі яны на ўласныя вочы бачаць, што ў кандыдата ад дэмакратычных сілаў няма капытоў і рагоў, яны ідуць да нас з душою. Але, на жаль, прыгожая праграма “Пяцёркі +” у вёсцы амаль не працуе. А гэта будзе наш асноўны электарат. Яго больш за ўсё цікавяць тры пытаньні: жыльлёва-камунальная гаспадарка, працоўныя кантракты і пэнсіянэраў, зразумела, пэнсія”.

Чым тлумачаць адсутнасьць дыфэрэнцыяванага падыходу стваральнікі перадвыбарных матэрыялаў? Усе пагаджаюцца – для кожнай групы насельніцтва трэба рабіць асобныя ўлёткі. Тады яны будуць па-сапраўднаму закранаць патэнцыйных выбаршчыкаў. Але зрабіць так перашкаджае адсутнасьць грошай. Дый формы ўлётак падчас кампаніі абраньня дэпутатаў парлямэнту і прэзыдэнта мусяць даволі значна адрозьнівацца. Усе гэта разумеюць, але ж скардзяцца на адсутнасьць рэсурсаў і магчымасьцяў. Вось як тлумачыць сытуацыю кіраўнік плянава-аналітычнай групы Народнай кааліцыі “Пяцёрка+” Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Я магу сказаць шчыра: магчымасьці былі вельмі абмежаваныя пры кампаніі “Пяцёркі+”. Па сутнасьці адмысловых матэрыялаў для сельскага насельніцтва амаль не рабілася. Таму большая частка матэрыялаў, і гэта такі мінус, яны для самай шырокай мэтавай групы – для ўсіх. Ясна, што нейкая частка насельніцтва ў такіх выпадках будзе выпадаць. Але цяпер, калі кампанія ператвараецца з кампаніі сотні альбо дзьвюх кандыдатаў у кампанію адзінага нацыянальнага лідэра, канешне, прыйдзецца працаваць з рознымі групамі і на кожную групу вельмі канкрэтна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG