Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераход да накапляльнага прынцыпу ў беларускай пэнсійнай сыстэме пачнецца ў 2007 годзе


Юлія Шарова, Менск Памер максымальнай пэнсіі для звычайных пэнсіянэраў у Беларусі дасягнуў сёлета амаль 284 тысяч рублёў. Сярэдняя пэнсія цяпер складае 180 тысяч – гэта каля 90 даляраў. Пры гэтым краіна пакуль не адышла ад салідарнай пэнсійнай сыстэмы, якой незалежныя ды нават урадавыя экспэрты прадказваюць хуткі крызыс.

Наколькі ў наступным годзе ўзрастуць пэнсіі, і ад чаго будзе залежаць іхнае павелічэньне? Намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня пэнсійнага забесьпячэньня й сацыяльнага страхаваньня Міністэрства працы Натальля Мурашкевіч патлумачыла, што дакладны памер пэнсіяў у наступным годзе вызначыць пакуль немагчыма – ён будзе карэктавацца паступова, цягам году.

(Мурашкевіч: ) “Калі сярэдні заробак рабочых і служачых за квартал адносна такой самай велічыні, скарыстанай пры папярэднім пераразьліку, павялічыцца больш чым на 15 адсоткаў, мы зробім пераразьлік. Усё застаецца па-старому. Мінімальныя пэнсіі будуць карэктавацца чатыры разы на год, зыходзячы зь бюджэту пражытковага мінімуму. Калі бюджэт будзе стаяць на месцы, таксама ніякіх пераразьлікаў ня будзе, але як правіла мы чатыры разы на год хоць на дзьве капейкі, але падвышаем пэнсіі”.

Нагадаем, што ў наступным годзе сярэдні заробак па краіне, згодна з плянамі ўрада, павінен дасягнуць 250 даляраў у эквіваленце. Адпаведна мусяць падвысіцца й пэнсіі.

Сёлета Міністэрства працы падрыхтавала некалькі праектаў нарматыўных актаў, якія можна, напэўна, разглядаць як спробу рэфармаваньня пэнсійнай сыстэмы. Напрыклад, зьявіўся праект дэкрэту прэзыдэнта “Пра добраахвотнае сацыяльнае страхаваньне”. Праект прадугледжваў стварэньне нейкай дадатковай сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня, якая, аднак, будзе працаваць не паводле салідарнага, а накапляльнага прынцыпу. Ідэя палягае ў тым, што дзяржава стварае яшчэ адзін пэнсійны фонд і грошы, якія ў яго паступаюць, пускае ў абарачэньне, каб зь іх быў прыбытак.

Незалежныя экспэрты досыць скептычна на гэты праект глядзяць ды лічаць, што варта ўсё ж ствараць недзяржаўныя пэнсійныя фонды. Што да праекта закону пра прафэсійнае сацыяльнае страхаваньне, то ён прадугледжвае вывядзеньне пэнсіяў для людзей, што працуюць у шкодных умовах, з агульнай пэнсійнай сыстэмы. Наймальнікі папросту мусяць плаціць большыя страхавыя ўнёскі.

Пераход жа да накапляльнага прынцыпу ў Беларусі пачнецца ў 2007 годзе. Гэта паабяцала міністар працы Антаніна Морава. Зь ейных словаў, у 2007-2010 гг. краіна трапіць у чарговы дэмаграфічны крызыс. Ужо сёньня кожны чацьвёрты беларус – пэнсіянэр, і краіна будзе старэць і надалей. Аднак, хоць пэнсіянэраў более, пэнсійны ўзрост пакуль падвышацца ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG