Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе 12 мільёнаў беларускіх бюлетэняў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дзе знаходзяцца бюлетэні, якія скарысталі выбарнікі падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму? Ці магчыма пералічыць гэтыя бюлетэні й даказаць факты фальсыфікацыі, у якіх падазраюць уладу прадстаўнікі апазыцыі?

Калі пакласьці адзін на адзін больш за 12 мільёнаў бюлетэняў, якія былі надрукаваныя для мінулых парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, атрымаецца стос вышынёй амаль 2 кілямэтры. А дзе цяпер гэтыя бюлетэні й ці можна імі скарыстацца, каб праверыць чысьціню выбараў?

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік паведаміў Радыё Свабода пра далейшы лёс бюлетэняў:

(Лазавік: ) “Шэсьць месяцаў пасьля выбараў — і ідуць на макулятуру, але папярэдне іх трэба здрабніць”.

У парадку зьнішчэньня бюлетэняў не прадугледжаная прысутнасьць пры гэтай працэдуры незалежных назіральнікаў.

“Гэта і непатрэбна”, — лічыць сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік. Паводле яго, усе бюлетэні цяпер знаходзяцца ў райвыканкамах, а там працэс зьнішчэньня адпрацаваных папераў наладжаны. Ці яшчэ захоўваюцца бюлетэні, я праверыў у Савецкім райвыканкаме Менску. Супрацоўніца адміністрацыі адказала:

(Супрацоўніца: ) “Архіў выдзелены дзеля гэтага, і яны захоўваюцца там. Пакой апячатаны”.

Мая суразмоўніца, аднак, не назвала сябе і хутка скончыла размову. Ці ёсьць патрэба ў пераліку бюлетэняў, якія яшчэ ня зьнішчаныя ? Мікалай Лазавік патлумачыў, што гэта можа адбыцца толькі паводле рашэньня Цэнтарвыбаркаму — і з важкай прычыны. Прыкладам, калі ёсьць абгрунтаваныя падазрэньні ў недакладнасьці першага падліку. Пасьля гэтых выбараў такі паўторны пералік прызначаўся толькі на двух участках 26-й Аршанскай акругі. “На вынік гэта не паўплывала”, — паведаміў Мікалай Лазавік.

Рэжысэр Уладзімер Колас, які абіраўся ў Менску па 105-й акрузе і ў дэпутаты не прайшоў, зьвярнуўся ў Цэнтарвыбаркам са скаргай, але перападліку пакуль не дамогся.

(Колас: ) “Нават калі да гэта дойдзе, то мы перакананыя, што бюлетэні будуць падмененыя. Калі ўжо не падмененыя. А арганізаваць варту там мы ня ў стане”.

Пасьля рэфэрэндуму 1995 году, на якім вырашаўся лёс беларускай дзяржаўнай сымболікі й мовы, у розных месцах на звалках былі знойдзеныя стосы выкарыстаных бюлетэняў. Апазыцыя патрабавала расьсьледаваньня, ці не былі гэтыя бюлетэні ўкінутыя ў скрыні за выбаршчыкаў, але ўлады тады заявілі, што гэта проста невыкананьне інструкцыі аб здрабненьні бюлетэняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG