Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ад БНФ і АГП праводзяць сустрэчы з выбарцамі на вуліцах Менску


Альгерд Невяроўскі, Менск 2 кастрычніка ў Менску праходзіла шмат агітацыйных пікетаў і сустрэчаў з выбарцамі, якія праводзілі кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Найбольш актыўна іх праводзяць кандыдаты ад партыяў АГП і БНФ. На некаторых з гэтых сустрэчаў пабываў наш карэспандэнт.

Да выбараў засталося 15 дзён, і кандыдаты ў дэпутаты амаль увесь свой час праводзяць у акругах, дзе сустракаюцца з выбарцамі. У Менску кандыдаты ладзяць пікеты ў асноўным каля рынкаў, вялікіх унівэрсамаў ды ў іншых людных месцах. 2 кастрычніка ў Менску ладзілася некалькі дзясяткаў такіх сустрэчаў, пераважна апазыцыйнымі кандыдатамі ад БНФ і АГП.

Кандыдатка па Партызанскай выбарчай акрузе Людміла Гразнова арганізавала пікет на бульвары Трактарабудаўнікоў, дзе ў суботу быў наладжаны кірмаш. Каля невялічкага стэнду з выбарчай праграмай і біяграфіяй стаяла сама спадарыня Гразнова і некалькі яе давераных асобаў. Вось, што яна сказала ў інтэрвію Свабодзе:

(Гразнова: ) “Гэта адна зь нямногіх магчымасьцяў размаўляць зь людзьмі й дыскутаваць наконт балючых праблемаў. Гэта вельмі добра, таму што людзі знаёмяцца са мной, размаўляюць. Мой канкурэнт, кандыдат ад улады, ён зьбірае людзей у вялікіх залях, яму ўлада дае такія магчымасьці, мне не дае. Для мяне – вуліца”.

Людзі падыходзілі да кандыдаткі, задавалі пытаньні, бралі ўлёткі, знаёміліся з праграмай. Пераважная большасьць гэтых людзей ставіцца да спадарыні Гразновай прыхільна:

(Спадарыня: ) “Я ўжо даўно за яе, за гэтую жанчыну, даўно вызначылася на ёй. Ня ведаю чаму, яна мне сымпатычная”.

(Спадар: ) “Паглядзеў я на твар чалавека – ён просты, чалавек ідзе каб працаваць, каб жыць для народа”.

А кандыдат ад партыі БНФ па Старавіленскай акрузе Ўладзімер Колас у суботу сустракаўся з пэнсіянэрамі на бульвары Шаўчэнкі. Іх найбольш цікавілі камунальныя праблемы. Некаторыя выказвалі думку, што нікому ня ўдасца зьмяніць гэтую ўладу. Вось, што ім казаў спадар Колас:

(Колас: ) “У вас жа ўва ўсіх ёсьць дзеці, праўда, ёсьць унукі, вы пражылі гэтае жыцьцё – ну трэба ж думаць і пра іх, трэба думаць пра тое, каб яны пражылі гэтае жыцьцё лепш. А для гэтага трэба жыць так, як жывуць у іншых краінах, у нармальных”.

Падобныя сустрэчы з выбарцамі праводзілі й іншыя кандыдаты ад БНФ і АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG