Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўцы 300 прыватных маршрутных таксі ў Берасьці спынілі працу


Алег Супрунюк, Берасьце Яны цьвердзяць, што прадстаўнікі гарадзкіх уладаў і мясцовай падатковай інспэкцыі падманулі кіроўцаў, калі казалі, што ўсталяваньне касавых апаратаў не адаб’ецца на іхнай дзейнасьці.

Зранку прыблізна 300 маршрутных таксі, якія належаць берасьцейскім прыватным прадпрымальнікам, ня выправіліся ў рэйс. Да апошняга моманту кіроўцы чакалі пісьмовых тлумачэньняў з гарвыканкаму і абласной падатковай інспэкцыі наконт выкарыстаньня касавых апаратаў. Мець гэтыя апараты ўладальнікаў маршрутных таксовак забавязалі з 1 ліпеня. Ад кіроўцаў, якія гэта ўжо пасьпелі зрабіць, падатковая інспэкцыя патрабуе мець банкаўскі рахунак і рыхтавацца да рэгулярных справаздачаў.

Прадпрымальнікі папярэдзілі мясцовыя ўлады, што ня згодныя з гэтымі патрабаваньнямі й мусяць спыніць працу. У гарвыканкаме кіроўцаў запэўнілі, што ўсталяваньне касавых апаратаў не прынясе дадатковых выдаткаў. Але прадпрымальнікі ўжо выплачваюць фіксаваны падатак і лічаць, што новыя патрабаваньні абцяжараць іхную дзейнасьць. Гаворыць кіроўца Леанід Сех:

(Сех: ) “Мы не працуем, пакуль не атрымаем канкрэтнай паперы. Бяз гэтага працаваць бессэнсоўна. Колькі будзе працягвацца акцыя, пакуль ня ведаем. Мы заплацілі падатак, але гатовыя стаяць”.

Да берасьцейскіх кіроўцаў далучыліся некаторыя іхныя калегі, што супрацоўнічаюць з аўтавакзалам і абслугоўваюць прыгарадныя маршруты. Дырэктар аўтавакзалу Ўладзімер Фінцісаў наступным чынам камэнтуе рашэньне таксістаў:

(Фінцісаў: ) “Ня выйшлі, хай не выходзяць: на іхныя месцы заўтра знойдуцца іншыя. Мае меркаваньне такое: чаму павінны цярпець дзеці, тыя хто адпачывае, едзе да цягнікоў ці ў санаторыі? Таму калі кіроўцы лічаць патрэбным ладзіць нейкую акцыю, я трымаюся нэўтралітэту”.

На тэрмінова скліканай у Берасьцейскім гарвыканкаме адмысловай нарадзе акцыя кіроўцаў маршрутных таксі была названая палітычнай. Тым з таксістаў, хто зьбіраецца працягваць страйк, пагражаюць пазбавіць ліцэнзіі на перавозку пасажыраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG