Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чырвоны каптурок і шэры воўк” фармуе мацярок-адзіночак?


Сьвятланы Курс, Менск Амэрыканскія сацыёлягі са штатаў Ілінойс і Індыяна мяркуюць, што традыцыйныя народныя і літаратурныя казкі выпрацоўваюць у дзяцей заганныя сацыяльныя сцэнары. У гэтых творах, на думку спэцыялістаў, “столькі дыскрэдытаваных стэрэатыпаў, што яны ня менш шкодныя для дзіцяці, чым брудныя сэксуальныя сцэны ў відэакліпах”. Якія сацыяльныя, сямейныя й любоўныя сцэнары фармуюцца ў беларусаў пад уплывам чытаных і анімацыйных казак.

Карл Густаў Юнг лічыў, што казка уплывае на псыхіку дзіцяці, фармуе будучы сацыяльны сцэнар, паводле якога будзе жыць чалавек.

(Хлопчыкі й дзяўчаткі: ) “Я люблю казкі пра зьвяркоў”. “Я – пра львоў”. “А я – пра каханьне”.

(Карэспандэнтка: ) “А кім вы марыце стаць?”

(Хлопчыкі й дзяўчаткі: ) “Я вадзіцелем трамваяў”. “А я – прынцэсай”. “А я – настаўніцай”. “Я хачу таксама быць прынцэсай!” “А я хачу быць парсючком”. “А я – лісою”. “Я хачу стаць Бэтманам. Ён страляецца гранатамі і моцны”.

Выхавацелька Натальля Бялькевіч кажа:

(Бялькевіч: ) “Яны больш любяць прыгодніцкія казкі, дзе ёсьць мужныя ваяры й рыцары, а таксама прынцэсы”.

Якія казкі чыталі ў дзяцінстве вядомым асобам? Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян праявіў сябе як змагар з Захадам. У дзяцінстве яму чыталі беларускія народныя казкі.

(Касьцян: ) “Я – паляшук з Мазыршчыны. Кніжак тады, пасьля вайны, не выпускалі, але мае дзядуля й бабуля расказвалі мне беларускія народныя казкі, такія як “Пакацігарошак”, “Лёгкі хлеб”, “Васіль і Алена”. Я сам цяпер іх расказваю унукам”.

Заходніку Анатолю Лябедзьку казак у дзяцінстве ўвогуле не чыталі.

(Лябедзька: ) “Казак не чыталі, але мая бабуля чытала мне “Біблію”. Я памятаю Кнігу з маленства. У сьведамасьці малога дзіцяці яе вобразы набывалі фантастычны памер і афарбоўку. Цяпер, калі я перачытваю Біблію, я з хваляваньнем згадваю, якое ўражаньне яна рабіла на мяне тады. А сыну я перачытаў шафы дзьве народных казак, і беларускіх, і замежных”.

Сучасныя бацькі пераборліва падыходзяць да выбару казак і мульцікаў для дзяцей.

Ілона Саўка, перакладніца дыснэеўскіх мульцікаў на беларускую мову, мае дачку, чакае другое дзіця.

(Саўка: ) “Я люблю дыснэеўскія мульцікі, бо яны пазбаўленыя самахвальства й лабавой дыдактыкі. Ёсьць файная кніжка Людмілы Рублеўскай пра мышку Пік-пік. Гэта быў гіт нумар адзін. У нас дзіця больш глядзіць тэлевізар і гуляе ў кампутарныя гульні. Цяпер ёсьць канал “Fox Kids”. Там ёсьць мульцік “Жыцьцё з Луі”. Вельмі пэдагагічны мульцік, паказвае, як тата паводзіцца, мама й дзеці, навучае жыць у соцыюме”.

Зьміцер Вайцаховіч, выдавец, бацька дваіх малых дзяцей, расказвае пра зацікаўленьні шасьцігадовай дачкі.

(Вайцаховіч: ) “Яна любіць трылеры й баевікі з морам крыві. Мы забараняем ёй гэта глядзець, але часам ня ўсочыш, і яна ловіць свой кайф. А чытае ўвогуле ўсё пра прынцэсаў. Цяпер мы акурат у пошуках прынца”.

Шасьцігадовыя блізьняты Аліна й Глеб Хлябы любяць прыгодніцкія казкі. Апавядае іх тата, Ігар Хляба.

(Хляба: ) “Я набываю тое, што яшчэ за савецкім часам перакладзена на беларускую мову, – спадчыну замежных казачнікаў. Чытаў Якімовіча, ягоныя апрацоўкі народных казак”.

(Карэспандэнтка: ) “А сучасныя набыткі беларускіх казачнікаў – Людмілы Рублеўскай, Уладзімера Ягоўдзіка, “Чырвоную кнігу казак” Раісы Баравіковай набываеце?”

(Хляба: ) “Не, таму ня буду меркаваць пра іхную якасьць. Увогуле кніг беларускіх для дзяцей хапае, але задарагія. Мы набываем толькі на падарункі”.

Рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч сказаў, што самому яму чыталі ў дзяцінстве беларускія народныя казкі, пасьля ён сам іх чытаў дзецям. Спадар Сярэдзіч лічыць, што беларускіх аўтараў у кнігарнях малавата, усё больш расейскія казачнікі й фальклёр. Аднак у сапраўднасьці гэта не зусім так. Апошнім часам беларускія дзіцячыя кніжкі зьявіліся ў багатым асартымэнце, афармленьні, але й каштуюць дорага.

Вальжына Гардзейчык-Мазярска, чые дочкі Ганна і Агата жывуць у расейска-беларуска-польскамоўным асяродку Варшавы, чытае ім кнігі на трох мовах. Штогод яна прыяжджае ў Менск і скупляе ўсё, што бачыць у кнігарнях.

(Мазярска: ) “Казкі дачцэ я чытала ад нараджэньня, бо псыхолягі лічаць, што менавіта тады дзіця пачынае ўспрымаць найбольш. Чытаю ўсё, што найлепшага выдумала чалавецтва, на ўсіх трох даступных мовах”.

***

Сацыёляг Лі Граўэргольц з унівэрсытэту Пэрд’ю штату Індыяна і Лоры Бэйкер-Спэры з унівэрсытэту Заходняга Ілінойсу вывучылі 168 дзіцячых казак, у тым ліку 5 самых папулярных – “Папялушку”, “Беласьнежку і сем хохлікаў”, “Прыгажуню ў сонным лесе”, “Чырвоны каптурок”, “Ганс і Грэтэль”. “Амаль ува ўсіх зь іх гаварылася пра фізычную прывабнасьць, і ў кожнай пятай казцы панятак “непрыгожы” зьвязваўся з паняткам “ліхі”. Гэта моцнае псыхалягічнае ўзьдзеяньне, якое можа выклікаць комплексы ў дзяўчатак, бо яны адчуваюць, што не адпавядаюць грамадзкім уяўленьням пра ідэальную жанчыну”, – піша Лі Граўэргольц. Тэорыя выклікала буру пратэстаў іншых спэцыялістаў ува ўсім сьвеце. Але соцыяпсыхоляг Павал Урбановіч згаджаецца з амэрыканскімі калегамі.

(Урбановіч: ) “Я лічу, яны маюць рацыю. Ёсьць казкі, якія выпрацоўваюць у людзей устаноўкі не зусім адэкватныя”.

Самы ўспрыімлівы ўзрост – ад 4 да 6 год, у гэтым веку варта чытаць чароўныя й народныя казкі, якія апісваюць перамогу над цяжкасьцямі і атрыманьне славы, багацьця, любові. Але дзяўчатак часта арыентуюць на пасіўнае чаканьне.

Журналістка Натальля Кулінка дасьледуе стэрэатыпы ў беларускім грамадзтве. Яе думка наконт “комплексу прынцэсы”.

(Кулінка: ) “Праблема ня ў тым, што кепскія мужчыны-казачнікі ствараюць вобразы пакорлівых, маўклівых, добрых, прыгожых прынцэс. Праблема ў тым, што праз казачнікаў піша сама культура. Спачатку дзяўчынцы кажуць, што гэта так натуральна быць прыгожай, дагледжанай, міленькай, прывабнай. Размовы пра акуратнасьць пераходзяць у размовы пра прывабнасьць. У выніку дзяўчаткі ідуць у школу, а на іх кароткія спаднічкі, тонкія калготкі й абцасы. І гэта ў 20-градусны мароз! Паколькі культура – гэта абмен (мы мяняем штось на штось), то на матэрыяльныя каштоўнасьці яна мяняе сваю сэксуальнасьць і прыгажосьць. Але калі б ёй казалі, што ейная вартасьць як асобы ня толькі ў тым, каб быць добрай жонкай, маці й каханкай, але й прафэсіяналам, яна б разумела, што на матэрыяльныя каштоўнасьці можна памяняць адукацыю і розум”.

Казка – гэта спосаб перадаваць сабраную мудрасьць наступнаму пакаленьню. Але і памылкі, і стэрэатыпы казкі захоўваюць таксама.

Павал Урбановіч лічыць, што казка “Чырвоны Каптурок” прадукуе цэлыя ланцужкі мацярок-адзіночак.

(Урбановіч: ) “У казцы ўвогуле няма мужчын, акрамя Ваўка, які зьеў і быў пакараны. І ёсьць паляўнічыя, якія прыйшлі і ўсіх уратавалі. Карацей, мужчына можа быць або гнюсным зьвяругам, або мімалётным астэроідам – шух, праскочыў і зьнік. Карацей, бабуля жыве адна, маці жыве адна і Каптурык пайшла адна. Я яшчэ больш скажу: тут помста маці дачцэ за тое, што маці жыве адна. Жанчына пасылае дзяўчынку празь лес, дзе дакладна вядуцца ваўкі і не дае стрэльбы. Хутчэй за ўсё яе зьядуць. Потым маці зробіць сабе шоў на найбліжэйшыя дваццаць год: “Усе мужыкі – сволачы”.

(Карэспандэнтка: ) “А што наконт Беласьнежкі й сямі хохлікаў? Эрык Бэрн піша, што тут зашыфравана жыцьцё дзяўчыны – члена вулічнай тусоўкі: дзяўчына чакае, пакуль яе выратуе прынц”.

(Урбановіч:) “Той самы прынцып. Усе мужыкі кепскія. А вось прынц добры. Ён прыйдзе тады, калі я буду зусім унізе, зусім забітая. Але прынц сам ня прыйдзе ніколі. Яго трэба прывабіць неяк. Калі хочаш, каб побач з табою быў прынц альбо прынцэса, стань адпаведна прынцэсай або прынцам”.

Сямейнае жыцьцё – найгалоўнейшая каштоўнасьць у народнай сьведамасьці. Усе чароўныя казкі канчаліся вясельлем, і ніхто ня ведае, што было потым, калі, напрыклад, Папялушка стала прынцэсаю. Псыхоляг М. Андрэева лічыць, што сьціплая аматарка хатняй працы заняла месца побач зь дзіцячым пакоем, а прынц вярнуўся да паляваньняў, баляў і флірту.

Ці азначае гэта, што бацькі й выхавальнікі павінны адмовіцца ад старых казак і мульцікаў? Думка Алега Гулака, бацькі малой Дамінікі. Ён непакоіцца, што нашае грамадзтва імкнецца расьціць новых прынцэс.

(Гулак: ) “Я не магу сказаць, што ў школьным ці садковым курсе афіцыйна закладзена такое выхаваньне. Але ўся сыстэма каштоўнасьцяў у грамадзтве пабудаваная такім чынам. І настаўнікі, і выхавальнікі таксама з гэтага сыходзяць. Было б няправільна выключыць гэтыя казкі з ужываньня. Калі мы казкі расказваем, дарослы, разумны чалавек мог бы сказаць, што гэта раней так падыходзілі, а цяпер трэба інакш думаць”.

Закончыць варта думкаю памянёных амэрыканскіх псыхолягаў. Яны лічаць, што дзяцей да 7 год трэба прасіць перапісваць або пераказваць казкі так, каб канец зьмяняўся і быў заўжды непрадказальны. Гэта ж датычыць увогуле ўсіх дзяцей да 70 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG