Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пярхурава: “Каб мяне прынялі, крала б за мілую душу ў прэзыдэнта ля стала”


Віталь Сямашка, Пярхурава, Дзяржынскі раён Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

Колькі часу таму, якраз на 15-ю гадавіну існаваньня незалежнага міжнароднага “Беларускага фонду разьвіцьця культуры”, арганізатары і сябры вымушаныя былі публічна абвесьціць пра яго закрыцьцё з-за немагчымасьці працаваць. А гэта група бізнэсоўцаў-беларусаў, а таксама выхадцаў зь Беларусі, што жывуць у Амэрыцы, Расеі, Ізраілі.

У той жа дзень у кулюарах найчасьцей згадвалі як запасны аэрадром паміраючую вёскі Пярхурава, што ў Дзяржынскім раёне. Сюды, дзе ўжо адкрыўся парк прыгодаў “Крутагор’е”, мелася перанесьціся дзейнасьць фонду. Да гэтага часу нават на назву паселішча, дзе засталіся лічаныя жыхары, ужо шчасна забыліся — прынамсі, я не знайшоў вёскі ў самай падрабязнай карце для аўтамабілістаў. Так што Пярхурава мусіла зьведаць другое нараджэньне. Але пакуль мы на апошнім паседжаньні фонду.

(Хашчавацкі: ) “Я бачыў, як паступова ў фонду адрубалі ўсе адгалінаваньні. Вось быў “Альтэрнатыўны тэатар”, цудоўныя п’есы ставіў Грыгалюнас. Адабралі памяшканьне, будынак. Пачаў працаваць пры фондзе “Кляс-клюб”, празь які праходзілі гастролі беларускамоўных гуртоў і першыя “Рок-каранацыі”. Усе гэтыя ініцыятывы былі ацэненыя ўладай як шкодныя і некарысныя”.

Тлумачыць ініцыятар стварэньня фонду, вядомы рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі. Нават назву ў Міністэрстве юстыцыі панішчылі кавалкамі. Спачатку, паколькі ў сябрах фонду замежныя грамадзяне, адабралі, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, слова “беларускі”. Пасьля, паколькі грамадзкае аб’яднаньне, пазбавілі права займацца камэрцыйнай дзейнасьцю. Сёньня толькі ва ўспамінах засталіся нашумелыя арт-галерэя “Vita nova”, шматлікія тэле– й кінапраекты ці, скажам, гаспадарча-культурны комплекс у Дудутках Яўгена Будзінаса. Я пытаюся ў спадара Хашчавацкага:

(Карэспандэнт: ) “Юры, чаго ж так баяліся ўлады?”

(Хашчавацкі: ) “Культура паходзіць ад унутранай свабоды творцы. Свабоды, якую ўлады лічаць вельмі небясьпечнай. Як і любога чалавека, што свабодна думае, вольна жыве і зарабляе грошы. А ўжо калі зьбіраецца гурт такіх людзей, гасі сьвятло! Безумоўна, фонд меў складанасьці”.



Яшчэ год таму ў цяпер былога старшыні, мастака тэатру й кіно Міхаіла Зусмановіча ўзьнікла ідэя пераехаць у Пярхурава. З 1980-х тут дзейнічала беларуска-нямецкая кампанія з кідкай на той час назвай “Перабудова”. На пляцоўцы 9 гектараў можна было разьмясьціць у кемпінгу да 2 тысяч турыстаў, што ехалі транзытам з Эўропы ў Расею. Кампанія збанкрутавала, і доўгі час пляцоўка заставалася свабоднай. Вакол — куінджаўскі бярозавы гай, якім мы ідзем са спадаром Зусмановічам.

(Карэспандэнт: ) “Можна гаварыць, што былы “Беларускі міжнародны фонд разьвіцьця культуры” пераўтварыўся у парк прыгодаў “Крутагор’е”?”

(Зусмановіч: ) “Так, бо людзі, што дзейнічалі ў фондзе, амаль усе тут. Тут жа прадугледжваецца праводзіць пленэры, зьлёты. І для таго, чым фонд займаўся арганізацыйна, ён цяпер займеў пляцоўку — для ўсіх нас! У чым асалода гэтага парку — прапануйце гэта, тое — і ўсё тут пакладзецца. Мы падаем яго як парк сямейнага, экстрэмальнага, карпаратыўнага адпачынку. Ідэя зрабіць міністэрства дзяцей: на пляцоўцы “міністра” дзеці распавядаюць пра свае складанасьці, а ён зможа іх супакоіць. Было MTV Беларусі — давайце штотыдзень тэлепленэры праводзіць? Давайце!”

Падказку для назвы парку дала мінуўшчына. Да другой паловы ХІІ стагодзьдзя Крутагор’ем называлася цяперашняя Койданаўшчына. Этнограф Шпілеўскі ў свой час знайшоў паблізу ў згарэлай праваслаўнай царкве абраз з надпісам “Крутагор’е, 1146 год”. Ідэяй зацікавіліся расейскія бізнэсоўцы і цяпер фінансуюць праект. А таксама амэрыканцы, што набылі тут маёмасьць. Міхаіл кажа, што хутка ўзьнікне міжнароднае сумеснае прадпрыемства — арганізатары спадзяюцца, што гэта дасьць больш трывалыя, чым фонд, юрыдычныя гарантыі для дзейнасьці.

(Карэспандэнт: ) “Але гэта будзе новае жыцьцё старажытнага Крутагор’я ды вёскі Пярхурава?”

(Зусмановіч: ) “Так, я спадзяюся падняць Пярхурава сацыяльна, матэрыяльна. Яны ўжо прызвычаіліся, што тут нешта адбываецца — кэмпэры, замежнікі. Раней, аднак, не патрабавалася іхнай працоўнай сілы. Сёньня ёсьць структура, што можа абудзіць іх інтарэс да жыцьця”.

Для жыхароў мясцовых вёсак ды засьценкаў “Крутагор’е” ў пэрспэктыве забясьпечыць сотню працоўных месцаў. Цяпер тут трыццаць чалавек супрацоўнікаў з навакольных вёсак, Дзяржынску. Пачаў штодня хадзіць “рафік” на Менск. Сталічныя ж жыхары актыўна скупляюць пустыя хаты, будуюць лецішчы, якіх ужо тры дзясяткі.

(Зусмановіч: ) “Геаграфічна вельмі выгоднае месца — ад кальцавой шашы 18 кілямэтраў. Адзін з найвышэйшых пунктаў, за 300 мэтраў. Жадаеш узьняцца на самую высокую кропку Беларусі, падыміся ў нас на скаладром, што пабудавалі на 14 мэтраў”.

Супраць не выступае і раённая вэртыкаль — парк ужо дае добрую статыстыку пра ўдзел жыхароў у турысцкіх ды аздараўленчых мерапрыемствах. 57-гадовы электрык Уладзімер Каралёў працуе зь першага дня й апавядае пра першыя рэкорды наведвальнасьці.



(Каралёў: ) “Два тыдні, як былі кампутаршчыкі — 1200 чалавек, уяўляеце?! А жанчына ўзяла прыз, хто хутчэй узьбярэцца наверх, на 14 мэтраў. Ніводзін мужчына ня мог яе абагнаць. Мужчыны лезуць — сарваліся, вісяць на вяроўчынах. А яна, як котка, бегма наверх — усе прызы выйграла!”

Парк прыгодаў будуецца — і працуе пакуль збольшага на папярэднія заяўкі. У кафэ, што ўжо працуе, гутару з жыхаркай Пярхурава 56-гадовай Нінай Сьвірыдовіч (ейны муж таксама працуе тут, вартаўніком) ды заўгасам, пэнсіянэрам Іванам Ціханенкам.

(Сьвірыдовіч: ) “Алькаголікаў няма, хто іх тут будзе трымаць — дзяржаве, можа, трэба ўсякія”.

(Ціханенка: ) “У дзяржструктуры было спакайней: робіш, ня робіш — выходзь на працу. А тут людзей няшмат, але ўсе ўнівэрсальныя спэцыялісты — і ў сантэхніцы, сталярнай, сьлясарнай працы. Каб маглі й на трактары працаваць, і бэтон класьці. Нават ахова займаецца і ўборкай тэрыторыі, нарыхтоўкай дроваў, робяць усё, што трэба. І заробак большы!”

На апошнім паседжаньні Беларускага фонду разьвіцьця культуры гучала: “Бывай, фонд! Vivat, “Крутагор’е!” Што й падсумаваў усё той жа Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Улада ня можа, што да культуры, ні ў якім выпадку камандаваць ці кіраваць. Інакш будзем чуць толькі “Слухай бацьку!”, што “Сябры” сьпяваюць. Улада, як піла: пакуль не выключыш, ці бэнзін ня скончыцца, будзе пілаваць. Шмат трэба барацьбы, цярпеньня, сьмеласьці. Я перад гэтымі людзьмі здымаю шляпу, каб усё ў іх атрымалася!”

У пошуку апошніх трох тутэйшых даўгавечнікаў кружляю пасярод хаатычна раскіданых, пустых увосень трох дзясяткаў дамоў дачнікаў. Аж пры канцы сустракаю 74-гадовага Фабіяна Фабіянавіча Нагорскага. Ён ахвотна ўключыўся ў гаману.



(Нагорскі: ) “Ведаеш, і гора перажыўшы, і страшна было, і нясмачна — выжыў! І дзесяць душ у сем’ях было, і пяць, і сем. Калгас называўся “Фэліксон” — ад Фэлікса Эдмундавіча. Пасьвіў, каней вазіў, баранаваў. Во ідзе, Маньку яшчэ вядзе!.. Сядайце, сядайце тут”.

На пустой вуліцы сьвежага чалавека адразу відаць. Да мікрафона “Свабоды” падышлі 76-гадовая Марыя Паўлаўна Бурачэўская ды 82-гадовая Моніка Станіславаўна Варапай. Пачынаем разам аднаўляць трагічныя падзеі 30 студзеня 1943-га, што дагэтуль ляжаць у іх каменем на сэрцы. У той дзень карнікі расстралялі 120 жыхароў так званага Глухога Пярхурава, якое было за тры кілямэтры наўпрост ад месца, дзе мы сядзім. Між іншым, праўда аказваецца не зусім такая, што трыма радкамі пазначана ў кнізе “Памяць”: маўляў, “расстраляныя за сувязь з партызанамі”. “Некаторыя партызаны горшыя за немцаў былі!” — кажуць мае суразмоўцы.

(Бурачэўская: ) “Горшыя! Прыйдуць, апошнюю кароўку забяруць”.

(Варапай: ) “Цягнулі ўсё! Мяне нават пад сьценку ставілі, страляць хацелі. Я была сіратой, да дзядзькі прыехала шубу забіраць. А яе няма. Дык яны ў ток яго завялі й білі. Я стала крычаць, дык другія адратавалі”.

(Бурачэўская: ) “Перадалі ў нашае Пярхурава, што зь Дзяржынску едзе атрад карнікаў. Нашыя, хто дужэйшыя, у Глухое Пярхурава хавацца пайшлі. Там вялікая вёска была. А мы ў зямлянцы начавалі, тры дні сядзелі ў лесе”.

(Нагорскі: ) “Перш-наперш нямецкая разьведка вярхом ехала, а там бабы ў калодзежы ваду бралі: “Бандыты, партызаны ёсьць?” Каб яны паціснулі плячыма, што ня ведаем, ня бачылі… А яны зь немцамі пакуль тасуліліся, адзін партызан забраўся на гару з аўтаматам і, мусіць, дваіх забіў. Яны гэтых баб паласнулі ля калодзежа — справакавалі іх. І страляніна пайшла”.

(Бурачэўская: ) “Яны ўехалі зь сярэдзіны, узялі вёску ў кляшчы. Перш паб’юць, а потым палілі насьмерць”.

(Нагорскі: ) “У печ адна залезла, у комін. Хату падпалілі, дык яна праз акно і ў сьнег. А яшчэ адна была ў склепе, з аўтамата зьверху правялі, а яе не закранулі, была раненая. А адна была зь Пярхурава — нямецкую мову ведала. Дык зь імі ўсё гаварыла, кругом коміна круцілася. А немец ня ўважыў яе і застрэліў у хаце, дзе й згарэла. Адна абмерзла, але выжыла”.

Пасьля вайны на месцы былога Глухога Пярхурава так ніхто і не пасяліўся.

Цётак Марыю ды Моніку, дзядзьку Фабіяна прашу згадаць, як іх роднае Пярхурава, дзе жыло-такі за сотню чалавек, ператварылася ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя ў паміраючую вёску.

(Нагорскі: ) “Хто падпольна замуж ішоў, хто ў прымы, каб збавіцца ад калгасу”.

(Варапай: ) “70 сотак трэба было выкасіць — і рубель, больш не плацілася. А калі рубель — кол ставілі”.

(Бурачэўская: ) “А рублі нам сталі плаціць толькі ў 1956-м. А так на працадзень дадуць ці не дадуць кіляграм зерня. А каб далі, трэба было вырабіць 10—20 працаднёў. Вось і паадракаліся дзеці”.

Адмыслова ставіліся пярхураўцы й да сяброўства ў КПСС.



(Бурачэўская: ) “Калі ў партыі, можна ж было лепш скрасьці. Цяпер, каб мяне прынялі, крала б за мілую душу ў прэзыдэнта ля стала”. (Сьмяецца.)

(Карэспандэнт: ) “А чаму лепей было камуністам красьці?”

(Нагорскі: ) “Ня так ціснулі: на бюро выклічуць — і да трох раз. Не пасадзяць — выганяць. А простага пасадзяць. А перад перабудовай маладых сталі набіраць. Тыя паглядзелі — і ну яе, з гэтай партыяй!..”

А што мае героі думаюць пра сучаснасьць?

(Варапай: ) “Цяпер няблага. Да Лукашэнкі з аўталаўкай прыедзе нехта, купоны вырве для макароны на месяц. А ў Лукашэнкі колькі хочаш бяры — пэнсію ж дае, каб толькі не забраў!”

(Карэспандэнт: ) “А што спадар Фабіян скажа на гэты конт?”

(Нагорскі: ) “Ой, шмат, але лепей не гаварыць. Я за апазыцыю”. (Сьмяецца.)

(Кажуць разам: ) “Нічога не трымаем, бульбу вырошчваем. Куры толькі… Шкуры на двух нагах, але толькі зь пер’ем… Карова была, здаў, захварэла… Мо дзе аформілі б старую ў прастарэлы дом?!.. А я не хачу ў прастарэлы дом! Дзеці ў мяне неблагія, не павінна патрапіць”.

(Нагорскі: ) “А цяпер старыя людзі нікому не патрэбныя. Хай бы хто з райвыканкаму прыехаў, паглядзеў, мо гэты чалавек яшчэ хоча жыць, пабудаваць дапамаглі б што. Уладу, як пачуеш па радыё — добрая здаецца. А так яно ня ёсьць! Дырэктар саўгасу Драчынскі быў. Памерла мая жонка. Зьвярнуўся да яго, нават труны не прасіў, але дай машыну адвезьці. Кажа, купляй бэнзін, шукай кіроўцу! Такая гадасьць, ледзь ганебнымі словамі ня гналі”.

(Карэспандэнт: ) “А каб маладыя гады вярнуць, былі б гаспадарамі на сваёй зямлі?”

(Варапай: ) “Добра можна жыць, але няма каму рабіць”.

(Нагорскі: ) “Пярхурава ўжо не разбураць. І назва, паколькі нашчадкі жывуць, перайменаваць — не пераймянуюць! Нацыянальнасьць “пярхуравец” будзе, інакш трэба, каб зямля перакулілася дагары нагамі. Было і будзе!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG