Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатаевічы-Акцябар: радзіма Голды Мэір?


Зьміцер Бартосік, Хатаевічы, Лагойскі раён

У Лагойскім раёне, недалёка ад Плешчаніцаў, ёсьць немалое мястэчка Акцябар. Але калі вы паспрабуеце ўзяць аўтобусны квіток да гэтага самага Акцябра, у сталічнай касе вас не адразу зразумеюць. Назва гэтая вядомая толькі тапографам з геадэзістамі.

Рэдкі ў Беларусі выпадак, калі дадзеная бальшавікамі назва не прыжылася. І ўжо, бадай, не прыжывецца ніколі. Мінула 67 гадоў, як Акцябар беспасьпяхова спрабуе вытравіць з памяці местачкоўцаў спрадвечную назву. Бярэце білет да Хатаевічаў — якіх няма на мапе, але якія існуюць.

Хатаевічы адметныя ня толькі гэтым. Адразу за дарожным знакам з камуністычнаю назваю падарожніка чакаюць адвечныя прыкметы старога беларускага мястэчка. Невялікія зграбныя царква і касьцёл, пабудаваныя зусім нядаўна. Гаворыць дырэктар местачковай школы Ўладзімер Лагойчык.



(Лагойчык: ) “Гэта было мястэчка. Цікава тое, што дарога, якая ідзе зь Менску на Віцебск, яна раней ішла праз Хатаевічы. Даўгінаўскі тракт праз нашу мясцовасьць, праз нашую вёску. А другая дарога Барысаў—Ашмяны. Перакрыжаваньне. І тут вялікі кірмаш быў. Тут тры канфэсіі былі. Ад старых храмаў, якія існавалі тут да вайны, ні ад каталіцкага, ні ад праваслаўнага, ні ад габрэйскага наагул нічога не засталося.

Я ня памятаю, якая графіня, гавораць, што Тышкевіч, купіла арган. За 25 тысяч залатых рублёў. Уявеце сабе — калі карова каштавала 3 рублі. Лёс гэтага аргана невядомы. Ці то яго разабралі, ці то яго куды перанесьлі, ці то кануў у час пажару”.

А яшчэ спадар Уладзімер упэўнены, што ў Хатаевічах нарадзілася Голда Мэір.

(Лагойчык: ) “Ёй было гадоў пяць-шэсьць, калі яе бацькі пераехалі ў Пінск. Таму лічаць, што Голда Мэір нарадзілася ў Пінску. Трэба шукаць дакумэнты сынагогі, якая тут існавала. Можа, яны згарэлі дзе. Войнаў столькі прайшло, ды наагул”.



Хатаевічы радуюць вока — асабліва пасьля бэтонных сацыялістычных Плешчаніцаў. Бо ня ў кожнай вёсцы пабачыш стылёвыя, з чырвонай цэглы катэджы пад дахоўкаю. Ці, напрыклад, парк з гранітнымі валунамі. Альбо дзіўны, велічэзны драўляны будынак, упрыгожаны разьбой. Пра ягонае прызначэньне не адразу здагадаесься. Карчма — не карчма…

Прасьвяціла мяне былая настаўніца беларускай мовы Вера Казлоўская. Як высьветлілася, яшчэ год таму ў мястэчку дзейнічаў музэй. Пра адметнасьць сваёй вёскі апавядае спадарыня Вера.



(Вера: ) “Яна была імкнулася наперад, апярэджвала час. Некалі тут быў кіраўнік, тады быў саўгас, ён настолькі быў прагрэсіўны, настолькі дбаў пра сваіх людзей! Перабудова ў нас нічога не скранула. Яна зрабіла горш. Мне вельмі крыўдна за наш музэй. Я спакойна не магу на гэта глядзець. Будынак прыйшоў у заняпад, музэй перанесьлі ў школу. Гэта было багацьце нашай вёскі. Тут быў сабраны матэрыял і дакастрычніцкага жыцьця, і пасьля кастрычніка. Тут жылі імёны многіх дюдзей, каго ўжо няма, тут памяць захоўвалася. Гэта было сьвятое месца нашай вёскі. Ну, няма былых кіраўнкоў. Усё ідзе не да лепшага”.

Тое, што цяпер завецца аграгарадком, калісьці, яшчэ да перабудовы, было ўвасоблена ў жыцьцё хатаевіцкім кіраўніком Аляксандрам Пекартам. Рэшткі таго музэю знаходзяцца цяпер у школе. Сярод друкаваных тарашкевіцаю граматаў і прадметаў сялянскага побыту ўбачыў рэдкі экспанат 1940-х гадоў. Такога бачыць мне яшчэ не даводзілася. Драўляны фотапавелічальнік. Уладзімер Лагойчык патлумачыў мне прынцып гэтага ўнікальнага агрэгата.



(Лагойчык: ) “Адкрываецца. Туды кладзецца фотапапера на дно. Здымаецца крышка з фотаапарата. Сюды ўстаўляецца фотааб’ектыў. І выносіш проста на сонечнае сьвятло. Каб сонца туды патрапіла праз аб’ектыў фотаапарата. І пасьля хуценька назад у памяшканьне. Атрымліваецца фатаграфія — даволі някепскай якасьці. Гэта пасьляваенныя фатапавелічальнікі”.

Калі хатаевіцкія дзеці друкавалі фатаздымкі з дапамогаю гэтай драўлянай бочкі, Соф’я Чапкоўская, адна зь нямногіх карэнных жыхароў мястэчка, пасьпела некалькі разоў зірнуць у твар сьмерці. Яна ледзь не загінула 22 чэрвеня 1941 году.



(Чапкоўская: ) “З Заходняй Беларусі раскулачвалі кулакоў. Гналі іх канваеры цэлымі калёнамі. Я пасьвіла каровы. Гляджу — калёна людзей. Торбы наперад пачапляныя. Торбы боўтаюцца, як у якім кіно. І ў гэты час наляцелі тры нямецкія самалёты. Дык канваеры пачалі крычаць: “Лажыся!” А яны — разьбягацца. Хто ў пшаніцу, хто ў жыта. А яны па іх страляць. А кулі ляцелі ў мой бок. Цюў, цюў — каля мяне. Карова спудзілася й паляцела дамоў. Добра, што ў мяне не пацэлілі”.

Спадарыня Чапкоўская гаворыць па-нямецку. Веданьне мовы Гётэ й Шылера ня раз ратавала Соф’ю як у Беларусі, так і Аўстрыі, дзе ёй давялося працаваць у 1943-м. Дзякуючы гэтай мове ёй удалася выратаваць маленькага брата ад адпраўкі на рурскія шахты.

(Чапкоўская: )“Пан! Адпраў майго брата назад дамоў. Ён малы, хворы”. Ён пытаецца ў мяне: “Адкуль навучылася па-нямецку гаварыць, фройляйн?” І адправіў майго браціка назад”.

Беды колішняй пасьпяховай гаспадаркі пачаліся зь перабудовай. Мяняліся кіраўнікі. Мізарнелі заробкі. Моладзь зьбягала ў гарады, пакуль цяперашні кіраўнік Беларусі два гады таму не далучыў саўгас да фірмы “Белсувязьбуд”. Закупілі новую тэхніку, вырасьлі заробкі. Але радаваліся сяляне нядоўга. Бо заробкі за мінулыя два гады не растуць — адрозна ад цэнаў. Зрэшты, паслухаем трактарыста Мішу.

(Міша: ) “Людзі робяць ад васьмі да васьмі. І атрымліваюць 400 рублёў. Гэта не заробак. А ёсьць такі Ванька Жукоўскі на пагрузчыку — у дзьве зьмены на зярне і 300 тысяч. Уяві — дзень і ноч. І заробку няма. У каго чацьвёра-пяцёра дзяцей, гэта ня грошы ў наш час. І рабіць ад цямна да цямна і без выходных”.

Пакуль муж працуе на жніве, дваццацігадовая Алена шпацыруе па мястэчку з маленькім сынам.

(Алена: ) “Дамоў не будуюць, не даюць, таму людзі бягуць адсюль”.

(Карэспандэнт: ) “А муж дзе працуе?”

(Алена: ) “Таксама ў калгасе тут. Камбайнэрам”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі атрымлвіае?”

(Алена: ) “Летам 700—800. А зімой 200. Працы няма”.

(Карэспандэнт: ) “Вы за каго галасавалі на выбарах?”

(Алена: ) “За Лукашэнку. Таму што ён многа чаго для нас зрабіў. А другі прыйдзе, пачне па-новаму рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Будзеце рабіць яшчэ дзяцей?”

(Алена: ) “Канечне”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі?”

(Алена: ) “Колькі атрымаецца. Пакуль свайго дома не далі яшчэ”.

Ня ведаю, як у Алены будзе з жытлом, а вось з настаўнікам інфарматыкі яе будучым дзецям дакладна пашанцуе. Зьміцер — патомны гараджанін. Пераехаў сюды, на радзіму жонкі, з Гомелю.

(Зміцер: ) “Па першым часе, калі прыходзяць, кажуць: “Дзе будзем гуляць?” Я кажу: “Будзем гуляць. Гульня называецца матэматыка”. Схопліваюць тыя, у каго свой ёсьць кампутар. Калі раней, гадкоў шэсьць назад у аднаго-двух, дык цяпер у працэнтаў пяцідзесяці ёсьць свае”.

(Карэспандэнт: ) “Свае кампы?”

(Зьміцер: ) “Калі браць сябе, пачатак 1980-х гадоў — у нас не было кампутараў. Калі ў каго каляровы тэлевізар быў, гэта цуд вялікі. Вясковыя нашыя дзеці паступалі, атрымлівалі 286 балаў, і некаторыя зрабілі фурор. Гарадзкія намнога менш атрымалі ведаў. Чалавек, калі хоча атрымаць, ён атрымае. Калі ня хоча… Шыльда — гімназія, ці каледж, ці ліцэй, нічога ня зьменіцца. Калі дзіця хоча, яно будзе займацца”.

(Карэспандэнт: ) “Не шкадуеце, што пераехалі?”

(Зьміцер: ) “Я ніколі не шкадую, што ў вёску пераехаў. Хаця кажуць, во гарадзкі, мог бы забраць жонку і ў горадзе жыць. Калі рукі растуць з таго месца й галава думае, дык паўсюль можна выжыць”.

Але інфарматыкай школьная праграма сёньняшняга дня ў Хатаевічах не абмяжоўваецца. Знаёмая нам пэнсіянэрка Вера Казлоўская рыхтуецца сёлета выкладаць новы прадмет — духоўна-праваслаўную мараль. Як бы ня выйшаў з гэтай задумы рэлігійны канфлікт.

(Карэспандэнт: ) “А выкладаць вы будзеце й дзецям-каталікам?”

(Казлоўская: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А яны не бунтуюць?”

(Казлоўская: ) “Мы сьцьвярджаем, што мастацтва наша заснаванае на хрысьціянскай аснове. Незалежна ад каталікоў ці праваслаўных. Мне хочацца іх, каталікоў, пераканаць, што ісьцінная вера — праваслаўная. Каб яны змаглі бацькам сваім даказаць на аснове Эвангельля, гісторыі праваслаўя ў Беларусі. Ісьцінная вера будзе адна. Я б разьбіла лоб, каб пераканаць, што адна вера павінна быць. Ды яна й будзе адна”.

(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, хрысьціянін павінен удзельнічаць у палітычным жыцьці?”

(Казлоўская: ) “Вы знаеце, хрысьціянства і палітыка ідуць адзін аднаму ў лоб. Палітыка наша — гэта служэньне Захаду. Усяму прагрэсіўнаму і перадавому. А палітыка хрысьціянства — гэта міларэснасьць, гэта цярпімасьць. Гэта трыманьне на тым, што нам Бог падае. Гэта не імкненьне да прагрэсу, да амбіцыёзнасьцьі. Гэта не адсталасьць”.

Заўжды з задавальненьнем слухаю беларускую мову дзяцей — жывую, натуральную. Яшчэ ня вытручаную бээрэсэмамі й первымі каналамі. На ганку школы хлопчык гадоў васьмі паўтарае словы — поўнач, захад, поўдзень. Што гэта такое?

(Вучань: ) “Бакі гарызонта”.

(Карэспандэнт: ) “А што такое Поўнач?”

(Вучань: ) “Гэта дзе сонца заходзіць. Захад, гэта, дзе халодна”.

(Карэспандэнт: ) “А куды пасьля школы думаеш пайсьці?”

(Вучань: ) “Дальнабойшчыкам, у Беларусі. Я тут нарадзіўся. Тут мая радзіма”.

(Карэспандэнт: ) “А як называецца твая вёска?”

(Вучань: ) “Хатаевічы”.

Тое, што малец пераблытаў Захад з Поўначчу, не бяда. Вырасьце — разьбярэцца, дзе халадней, на Захадзе ці Ўсходзе. Абы не губляла сэнсу слова “радзіма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG