Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дазволены ўладамі пікет адбыўся толькі ў Берасьці


Іна Студзінская, Менск 30 верасьня па ўсёй Беларусі меркавалася правесьці шэраг пікетаў, якія мелі б падкрэсьлены сацыяльна-эканамічны характар. Было заяўлена 458 сацыяльных пікетаў у 60 гарадах. Пікеты былі дазволеныя толькі ў Берасьці і ў Наваградку. Як прайшлі дазволеныя акцыі?

Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў правесьці пікет у нядзелю з 15-й да 17-й на стадыёне “Лякаматыў”, хаця заяўнікі прасілі даць больш людныя месцы ў цэнтры гораду. Пра тое, як прайшоў пікет на стадыёне “Лякаматыў”, распавядае адзін з арганізатараў акцыі Леанід Майструк:

“Мы яшчэ раз пераканаліся, што ёсьць шмат у нас прыхільнікаў. Прыйшло каля сотні чалавек. Стэнды былі зь лёзунгамі: “Дзецям, інвалідам, студэнтам пэнсіянэрам – захаваньне сацыяльных гарантый!”, “Рукі прэч ад сацыяльных гарантыяў дзецям, студэнтам, пэнсіянэрам!” Да таго ж, зьбіралі подпісы. Людзі свабодна падыходзілі, цікавіліся – “аўганцы”, нават вязьні фашызму. Ніякіх эксцэсаў не было”.

Мерапрыемства праходзіла пад пільным наглядам праваахоўных органаў. Але паводзілі яны сябе надзвычай карэктна, кажа Леанід Майструк:

“Былі супрацоўнікі Маскоўскага РАУС, прыкладна 15 супрацоўнікаў, і з КГБ былі. Паводзілі сябе карэктна, ніякіх відэаздымак, прынамсі, бачных, заўважных не было. Узялі нашы газэты, цікавіліся зьместам: маўляў, “мы таксама пазбаўляемся некаторых ільготаў – таго ж бясплатнага праезду, калі гэты закон будзе прыняты, шасьці дзён да адпачынку пазбавімся”.

“Улады паступілі каварна, але для сябе выгодна”

А вось дазволены гарадзкімі ўладамі пікет у Наваградку не адбыўся. Распавядае грамадзкі актывіст Анатоль Іванчык:

“У тым месцы, дзе дазволілі пікет – там штосьці кшталту звалкі. Там пачынаюцца лецішчы, няма народу. То бок гэта ня горад, там пікеты няма сэнсу праводзіць. Другая прычына – арыштавалі ўвесь наклад газэты “Товарищ”. З пустымі рукамі выходзіць на пікет таксама няма сэнсу. А там Сацыяльнаму маршу ўвесь нумар прысьвечаны. Улады паступілі каварна, але для сябе выгодна”.

У некаторых гарадах, дзе правядзеньне пікетаў не дазволілі – Сьветлагорску, Мар’інай Горцы, Менску – міліцыя затрымала людзей, які распаўсюджвалі газэту “Товарищ” і ўлёткі.

Але паўсюдна збор подпісаў супраць прыняцьця новага закону “Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні” працягваецца. Подпісы мяркуецца перадаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, якія 2 кастрычніка зьбяруцца на чарговую сэсію.

Наступную масавую акцыю супраць адмены сацыяльных ільготаў – “Сацыяльны марш” – плянуецца правесьці 4 лістапада.

• А.Лябедзька: “Гэта самая лепшая акцыя апазыцыі” , 30.09.2007 • У рэгіёнах міліцыянты палявалі за ўлёткамі і газэтамі, 30.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG