Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: цяжкі шлях выхаду з крызісу


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Украінскі парлямэнт абмяркоўвае папраўкі ў выбарчае заканадаўства, якія дазволяць правесьці 30 верасьня датэрміновыя парлямэнцкія выбары. На два дні – 29 і 30 траўня – прэзыдэнт Віктар Юшчанка прыпыніў дзеяньне свайго ўказу аб роспуску Вярхоўнай рады і правядзеньні датэрміновых выбараў.

Палітычны крызіс ва Ўкраіне, які доўжыцца ўжо амаль два месяцы, дасягнуў апагею 26 траўня, калі, як паведамілі мэдыі, прэзыдэнт Віктар Юшчанка загадаў унутраным войскам увайсьці ў Кіеў. Напярэдадні Юшчанка сваім указам перападпарадкаваў сабе ўнутраныя войскі, які знаходзіліся пад камандаваньнем міністра ўнутраных справаў Васыля Цышко. Каб пазьбегнуць эскаляцыі напружанасьці, прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Віктар Януковіч селі за стол перамоваў.

На досьвітку 27 траўня ўкраінскае тэлебачаньне паказала, як прэзыдэнт, прэм’ер і сьпікер парлямэнту Аляксандар Мароз паціскаюць рукі і заяўляюць, што крызіс разьвязаны. Палітыкі дамовіліся пра кампрамісную дату датэрміновых выбараў – 30 верасьня.

І ўчора дэпутаты, улучна з апазыцыйным блёкам Юліі Цімашэнкі, які два месяцы ня ўдзельнічаў у працы парлямэнту, сабраліся на сэсію. Яны прынялі шэраг рашэньняў, якія ёсьць крокам для выхаду з сытуацыі. Галоўны зь іх – рэарганізацыя Цэнтральнай выбарчай камісіі. Папраўка дае права Вярхоўнай Радзе мяняць склад выбарчай камісіі на афіцыйную просьбу прэзыдэнта. Раней Юшчанка, Януковіч і Мароз, як паведамляецца, пагадзіліся, што ў склад камісіі будуць уваходзіць 15 чалавек, сямёра зь іх будзе прапаноўвацца кіроўчай кааліцыяй і сямёра – апазыцыяй, а кандыдатуру кіраўніка будуць разам прапаноўваць прэзыдэнт і прэм’ер.

Cёньня праца Рады была не такой простай

Увесь час працягваўся перапынак, бо фракцыі не маглі пераадолець шэраг разнагалосьсяў. Лёс паправак ставіцца ў залежнасьць ад лёсу Сьвятаслава Піскуна, якога прэзыдэнт Юшчанка сваім указам звольніў з пасады генэральнага пракурора. Кіроўчая кааліцыя хоча аднавіць Піскуна на пасадзе, Юшчанка не зьбіраецца адступаць. Прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч заклікаў прэзыдэнта Віктара Юшчанку даць парлямэнту яшчэ адзін дзень для разгляду паправак у выбарчае заканадаўства, каб правесьці датэрміновыя выбары 30 верасьня.

Для таго, каб выбары адбыліся 30 верасьня, Юшчанка павінен выдаць адпаведны ўказ не пазьней як 2 жніўня. Такім чынам, яшчэ ёсьць два месяцы, каб разьвязаць крызіс, не вызначаючы новай даты выбараў.

Калі Юшчанка даможацца свайго, дык гэта будуць ацэньваць як ягоную перамогу. Але, на думку назіральнікаў, наўрад ці гэтая перамога дасьць яму палітычныя дывідэнды. Праблема ў тым, што , паводле сацыялягічных апытаньняў, раскладка сілаў у новай Вярхоўнай радзе, стане аналягічнай цяперашняй. Прапарцыйная сыстэма выбараў ва Ўкраіне прывядзе да таго, што ў Вярхоўнай радзе будуць пераважна тыя ж самыя асобы.

Цяперашні стан справаў нагадвае ўстойлівы крызіс, а ня рух да заможнай і дэмакратычнай Украіны, якую абяцаў Юшчанка ў часе сваёй інаўгурацыі ў студзені 2005году.

• Ян Максімюк: “Украінцы стаміліся ад палітычнага крызісу”, 30.05.2007 • Палітычны крызіс ва Ўкраіне абвастрыўся”, 25.05.2007 • Юшчанка і Януковіч дамовіліся аб правядзеньні выбараў, 04.05.2007 • Віктар Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду, 02.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG