Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Welt: Нямеччына экстрадуе ў Румынію двух грамадзянаў Беларусі, якіх падазраюць у падрыхтоўцы дывэрсіяў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Затрыманых у Нямеччыне грамадзянаў Беларусі плянуюць экстрадаваць у Румынію. Там іх падазраюць у датычнасьці да падпалу індустрыяльнага парку ў Брашаве, дзе месьціцца зброевы завод Carfil.

Грамадзянаў Беларусі 39 і 50 гадоў з 7 кастрычніка трымаюць пад вартай у Нямеччыне. Як заявілі Welt у пракуратуры Мюнхэна, затрыманыя «на даручэньне замежнага ўраду або арганізацыі» мелі намер падпаліць будынак або аб’ект крытычнай інфраструктуры ў раёне Нюрнбэргу. Як сьцьвярджаецца, за выкананьне заданьня падазраваныя атрымалі ўзнагароду.

«Гэтае дзеяньне кваліфікуецца як змова з мэтай учыненьня падпалу ў сукупнасьці з агентурнай дзейнасьцю ў мэтах сабатажу», — цытуе выданьне паведамленьне пракуратуры.

У сярэднетэрміновай пэрспэктыве падазраваных плянуюць перадаць Румыніі. Там іх падазраюць у падпале індустрыяльнага парку ў горадзе Брашаў ўначы на 14 верасьня.

Што адбылося?

Румынская выведка ў панядзелак, 26 кастрычніка, заявіла пра выкрыцьцё кантраляванай Расеяй дывэрсійнай сеткі. Сетка, як мяркуецца, адказная за пажар на прамысловай пляцоўцы каля дзяржаўнай зброевай кампаніі.

Паводле зьвестак румынсіх спэцслужбаў, група падпаліла прамысловы аб’ект у цэнтральнай Румыніі ў верасьні. І тады ж пракуратура ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў Румыніі заяўляла, што патрабуе экстрадыцыі двух беларусаў, арыштаваных у Нямеччыне, а таксама ўкраінца, які пад арыштам у Польшчы.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну эўрапейскія краіны неаднаразова паведамлялі пра дывэрсіі, у арганізацыі якіх падазраюць расейскія спэцслужбы. Паводле зьвестак Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (IISS), у 2023–2024 гадах колькасьць такіх нападаў у Эўропе вырасла амаль у чатыры разы. Іх мішэнямі станавіліся транспартная і энэргетычная інфраструктура, склады і прадпрыемствы, зьвязаныя з пастаўкамі вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Хроніка рэзанансных інцыдэнтаў у Эўропе

2023 год. У Польшчы выкрылі агентурную сетку, якая працавала на расейскія спэцслужбы: назірала за чыгуначнымі маршрутамі і крытычнай інфраструктурай ды рыхтавала дывэрсіі.

Сакавік-2024. У Лёндане падпалілі склад з гуманітарнай дапамогай і абсталяваньнем Starlink для Ўкраіны.

Красавік-2024. Падпал будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве. Польская пракуратура назвала гэта актам сабатажу на замову расейскай выведкі. У Нямеччыне ў тым жа месяцы затрымалі двух нямецка-расейскіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дывэрсій.

Травень-2024. Падпал IKEA ў Вільні і гандлёвага цэнтру Marywilska ў Варшаве. Паводле сьледчых, за падапаламі стаіць арганізаваная сетка, створаная ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў. Тая ж сетка рыхтавала падпал IKEA ў Рызе, але выканаўцу затрымалі да нападу. У тым жа месяцы былі падпаленыя два склады будаўнічых матэрыялаў — у Варшаве і Радаме. Агенцыя ўнутранай бясьпекі заявіла, што выканаўца атрымліваў інструкцыі ад асобы, зьвязанай з расейскімі спэцслужбамі.

Ліпень-2024. У трох краінах Эўропы адбылася сэрыя ўзгараньняў пасылак з запальнымі прыладамі: у Ляйпцыгу, у грузавіку ў Польшчы і на складзе DHL у Бірмінгеме. Яшчэ адна прылада ў Польшчы не спрацавала». Паводле літоўскай пракуратуры, апэрацыю арганізоўвалі і каардынавалі грамадзяне Расеі, зьвязаныя з расейскай выведкай.

Лістапад-2025. На чыгунцы Варшава — Люблін, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.

Сьнежань-2025. Польшча зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.

2026 год

4 жніўня супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому. МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею.

14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.

15 жніўня. У Таліне падпалілі будынак эстонскай абароннай кампаніі Milrem Robotics, якая вырабляе вайсковыя рабатызаваныя сыстэмы. 29 верасьня эстонскі ўрад заявіў, што, паводле зьвестак службы ўнутранай бясьпекі, дывэрсію замовілі расейскія спэцслужбы. Выканаўцаў затрымалі.

21 жніўня стала вядома, што ў лесе пад Бэрлінам яшчэ год таму знайшлі схаваную зброю, якая магла прызначацца для расейскіх агентаў. Нямецкія спэцслужбы з таго часу назіралі за гэтым месцам, аднак за год па зброю ніхто не прыйшоў. Süddeutsche Zeitung піша, што ўвосень 2025 году ў Румыніі затрымалі падазраванага ў датычнасьці да арганізацыі гэтага схову.

25 жніўня на ўсходзе Славаччыны прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці дронаў. Затрыманыя трое замежнікаў.

31 жніўня у Польшчы адбыўся пажар на заводзе дронаў. Пракуратура ўсчала справу «паводле факту ўдзелу ў дзейнасьці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча і ўчыненьня злачынства тэрарыстычнага характару».

3 верасьня ў Мюнхэне адбылася спроба падпалу на будаўнічай пляцоўцы побач з штаб-кватэрамі кампаній Rohde & Schwarz і Helsing, якія працуюць у абароннай прамысловасьці. Паліцыя затрымала двух грамадзян Баўгарыі — мужчыну і жанчыну. Сьледчыя разглядаюць палітычны матыў.

14 верасьня ў румынскім Брашаве адбыўся пажар на прамысловай пляцоўцы побач з збройным заводам Carfil. 26 кастрычніка румынская выведка заявіла, што падпал арганізавала дывэрсійная сетка, якой кіравалі з Расеі. Падазраваных — дваіх грамадзян Беларусі і грамадзяніна Ўкраіны — затрымалі. Іх таксама падазраюць у падрыхтоўцы дывэрсіяў пад Нюрнбэргам.

23 верасьня непадалёк ад Варшавы падпалілі наземную станцыю спадарожнікавай сувязі Starlink. 9 кастрычніка падобны ж падпал учынілі каля сталіцы Баўгарыі. А 18 кастрычніка пра спробу падпалу прадпрыемства, дзе захоўваецца абсталяваньне для Starlink, заявілі ўлады Літвы.

Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG