Спроба падпалу правалілася, паведаміў прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус. Ён зьвязаў інцыдэнт з гібрыднай вайной Расеі супраць Эўропы.
Паводле Сінкявічуса, каля другой гадзіны ночы зламысьнікі спрабавалі падпаліць спадарожнікавыя антэны і блёк кіраваньня. На месцы знайшлі запальныя вадкасьці і ёмістасьці аб’ёмам ад трох да дзесяці літраў.
«Відавочна, што была спроба сабатажу або дывэрсіі, бо мы бачым, як падобныя дзеяньні паўтараюцца па ўсёй Эўропе. Відавочна, што гэта частка гібрыднай вайны Расеі з элемэнтамі дывэрсійнай дзейнасьці», — заявіў літоўскі прэм’ер.
Спэцслужбы Літвы загадзя папярэдзілі кампанію пра магчымы напад, пасьля чаго ахову аб’екта ўзмацнілі. Дзякуючы гэтаму спроба падпалу не ўдалася. Паводле Сінкявічуса, прадпрыемства забясьпечвае сувязь дзевяці спадарожнікавых антэнаў Starlink, якой карыстаецца Ўкраіна. Прэм’ер выказаў спадзяваньне, што падазраваных неўзабаве затрымаюць.
Падобныя інцыдэнты з абсталяваньнем Starlink раней адбываліся ў Польшчы і Баўгарыі. У канцы верасьня загарэлася наземная станцыя Starlink у Польшчы. Сьледзтва разглядае вэрсію дывэрсіі ў інтарэсах замежнай выведкі.
Літоўскія ўлады раней неаднаразова абвінавачвалі Расею ў гібрыдных атаках. Сярод іх — падпалы і спробы падпалаў прадпрыемстваў, зьвязаных з падтрымкай Украіны, адпраўка пасылак з запальнымі прыладамі, сачэньне за расейскімі апазыцыянэрамі ў Літве, кібэратакі і кампаніі дэзінфармацыі. У верасьні кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў пра выведныя зьвесткі, якія сьведчаць пра магчымую падрыхтоўку Расеяй больш інтэнсіўных апэрацыяў супраць краінаў усходняга флянгу NATO. Расея адмаўляе датычнасьць да гібрыдных апэрацыяў і падрыхтоўку агрэсіўных дзеяньняў супраць краінаў NATO.
Форум