Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дывэрсіі на тэрыторыі Румыніі падазраюць двух грамадзян Беларусі

Брашаў, Румынія
Брашаў, Румынія

Дывэрсійны чын адбыўся ў Брашаве, суд выдаў ордэры на арышт, і двух падазраваных у злачынстве затрымалі перад чарговай атакай.

Управа ў расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і тэрарызму ў Румыніі (DIICOT) пры інфармацыйнай падтрымцы Румынскай выведвальнай службы задакумэнтавала злачынную дзейнасьць трох замежных грамадзян, якія пражывалі ў краінах Эўразьвязу і, падобна, былі ўдзельнікамі дывэрсійнай сеткі.

У паведамленьні арганізацыя ўдакладніла, што мова пра двух грамадзян Беларусі і аднаго грамадзяніна Ўкраіны.

Расьсьледаваньне пачалося ў верасьні, калі на прамысловай плятформе ў муніцыпалітэце Брашаў, разьмешчанай у непасрэднай блізкасьці да кампаніі Carfil SA, даччынай кампаніі CN Romarm, пачаўся пажар, у выніку якога былі пашкоджаныя галоўныя сядзібы некалькіх камэрцыйных кампаній.

Пададзеныя расьсьледаваньнем доказы паказалі, што трое абвінавачаных, два грамадзяніны Беларусі і адзін — Украіны, датычныя да справы. Судзьдзі ў правах і свабодах Бухарэсцкага апэляцыйнага суду завочна выдалі эўрапейскія ордэры на арышт. Двое з абвінавачаных, дзякуючы міжнароднай супрацы, былі прэвэнтыўна арыштаваныя ў Нямеччыне, дзе рыхтаваліся да ўчыненьня падобных дзеяньняў.

26 кастрычніка 2026 году быў выдадзены трэці эўрапейскі ордэр на арышт на імя яшчэ аднаго абвінавачанага, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

Расьсьледаваньне ў справе аб спробе дывэрсіі працягваецца, цяпер румынскія ўлады працуюць адносна пытаньня экстрадыцыі абвінавачаных на тэрыторыю краіны.

З дакумэнтаў крымінальнага расьсьледаваньня вынікае, што трое абвінавачаных мелі іншыя заданьні на дывэрсіі ў Румыніі і іншых дзяржавах ЭЗ.

Дывэрсія на плятформе Брашаў, зазначае DIICOT, дапаўняе нядаўнюю сэрыю падобных падзей, зафіксаваных на тэрыторыі Румыніі, і ўзмацняе заклапочанасьць, зьвязаную зь бясьпекай прамысловых аб’ектаў і жыцьцёва важнай інфраструктуры.

Што гэта значыць?

Грамадзяне Беларусі і Ўкраіны ўжо ня першы раз фігуруюць у расьсьледаваньнях розных дывэрсій на тэрыторыі Эўразьвязу. Некалькі чалавек ужо асуджаныя, некалькі пад падазрэньнямі.

Часта эўрапейскія выведкі ў час расьсьледаваньняў выходзяць на расейскі сьлед. Менавіта расейская замежная выведка найчасьцей зацікаўленая ў дэстабілізацыі становішча ў Эўропе.

Гэтым разам румынская выведка ў паведамленьні ня згадвае Расею і інтарэсы Масквы. Але румынскі бок на цяперашнім этапе не расказвае пра шэраг падрабязнасьцяў справы.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG