Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія абвінаваціла Расею ў падпале заводу, які дапамагае тэхнікай Украіне

Кіраўнік эстонскага МЗС Маргус Цахкна
Кіраўнік эстонскага МЗС Маргус Цахкна

Улады Эстоніі заявілі, што за падпалам вытворчасьці абароннай кампаніі Milrem Robotics у Таліне, які адбыўся ў мінулым месяцы, стаяць расейскія спэцслужбы. У Крамлі назвалі абвінавачаньні беспадстаўнымі.

Прэм’ер-міністар Эстоніі Крыстэн Міхал заявіў, што будынак абароннай кампаніі Milrem Robotics, якая пастаўляе Ўкраіне вайсковыя бесьпілётныя наземныя машыны, быў падпалены на заказ расейскіх спэцслужбаў. Да такіх высноваў прыйшло сьледзтва, якое доўжылася ад часу падпалу, піша эстонскае выданьне Postimees.

Пажар у будынку абароннага прадпрыемства Milrem Robotics у Таліне адбыўся ў ноч на 15 жніўня.

Міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна заявіў, што інфармацыя, сабраная Службай унутранай бясьпекі краіны, дазваляе «з упэўненасьцю зрабіць выснову, што падпал быў актам дывэрсіі, зарганізаванай спэцслужбамі Расеі».

Кіраўнік Службы ўнутранай бясьпекі Эстоніі Марга Паласан заявіў тэлеканалу ERR, што Расея «пастаянна плянуе, шукае магчымасьцяў, спрабуе знайсьці людзей, якія б зьдзяйсьнялі напады». Паводле яго слоў, жнівеньскі падпал стаў першым пасьпяховым падобным нападам Расеі ў Эстоніі сёлета.

Затрыманьне падазраваных

Цахкна паведаміў, што падазраваных у падпале затрымалі. Паласан удакладніў, што гэта вхадцы з Латвіі, якія жылі ў Расеі і ўдзельнічалі ў нападах раней. Траіх падазраваных затрымалі ў Латвіі і на пачатку верасьня экстрадавалі ў Эстонію.

Па словах Цахкны, «гэты акт сабатажу зьяўляецца часткай больш шырокай кампаніі Расеі па ўсёй Эўропе, накіраванай на тое, каб запалохаць нас і аслабіць нашу падтрымку Ўкраіны».

Рэкцыя Расеі — адмова, NATO — заклік

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы заявы эстонскіх уладаў, назваў іх «галаслоўнымі, неабдуманымі, якія зусім не адлюстроўваюць рэчаіснасьці, не зьмяшчаюць хоць якой аргумэнтацыі».

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заклікаў эўрапейскія ўрады захоўваць спакой і працягваць падтрымку Ўкраіны.

«Расея працягвае сваю безразважную кампанію варожых дзеяньняў супраць NATO. Яна спрабуе саслабіць нашу рашучасьць і спыніць нашу падтрымку Ўкраіны. Але Расея цярпіць няўдачу. Яна зазнае няўдачы на полі бою ўва Ўкраіне і ня можа падарваць наша адзінства і падтрымку Ўкраіны», — сказаў Рутэ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG