Суразмоўца «ПіКу Свабоды» — дасьледнік гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, пісьменьнік, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Гаворым пра наступствы зьнішчэньня нацыянальнай эліты, беларускую культуру ў эміграцыі, захаваньне гістарычнай памяці ў таталітарнай дзяржаве, псыхалёгію карнікаў, пра паэтаў, якіх варта перачытаць сёньня.
«Калі ў садзе высякаюць самыя важныя дрэвы, пра які ўраджай можна гаварыць?»
— Аляксандар, што адбываецца з нацыяй, калі фізычна зьнішчаюць нацыянальную эліту? Ці тое, што мы маем цяпер у Беларусі, ёсьць у тым ліку вынікам Ночы расстраляных паэтаў?
— Ведаеце, у вашым пытаньні ўжо закладзены і адказ. Мы ведаем, што мінулае не мінае. Але гэта азначае, што не мінаюць і тыя лякуны, пустоты, якія былі ў ім утвораныя. Адзін з найвялікшых беларускіх будзіцеляў памяці Ўладзімер Караткевіч назваў свой раман «Каласы пад сярпом тваім». У самім рамане гэтая фраза гучыць крыху больш разгорнута: «Мы як трава, як каласы пад сярпом тваім». Калі траву скасіць, яна адрасьце налета. А калі мы гаворым пра нацыянальную эліту, то тут ідзе гаворка нават не пра лес, а пра сад. І калі ў садзе высякаюць самыя важныя, культываваныя, дарагія дрэвы, то пра які ўраджай можна гаварыць? Трэба шмат гадоў, каб новыя дрэвы вырасьлі і пачалі даваць плён.
Калі паглядзець на гісторыю 1930-х гадоў, то аднаўленьне беларускай культуры, стварэньне новай эліты прыпадае ўжо на наступнае пакаленьне. Іншымі словамі, гэтае новае пакаленьне, на жаль, вырастае на такой пустэчы. Калі казаць пра цяперашнюю Беларусь, то масава не расстрэльваюць, але рэпрэсіі сапраўды брутальныя, калі гаварыць пра найноўшую гісторыю краіны.
«Як толькі зьяўляецца хоць трохі свабоды, творчы патэнцыял пачынае праяўляцца»
— Што адбываецца з нацыянальнай элітай ва ўмовах рэпрэсіяў? З творцамі, якія апынуліся за мяжой, у вымушанай эміграцыі, або засталіся ў Беларусі, але жывуць ва ўнутранай эміграцыі?
— Гэта важнае пытаньне, але насамрэч гаворка ідзе пра некалькі розных працэсаў. Мы мала ведаем пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Можам толькі здагадвацца, што людзі, якіх мы лічым творцамі, працягваюць нешта ствараць. У Беларусі гістарычна ня вельмі добра атрымлівалася пісаць, як кажуць, у шуфляду, калі не было магчымасьці публікаваць творы. У параўнаньні зь некаторымі нашымі суседзямі ў нас засталося значна менш забароненых твораў, створаных у 1960–1970-я гады.
Магчыма, мы спадзяёмся, што творцы, асабліва таленавітыя, якія маюць патрэбу нешта сказаць, працягваюць пісаць і ствараць. Але мы ня ведаем, як на гэта ўплывае немагчымасьць апублікаваць свае творы нават на розных сацыяльных плятформах. А вось што тычыцца творчай эліты, якая апынулася ў эміграцыі, то насамрэч мы назіраем надзвычайны росквіт. Зьяўляюцца новыя зборнікі апавяданьняў, вершаў, раманы, аповесьці. Гэта ня можа ня ўражваць. Ідзе паўнавартасны нармальны літаратурны працэс — нават пры адсутнасьці масавага чытача. Зьяўляюцца новыя песьні, адбываюцца канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, працуюць мастакі.
Галоўная выснова ў тым, што як толькі зьяўляецца хоць трохі свабоды, адразу пачынае праяўляцца творчы патэнцыял эліты. Гэтая свабода ў эміграцыі, вядома, абмежаваная эканамічнымі ўмовамі, адсутнасьцю доступу да радзімы і шырокай аўдыторыі. Тым ня менш творчасьць разьвіваецца. Мы бачым фантастычныя літаратурныя фэстывалі, кірмашы, прэзэнтацыі, якія фактычна адбываюцца бесьперапынна. Нават жывучы ў Варшаве, Празе ці Бэрліне, часам ня ведаеш, куды пайсьці, бо розныя імпрэзы адбываюцца адначасова.
Гэтая няспыннасьць творчага працэсу, асабліва ў эміграцыі, — вельмі станоўчая зьява. У пэўным сэнсе гэта вынік таго, што дома немагчыма, а за мяжой становіцца магчымым. А што магчыма рабіць дома? Тую ж Ноч расстраляных паэтаў мы ня ўбачым у выглядзе публічных падзеяў, але я перакананы, што нешта адбываецца. Людзі на прыватным узроўні памятаюць гэтую дату.
«З памяцьцю нават у таталітарнай дзяржаве асабіста нічога нельга зрабіць»
— Ці магчыма захаваць памяць пра сталінскія рэпрэсіі і пра цяперашнія рэпрэсіі ва ўмовах таталітарнай сыстэмы, якая існуе цяпер у Беларусі?
— Ганна, у 2001 годзе, калі пачалося будаўніцтва дарогі праз Курапаты і мы пачалі працаваць з гэтай тэмай, вы асабіста больш за 200 разоў хадзілі на рэпартажы з абароны Курапатаў. Дарогу тады крыху пасунулі, але ўсё ж пабудавалі. Належным чынам, як мы ўсе хацелі, зрабіць не ўдалося. Увесь гэты час мы думалі, што трэба было больш настойваць. Тады я гаварыў з Васілём Быкавым пра зьнішчэньне памяці. Ён сказаў: «Ведаеце што? З Курапатамі нічога не адбудзецца». Ён меў на ўвазе, што можна нешта зрабіць з помнікамі, можна пабудаваць дарогу, але мінулае ўсё роўна ня зьнішчыць.
У гэтым сэнсе, што б людзі ні рабілі ў Ноч расстраляных паэтаў — адкрывалі кнігі, чыталі вершы, ставілі сьвечкі ў вокнах, — гэта можа быць проста напамінам. Але з памяцьцю нават у таталітарнай дзяржаве асабіста нічога нельга зрабіць. Іншая рэч — што можна зрабіць з грамадзкай памяцьцю і што можна зрабіць з будучымі пакаленьнямі.
Вось тут таталітарная дзяржава мае надзвычайныя інструмэнты. Гэта манумэнтальная прапаганда, помнікі, назвы вуліц, зьмест адукацыі, тое, што гаворыцца ў сродках масавай інфармацыі і мастацтве, што дазволена, а што забаронена. Гэта магутныя інструмэнты, здольныя, здаецца, амаль дашчэнту выцерці памяць цэлага пакаленьня. Але некалькі гадоў таму я займаўся тэмай, якая называецца палітыкай памяці, і мяне ўразіла адна рэч: вайна за памяць і супраць памяці — гэта агульначалавечы занятак.
Ня толькі ў таталітарных сыстэмах. У дэмакратычных Атэнах у Старажытнай Грэцыі быў прыняты закон, які забараняў узгадваць імёны і час кіраваньня Трыццаці тыранаў. Гэта быў ганебны пэрыяд рэпрэсіяў, і яго хацелі сьцерці з памяці. Ёсьць яшчэ больш старажытны прыклад. Я часам пытаюся ў сваіх студэнтаў, ці могуць яны назваць імёны трох эгіпэцкіх фараонаў. Звычайна называюць Тутанхамона, Хеопса. Але амаль ніхто не называе Харэмхеба.
Між тым гэта фараон, які прыйшоў да ўлады пасьля Тутанхамона і вырашыў сьцерці памяць пра яго. Імёны зьнішчалі нават на каменных калёнах, пахаваньне было забытае. На працягу тысячагодзьдзяў пра яго ведалі вельмі мала. Але пазьней Тутанхамон вярнуўся ў гісторыю. Для мяне гэта прыклад аптымізму. Яшчэ адна зьява, якая адбываецца цяпер, — людзі, якія прайшлі праз турмы і былі вымушаныя выехаць за мяжу, пачалі вельмі актыўна працаваць з памяцьцю. Выбух мэмуарыстыкі пра турэмны досьвед — надзвычайная зьява.
Вы памятаеце, як у 2011 годзе мы стварылі разам зь Беларускім ПЭН-цэнтрам прэмію імя Францішка Аляхновіча, каб адзначаць найлепшыя ўспаміны пра перажытае ў турмах, пра сучасны турэмны досьвед. Гэта прыклад таго, як можна фіксаваць памяць, разьвіваць яе, умацоўваць. Быў, здаецца, толькі адзін год, калі мы вырашылі нікому не прысуджаць прэмію, бо ў Беларусі не было палітычных вязьняў. Але паглядзіце, як моцна працуе памяць, якія выдатныя творы паэзіі і прозы зьяўляюцца. У гэтым сэнсе я не баюся за нашу памяць.
«Каб зь імі сталася тое, што яны рабілі з іншымі»
— Вы вельмі глыбока дасьледавалі ня толькі ахвяраў, але і карнікаў сталінскага часу. У кнізе «За кіпучай чэкісцкай работай» вы падавалі падрабязнасьці іхнага жыцьця, стану здароўя, псыхалягічнага і фізычнага стану. Цяпер мы даволі часта чуем пра сьмерць кіраўнікоў турмаў, іхных намесьнікаў, іншых сілавікоў. Многія паміраюць у адносна маладым узросьце. Калі параўноўваць сталінскіх карнікаў з тымі, хто чыніць гвалт у сучаснай Беларусі, — што адбываецца з чалавекам, для якога гвалт становіцца працай?
— У цэлым культурныя людзі жывуць даўжэй. Яны ведаюць, як правільна жыць, як даглядаць сябе — псыхалягічна, мэнтальна і фізіялягічна. Розьніца з сталінскім часам тут вось якая. Калі я знайшоў мэдычныя справы ўсіх гэтых супрацоўнікаў, якіх я называю курапацкімі карнікамі, то быў уражаны. Яны хадзілі і скардзіліся на боль у руках, бяссоньніцу, нейкія трызьненьні, пастаянныя праблемы з сэрцам. Я, вядома, зьвязваў гэта з характарам іхнай працы. Але рэч была ня толькі ў тым, што яны самі забівалі. Рэч у тым, што і іх забівалі пры Сталіну. Адна хваля рэпрэсіяў зьмяняла другую, і гэтыя людзі ведалі, што іх таксама могуць расстраляць. І расстрэльвалі — гэтаксама, як яны самі забівалі іншых.
Пры лукашэнкаўскім рэжыме сытуацыя іншая. Тых, хто чыніць рэпрэсіі, саміх не забіваюць. У іх няма такой небясьпекі, што тыран загадае зьнішчыць іх, а на іхнае месца прыйдзе новае маладое пакаленьне карнікаў. У гэтым сэнсе я хацеў бы прыгадаць словы адной маёй суразмоўніцы, бацьку якой закатавалі яшчэ за сталінскім часам. Яна сказала, што хоча толькі аднаго: каб зь імі сталася тое, што яны самі рабілі з іншымі. Калі ёсьць вышэйшая справядлівасьць, то большай і ня трэба. Гэтага дастаткова.
Форум