Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук: Радыё Свабода — там, дзе няма цемнаты


Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі зборніку «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Радыё Свабода», 15 сакавіка 2019
Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі зборніку «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Радыё Свабода», 15 сакавіка 2019

70 год таму ў Мюнхэне пачала вяшчаньне беларуская сэкцыя Радыё Вызваленьне (цяпер беларуская служба Радыё Свабода). На пытаньні пра мінулае і будучыню Радыё адказвае Аляксандар Лукашук, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода (1998–2023).

— Цяпер многія ў дэмакратычных сілах думаюць, што рабіць, калі ў Беларусі пачнуцца перамены, адкрыецца «акно магчымасьцяў». Вы працавалі на беларускай службе Радыё Свабода тры дзесяцігодзьдзі, прыйшлі на пачатку 90-х, на самым пачатку незалежнасьці Беларусі. Тое якраз была эпоха пераменаў. Як беларуская служба РС скарысталася тым «акном магчымасьцяў»?

— Любая гутарка пра журналістыку — гэта гутарка пра будучыню. Я ўпершыню прагучаў на Свабодзе як аўтар у 1990 годзе. Тады ж, у 1990-м, у Беларусі зьявілася песьня «Радыё Свабода». Гэта была рок-баляда гурту «Уліс».

Радыё Свабода,

Мы твае хвалі і подых.

Не пакіне нас надзея.

Там, дзе няма цемнаты,

Ведаюць нас.

Гэтая песьня містычная і загадкавая. З чаго яна зьявілася? Шмат гадоў пазьней аўтар словаў Фэлікс Аксёнцаў сказаў, што Радыё Свабода — гэта «як Боская ласка, як нірвана».

Калі адчынялася гэтае «акно магчымасьцяў», Радыё Свабода ўспрымалася як духоўны арыенцір, ідэал. З чаго ён складаўся? Па-першае, гэта была амэрыканская станцыя. Яна атаясамлялася з тым, што сабой уяўляла Амэрыка — пасьпяховая, заможная, вольная. Хацелася жыць, як у Амэрыцы, насіць джынсы, слухаць амэрыканскую музыку і глядзець амэрыканскія фільмы.

Па-другое, гэта антысавецкая і антыкамуністычная станцыя. У 80–90-я ішла барацьба з савецкім і камуністычным. І тут людзі, якія змагаюцца з гэтым злом, атрымліваюць вось такога саюзьніка.

І па-трэцяе, гэтая станцыя была на беларускай мове. Гэта быў час, калі нацыянальнае было вельмі запатрабаваным. БНФ, шматлікія грамадзкія арганізацыі, якія тады паўсталі — яны ўсе мелі нацыянальны характар. І вось гэтая трыадзінасьць спалучылася ў Радыё Свабода. Яго ня толькі слухалі, зь яго бралі прыклад. Многія журналісты — і на радыё, і ў газэтах — арыентаваліся на такі тып журналістыкі. Але для самой Свабоды «акно магчымасьцяў» у беларускім выпадку аказалася закалочаным. Радыё Свабода працягвала вяшчаць на кароткіх хвалях.

Нашыя перадатчыкі былі ў Партугаліі, у Гішпаніі, у Марока. Як дырэктар я шмат часу праводзіў за тым, каб выбіць лепшыя дыяпазоны. Хвалі мяняліся, была праблема, як паведаміць пра гэта слухачам. Беларусь аказалася адзінай краінай на эўрапейскай частцы тэрыторыі былога СССР, дзе Радыё Свабода ніколі ня мела ўнутранай рэтрансьляцыі.

У Расеі Барыс Ельцын прыняў указ, і Свабода была ўзаконеная, расейская служба атрымала частоты, дыяпазоны. Ва Ўкраіне дзясяткі радыёстанцыяў рэтрансьлявалі ўкраінскую службу РС, тое самае было ў Грузіі, у Малдове. У Беларусі — ніколі. У гэтым сэнсе «акно магчымасьцяў» адчыненае не было. І гэта не таму, што Радыё не старалася. Я нядаўна паглядзеў у архіве перапіску з Саветам міністраў Беларусі. Амаль падышлі да вырашэньня праблемы рэтрансьляцыі, але так ніколі і ня вырашылі. Выснова адсюль адна — нават калі ў цябе ёсьць выдатныя магчымасьці, калі ёсьць «акно магчымасьцяў», трэба ня даць яму ператварыцца ў замкнёныя дзьверы. Трэба ламіцца.

Сяргей Навумчык, Васіль Быкаў, Аляксандар Лукашук, Прага, сьнежань 2002
Сяргей Навумчык, Васіль Быкаў, Аляксандар Лукашук, Прага, сьнежань 2002

— Які самы яскравы ўспамін часоў вашай працы на Радыё Свабода? Чым вы ганарыцеся, зробленым на гэтай пасадзе?

— Каб адказаць, мне трэба ўзяць кнігу маіх успамінаў, якая неўзабаве выйдзе ў сьвет, і прачытаць яе цалкам у этэры. Дарэчы, назва «Там, дзе няма цемнаты. Радыё Свабода» — радок з прыгаданай песьні «Ўліса», які, у сваю чаргу, зьяўляецца спасылкай на раман Джорджа Оруэла «1984».

Але два прыклады я прывяду. Адзін — 2010 год, я быў у Менску. Мы вялі рэпартаж з прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні, які скончыўся маршам з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці, да Дому ўраду. Гэты пратэст скончыўся крывавым пабоішчам. Я вёў тады рэпартаж з плошчы Незалежнасьці для CNN. Ужо амаль усіх разагналі на плошчы. Я па-ангельску вяду рэпартаж у прамым этэры. Каля мяне стаяць два палкоўнікі, падбеглі і ня ведаюць, што рабіць. Ангельская мова, відаць, іх з толку зьбіла, і яны даволі ветліва дачакаліся, пакуль я скончыў. І тады яны мяне апошняга выштурхнулі з гэтай плошчы.

19 сьнежня 2010 году больш за 700 чалавек трапілі за краты, і выдатна спрацавалі беларускія праваабарончыя арганізацыі. Яны ўжо тады здолелі зафіксаваць імёны ўсіх, каго пасадзілі. Калі мы пабачылі гэты сьпіс, мы прынялі рашэньне замест нашай традыцыйнай навагодняй праграмы зладзіць чытаньне імёнаў і прозьвішчаў тых сямісот зьняволеных людзей, якія сустракалі і Каляды, і Новы год у турме. Мы папрасілі прачытаць іх імёны знакамітых людзей з усяго сьвету. У праграме бралі ўдзел міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу, сьвятары, музыкі, пісьменьнікі, былыя дысыдэнты. Адкрываў праграму былы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш, а сканчаў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. І аднаго, і другога запісваў я. Магу сказаць, што я вучыў беларускай мове прэзыдэнтаў ЗША і Чэхіі.

І другая гісторыя — гэта жнівень 2020 году. Я часам кажу сваім сябрам, што калі траплю ўжо на той сьвет і там сьвяты Пётра спытае, што я зрабіў, я спытаю яго, ці магу я ў адказ паказаць відэаролік. Дык вось я б паказаў там кароткае відэа, 1 мінута 5 сэкундаў, які нашая здымачная група зьняла ў Менску ў жніўні 2020 году перад будынкам Дзяржтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка. Сотні, можа тысячы людзей прыйшлі пратэставаць супраць хлусьні афіцыйнай прапаганды. І калі яны ўбачылі нашую здымачную групу з нашым лягатыпам, калі пазналі нашых вядучых, то спынілі скандаваньне «Ганьба!» і пачалі скандаваць «Радыё Свабода! Радыё Свабода! Радыё Свабода!». Калі я пераглядаю гэты запіс, бачу гэтых прыгожых, маладых, упэўненых, шчасьлівых людзей, якія стаяць на вуліцы Менску і скандуюць «Радыё Свабода» — гэта голас будучыні. Не магу глядзець гэтае відэа бязь сьлёз.

— Вы паказалі вашую новую кнігу. А дзе і калі яе можна будзе набыць?

— Беларуская служба Радыё Свабода адзначае сваё сямідзесяцігодзьдзе дваццатага траўня сёлета. У траўні выйдзе ў сьвет і мая кніга. Яе выдала маладое беларускае выдавецтва Vesna.eu, якое месьціцца ў Празе. Кнігу можна будзе замаўляць у гэтым выдавецтве па адрасе vesnabooks.eu.

— А якія складаныя рашэньні на пасадзе кіраўніка Службы вам даводзілася прымаць?

— У мэнэджмэнце ёсьць такая максыма: дырэктар, які адчувае асалоду ад таго, што ён звальняе людзей, ня можа быць дырэктарам, а мэнэджар, які ня можа звольніць чалавека, ня можа быць мэнэджарам. Самае цяжкае — гэта заўсёды такія сытуацыі зь людзьмі. Гэта калі гаварыць менавіта пра дырэктарскую працу.

Але калі гаварыць пра больш асабістае, дык была ў мяне аднойчы сытуацыя татальнай нявыкруткі, якая мусіла каштаваць мне і пасады дырэктара, і працы на Радыё Свабода. Гэта адбылося ў 2012 годзе. Я прыехаў у Менск і пабачыў, што на маю электронную пошту прыйшло паведамленьне, што адбылася дывэрсія ў менскім мэтро — нехта пасек электрычныя кабэлі, рух цягнікоў быў спынены. Подпіс, імя і пасада, інжынэр, усё па-беларуску. Я прыйшоў тады ў бюро РС і папрасіў праверыць, знайсьці другую крыніцу. Хутка знайшлі — адзін з кіраўнікоў мэтро, сусед нашага калегі па дому, неафіцыйна пацьвердзіў, што сапраўды нехта пасек кабэлі. І мы апублікавалі нататку, працытавалі допіс, але без імя інжынэра. У абед загадчыка бюро выклікалі ў КДБ. Загадчык бюро меў досьвед стасункаў зь сілавікамі і ніколі адразу ні на што не пагаджаўся. З КДБ сказалі, што тады самі прыедуць у бюро. Нарэшце ў канцы дня загадчык бюро пайшоў па выкліку. Увечары ён патэлефанаваў мне адтуль, кажа, КДБ патрабуе імя чалавека, што нам паведаміў пра дывэрсію ў мэтро. Інакш прыйдуць у бюро, забяруць усе кампутары і знойдуць, хто паслаў паведамленьне. Пагроза не была пустой. У Беларусі шмат у якіх НДА канфіскоўвалі абсталяваньне, нават на якім было напісана «маёмасьць амбасады ЗША ў Беларусі», і ніколі не вярталі. Я папрасіў калегу адказаць, што ня памятаю, ці быў допіс падпісаны, праверыць змагу заўтра раніцай, бо зараз у мэтро і сувязь перарвецца.

Я зьвязаўся тады з Вашынгтонам, з нашымі юрыстамі, расказаў сытуацыю, папрасіў парады, што рабіць. Там доўга абмяркоўвалі — пару гадзінаў — і ўжо ў 10 гадзінаў вечара сказалі — трэба назваць КДБ імя таго, хто даў інфармацыю. І абгрунтавалі — інфарматар паставіў подпіс, не прасіў схаваць сваё імя, мы яму гэтага не абяцалі, размова ідзе пра сапраўды грамадзкую небясьпеку. Паліцыя ва ўсім сьвеце будзе пільна шукаць таго, хто паведаміць пра дывэрсію, бо гэта можа быць і сам злачынца, ці гэты чалавек можа мець каштоўную інфармацыю. Такім было абгрунтаваньне рашэньня кіраўніцтва Радыё. Мяне прыціснула, як надмагільным камянём. Базавы прынцып амэрыканскай журналістыкі — не выдаваць крыніцаў. Для мяне асабіста было б абсалютна жахліва выдаваць крыніцу КДБ.

Я займаўся гісторыяй савецкага таталітарызму, пісаў кнігі, здымаў фільмы на гэтую тэму. І мне выдаць крыніцу інфармацыі гэтай «канторы» было б здрадай і прафэсіі, і самому сабе. Але калі я ня выканаю распараджэньне начальства, бюро будзе разгромленае, працаваць мы ня зможам, а мяне звольняць. А калі выдам крыніцу, то мушу звольніцца сам. Што ж я за дырэктар, калі выдаю свае крыніцы, што я за журналіст? Нявыкрутка. І тут я падумаў: а што, калі той чалавек сам пагодзіцца назвацца? Тады мне ня трэба яго выдаваць. Бюро ня будзе разгромлена. І я ліхаманкава пачаў гэтага чалавека шукаць. Праз знаёмых, праз Таварыства беларускай мовы — але набліжалася поўнач, ніхто ня ведаў. Я заснуў на пару гадзінаў, схапіўся а пятай і набраў даведачную тэлефонную службу.

Імя было распаўсюджанае, адрасу я ня ведаў, але ўгаварыў апэратарку даваць мне па адным нумары за званок (паслуга была платная). Пабудзіў некалькі чалавек, пачуў некалькі незадаволеных галасоў, пакуль адна жанчына не адказала, што не, гэты чалавек тут больш не жыве. Але дала нумар яго мабільнага тэлефона. Яшчэ не было 7-й раніцы, калі мы сустрэліся на далёкай станцыі мэтро. Я расказаў яму сытуацыю. Спытаўся, ці не пагодзіцца ён назвацца і даць нам інтэрвію для радыё пад сваім імем. Ён пагадзіўся. Я запісаў зь ім інтэрвію і даў яму параду: калі да яго прыйдуць — нічога не прыдумляць, распавесьці, што я яму патэлефанаваў, мы сустрэліся, ён даў інтэрвію. Сказаў — не старайцеся іх абыграць, яны больш спрактыкаваныя і зловяць на супярэчнасьцях (так потым і адбылося — інжынэра паўшчувалі за непатрыятычныя паводзіны і адчапіліся).

Мы зьнялі хуценька тэкст і недзе а палове дзявятай раніцы апублікавалі яго на сайце, з прозьвішчам інжынэра. А 9-й раніцы загадчыку бюро патэлефанавалі з КДБ: Мы чакаем адказу. А загадчык бюро адказвае: А вы б не чакалі, а пачыталі з раніцы наш сайт. З таго боку — доўгая паўза і зь ляскам кінутая слухаўка. Гэта была найлепшая паўза ў маім прафэсійным жыцьці.

— Вы выдатна ведалі беларускае эміграцыйнае асяродзьдзе. У ранейшыя гады — 50–80-я — на што спадзяваліся беларускія эмігранты адносна Беларусі? Народ у Беларусі паўстане і зрыне камунізм і ўладу Масквы? Сталін памрэ, ці Хрушчоў, ці Брэжнеў, і тады пачнуцца перамены? NATO пойдзе ў вызвольны паход і прынясе беларусам свабоду? Як уяўляўся шлях пераменаў?

— Вашае пытаньне з тым жа посьпехам можна было б адрасаваць і ўкраінскай эміграцыі, і расейскай, і грузінскай. У гэтым сэнсе ўсе збольшага былі на аднолькавай хвалі. Гэта была хваля антыкамунізму. Перш за ўсё перамены да лепшага зьвязваліся, зразумела, з крахам камунізму. У ядзернай вайне, у вызвольным паўстаньні, у эканамічным краху. У праўдзе пра яго жахлівую прыроду. Што лепш за ўсіх зрабіў Аляксандар Салжаніцын.

Але ў беларусаў была і свая асаблівасьць. Беларусы мелі вельмі моцнае гістарычнае апірышча, вельмі моцную плятформу — Беларускую Народную Рэспубліку. Гэтая спроба дэмакратычнага ўсталяваньня беларускай дзяржаўнасьці заставалася ў мінулым, але адначасна была вельмі канкрэтным ідэалам для будучыні. У гэтым сэнсе ўсё, што стваральнікі БНР спрабавалі рабіць, якія праграмы яны стваралі, заставалася плённым і дзейсным, і, у прынцыпе, яны ведалі, што рабіць.

Што тычыцца ўжо больш канкрэтнага, як менавіта прыйдуць перамены — я не памятаю кансэнсусу на гэтую тэму. Галоўныя сцэнары, якія вы пералічылі, яны і абмяркоўваліся ўвесь час — што людзі паўстануць, што тыраны памруць, што эканоміка лясьнецца. Але што прыйдзе чалец палітбюро, кадравы партыйны кіраўнік ЦК, прыме пэўныя рашэньні і ўсё разваліцца — такая вэрсія наагул не абмяркоўвалася. І эміграцыя, і людзі ўнутры сацыялістычнага лягеру ня надта ўяўлялі, як могуць адбыцца перамены.

— У беларускай апазыцыі, у новай беларускай эміграцыі былі і ёсьць папулярныя абмеркаваньні — хто з нас агент КДБ? Ці Лубянкі (расейскіх спэцслужбаў). Наколькі яны былі папулярныя на беларускай службе РС? Тое, што агенты камуністычных спэцслужбаў былі ўплішчаныя ў некаторыя падразьдзяленьні РС, вядома. Я не пытаюся, ці былі яны на беларускай службе, я пытаюся, наколькі горача і шырока ў радыйных колах абмяркоўвалася — хто з нас агент?

— Гэта агульначалавечая слабасьць — шукаць вонкавыя прычынай сваіх бедаў, таго, што рэчы не ідуць так, як ты хочаш. Трэба знайсьці вінаватага. Некалі знаходзілі вінаватых у вядзьмарках, знахарах, нейкіх містычных сілах. У 1994 годзе на Радыё Свабода (якое тады месьцілася ў Мюнхэне) выступаў Вадзім Бакацін — апошні кіраўнік КДБ СССР. Яму задавалі розныя пытаньні, акрамя таго, якое вісела ў паветры. Я падняў руку і спытаўся: колькі КДБ мела агентаў на Радыё Свабода і колькі маюць цяпер спэцслужбы Расеі? Цішыня ў залі. Бакацін адказаў: колькі было — ня ведаю, а зараз, здаецца, і няма. Можа, яму яго былыя падначаленыя не паведамлялі. Але напэўна калі б і ведаў, то мне б не адказаў.

Я рабіў дасьледаваньне, як працавалі спэцслужбы ў камуністычных краінах. Езьдзіў у Нюрнбэрг, дзе цяпер захоўваюцца архівы Штазі — КДБ Усходняй Нямеччыны. Іх у 1989 годзе, калі абрынуўся Бэрлінскі мур, супрацоўнікі Штазі спрабавалі зьнішчыць. Пусьцілі ў шрэдэры — машыны, якія рэжуць паперу. Але цалкам зьнішчыць не змаглі, і засталіся там сотні мяхоў, набітых гэтымі нарэзанымі дакумэнтамі. Потым у архіве ў Нюрнбэргу іх па лустачцы склейвалі і аднаўлялі. Я там спытаўся ў аднаго супрацоўніка, які дакумэнт было складаней за ўсё аднавіць. Ён адказаў — сьпіс сэксотаў. Яго парэзалі драбней за ўсё, на 40 кавалкаў. Для спэцслужбаў гэта заўсёды самы вялікі сакрэт.

Зразумела, любыя спэцслужбы засылаюць сваіх агентаў у варожыя ці важныя для ўлады асяродкі. І ня толькі. У СССР яшчэ ў часы, калі КДБ кіраваў Юры Андропаў, была распрацаваная адмысловая тактыка дыскрэдытацыі, правакаваньня звадаў і падазрэньняў. Выклікалі дысыдэнта X у КДБ дзеля праверкі дакумэнтаў. Ён выходзіў з будынку, а на час яго выхаду выклікалі іншага — Y. Гэты Y бачыў, што з КДБ з палёгкай выходзіць знаёмы яму X. Нічога зь ім там не адбылося — значыць, ён агент. І апраўдацца немагчыма, калі няма доступу ні да якіх дасье спэцслужбаў. Гэта вельмі пасьпяхова працавала ў СССР. Але і ў эміграцыйных асяродках таксама.

І таму — мае парады. Па-першае, не дадаваць кіслароду ў полымя чутак, а займацца сваёй справай. Спэцслужбы маюць на мэце, каб вы займаліся не сваімі справамі, а распаўсюдам чутак і падазрэньняў.

Па-другое, глядзець не на словы, а на справы, прычым на справы доўгатэрміновыя.

Ну і па-трэцяе, не падстаўляцца. Не даваць падставаў для кампрамату, сачыць за сваімі сродкамі сувязі. А калі кампрамат усё ж такі ёсьць, то пра яго трэба паведамляць, бо гэта адзіны спосаб вызваленьня.

Перагуляць спэцслужбы вельмі складана, калі наагул магчыма, але вы можаце ня даць ім магчымасьці ўплываць на вас. І ніколі не забывацца на прэзумпцыю невінаватасьці — гэта занадта важнае дасягненьне цывілізацыі, каб аддаваць яго на пацеху спэцслужбам.

— Беларуская служба РС адпавядае сваёй назьве, але разам з тым гэта амэрыканская ўстанова і ў фінансавым, і ў адміністрацыйным сэнсе. За гады працы на РС вам шмат даводзілася камунікаваць з амэрыканскімі палітыкамі, чыноўнікамі, адміністратарамі Радыё. Ці часта ў гэтай камунікацыі вы сутыкаліся з культурнымі адрозьненьнямі, усьведамлялі, што мы і яны — розныя?

— Я большую дыстанцыю адчуваў са сваім калегам Данчыкам. Не па прафэсійных і не па палітычных парамэтрах, а па сацыяльных і культурных, па тым, як Данчык глядзеў на сьвет і на працу. Таму што зь ім я нашмат больш часу правёў, чым зь любымі маімі суразмоўцамі ў Кангрэсе ЗША, у Дзярждэпартамэнце ці з кіраўніцтвам амэрыканскага замежнага вяшчаньня. З Данчыкам адчувалася іншае стаўленьне да жыцьця, да яго каштоўнасьці, да таго, што дапушчальна, а што не. У гэтым сэнсе было чаму павучыцца.

А што тычыцца камунікацыі з рознымі амэрыканскімі высокапастаўленымі асобамі — ад дзяржсакратаркі Кандалізы Райс да кіраўнікоў замежнага вяшчаньня — там ніякіх праблем камунікацыі ў нас не было. Я нарадзіўся ў Беларусі, большую частку жыцьця правёў у Беларусі. Гэта іначай фармуе твае навыкі. Ад некаторых трэба пазбаўляцца. Трэба было пазбаўляцца ад некаторых рэакцыяў, нешта, што табе падавалася нормай, не павінна быць нормай. Вось гэтаму трэба было вучыцца. І гэта ўвесь час працягвалася. Больш скажу — гэта і зараз яшчэ працягваецца.

— Што зьмянілася на беларускай службе РС за час вашай працы там?

— Пра тое, што зьмянілася, — якраз у маёй кнізе. Але ня менш важнае пытаньне, што засталося нязьменным. Бо яно больш адрасаванае ў будучыню. І я, канечне, вельмі ганаруся тым, што нязьменным застаецца — накірунак руху беларускай службы Радыё Свабода туды, дзе няма цемнаты.

— Пасьля падзеньня камунізму ў палітычных колах у Вашынгтоне неаднойчы гучалі прапановы, ці не зачыніць наагул Радыё. Былі падобныя ідэі і адносна Беларускай службы, прынамсі, яе памераў і фінансаваньня. Як бы вы адказалі на пытаньне — а навошта Амэрыцы Беларуская служба Радыё Свабода?

— Гэта пытаньне паўставала і будзе паўставаць увесь час. Амэрыканскае замежнае вяшчаньне — гэта дарагі падарунак усяму сьвету за грошы амэрыканцаў. Кангрэс бярэ гэтыя грошы з падаткаў. Выдаткоўвае іх на замежнае вяшчаньне на мовах іншых народаў, не пра Амэрыку, а пра жыцьцё там саміх слухачоў. А можна было б — на новыя дарогі ці масты ў сваёй краіне. Праблемаў у самой Амэрыцы хапае, і палітыкі ўвесь час будуць задаваць такія пытаньні. У 1993 годзе адзін сэнатар вылучыў 250 прапановаў, як можна скараціць выдаткі. Першая прапанова была — скараціць субсыдыі на вытворчасьць махеру. А пунктам два — закрыць Радыё Свабода.

Замежнае вяшчаньне ЗША — гэта акцыя салідарнасьці. Амэрыканская палітыка мае вельмі істотны ідэалістычны складнік. Савецкая, расейская прапаганда ўсяляк пляжылі і пляжаць гэтае вымярэньне амэрыканскай палітыкі, маўляў, ніякага клопату пра дэмакратыю і мараль у ёй няма, ёсьць толькі дбаньне пра свае інтарэсы. Насамрэч гэта ня так. Гэта рэальныя чыньнікі, якімі кіруюцца людзі ў Вашынгтоне, калі прымаюць рашэньні. Яны насамрэч працуюць і жывуць у іншай сыстэме каштоўнасьцяў, не такой, як тыя, што сядзяць у Крамлі ці ў адміністрацыі Лукашэнкі.

Я на пачатку нашай гутаркі прыгадаў песьню гурту «Ўліс» пра нашае Радыё — там ёсьць трохі загадкавыя словы «слухаюць нас, там, дзе няма цемнаты». Справа ў тым, што Радыё Свабода — гэта і канал зваротнай сувязі, вельмі важнай і вельмі істотнай. Амэрыканскія палітыкі, аналітыкі, інтэлектуалы бяз нас не атрымалі б той веды, якую яны атрымліваюць дзякуючы нам. Нашыя матэрыялы часта перадрукоўваюць у аўтарытэтных амэрыканскіх выданьнях. Я апублікаваў артыкул у часопісе, які выдае Джэф Гедмін (былы прэзыдэнт РС. — РС). У гэтым артыкуле я распавёў пра нашую працу і пра нашых зьняволеных. І гэтая зваротная сувязь стварае важны канал для прыняцьця кампэтэнтных рашэньняў па Беларусі. І гэта асабліва важна з улікам таго, што амбасады ЗША ў Беларусі зараз няма, сьцяг, які лунаў над амбасадай, спушчаны, амбасадара няма з 2008 году. І інфармацыя, вартая даверу, якую можна было атрымаць пра Беларусь і зь Беларусі — гэта была інфармацыя ад Радыё Свабода. Мы дапамагаем ня толькі ажыцьцяўляць ідэалы амэрыканскай палітыкі, але і фармаваць яе.

— Чаго вы пажадалі б Беларускай службе РС на наступныя гады?

— Я б пажадаў як мага хутчэй сустрэцца зь Ігарам Лосікам, нашым калегам, які атрымаў самы вялікі тэрмін зьняволеньня ў беларускай журналістыцы — 15 гадоў. Я б пажадаў дачакацца Андрэя Кузьнечыка — нашага калегі, які адбывае шасьцігадовы турэмны тэрмін. Я б пажадаў сустрэцца зь Ігарам Карнеем, яшчэ адным калегам, які таксама знаходзіцца за кратамі. Хачу абняцца і адсьвяткаваць іх перамогу. Самае галоўнае на Радыё Свабода — гэта людзі. Людзі на свабодзе.

Жывая гісторыя: 70 гадоў Беларускай службы Радыё Свабода

20 траўня 1954 году пачаліся беларускамоўныя перадачы Радыё Вызваленьне (пазьней — Радыё Свабода). Сёлета мы адзначаем 70-годзьдзе Беларускай службы і прапануем вам нізку гістарычных матэрыялаў.

«Гаворыць Радыё Вызваленьне...»

Гэта рэпрынтнае выданьне першага зборніка радыёперадач «з вольнага сьвету для суродзічаў», які «стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне» выйшаў у Мюнхэне у 1956 годзе.

Чытаць кнігу (PDF)

«Птушкі пералётныя». Успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік

Больш як сорак гадоў Галіна Руднік (1930–2017) аддала працы на Радыё Свабода. Сюды, у беларускую рэдакцыю яе рэкамэндаваў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Працавала яна і для ўкраінскай, і для рускай рэдакцый, адышоўшы на пэнсію у 1995 годзе. У 2011 годзе Свабода апублікавала ўспаміны Галіны Руднік.

«На хвалі Свабоды»

Цыкль перадачаў «На хвалі Свабоды» Сяргея Шупы, прысьвечаных гісторыі Радыё Свабода (1954–2013), якія гучалі на нашых хвалях у 2003, 2004, 2009 і 2014 гадах.

«Свабода бяз радыё: больш Свабоды»

30 красавіка 2019 году на сярэдняхвалевай частаце 1386 кГц апошні раз прагучаў наш сыгнал. Радыё Свабода пасьля амаль 65 гадоў штодзённага этэру канчаткова пакінула радыёхвалі.

І на закуску: рок-гіт ад гурту Ulis

У 1990 годзе паэт Фэлікс Аксёнцаў і лідэра гурта Ulis Вячаслаў Корань напісалі песьню «Радыё Свабода», якая ад часу свайго стварэньня стала гітом і гімнам пакаленьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG