Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Антонімы зла — свабода і любоў». Аляксандар Лукашук у Вільні прэзэнтаваў кнігу вершаў і тэкстаў пра літаратуру

Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі сваёй кнігі. Вільня, 21 траўня 2026 году
Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі сваёй кнігі. Вільня, 21 траўня 2026 году

21 траўня ў Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук прэзэнтаваў сваю кнігу вершаў і тэкстаў пра літаратуру «Незавершанасьць. Тонкая кніга».

«Кніга пачалася з прызнаньня ў любові», — сказаў Аляксандр Лукашук пра сваю новую кнігу падчас прэзэнтацыі.

Першая апісаная ў кнізе падзея была зьвязаная зь яго працай як журналіста падчас землятрусу ў Армэніі, у Сьпітаку, у 1988 годзе.

Там Лукашук нечакана для сябе стаў перакладнікам з францускай мовы для ратаўнікоў з Францыі. А потым зь ім пазнаёмілася перакладніца, якая, як пазьней выявілася, перакладала на францускую жывога Янку Купалу.

Кніга Аляксандра Лукашука
Кніга Аляксандра Лукашука

«Паэзія — гэта арганізацыя прысутнасьці любові», — кажа Аляксандр Лукашук.

У кнізе зьмешчаныя творы, напісаныя пачынаючы з 1979 году. Першы верш быў рэфлексіяй на няшчаснае каханьне. Апошні, напісаны ў 2026 годзе, называецца «Незавершанасьць».

«Выдаць першую кнігу пра любоў у 70 гадоў даволі сумнеўна», — прызнаўся аўтар і прачытаў некалькі вершаў, якія даказваюць, што з маладосьцю ён не разьвітваецца.

«Антонімы зла — свабода і любоў»,— перакананы аўтар.

Нямала старонак у кнізе — пра адкрыцьці Лукашука як дасьледніка гісторыі літаратуры. У кнізе згадваюцца паэты Францішак Багушэвіч, Ёсіф Бродзкі, Алесь Разанаў, Ларыса Геніюш...

Адварот кнігі Аляксандра Лукашука з прозьвішчамі літаратараў, якія ў ёй згадваюцца
Адварот кнігі Аляксандра Лукашука з прозьвішчамі літаратараў, якія ў ёй згадваюцца

Некалькі старонак прысьвечаныя творчасьці беларускага паэта Ўладзімера Хадыкі, які загінуў у 1940 годзе ў ГУЛАГу. Аўтар знайшоў сьляды невядомага верша Хадыкі. Лукашук, працуючы ў архіве, выявіў 5 ягоных вершаў у перакладзе расейскага паэта Арсенія Таркоўскага, зь якім быў знаёмы і сябраваў. Адзін зь вершаў захаваўся толькі ў перакладзе. У кнізе гэты верш зьмешчаны ў адваротным перакладзе Насты Кудасавай.

«Гэтыя вершы нічога не баяцца, толькі дыханьне спыняецца», — сказаў Лукашук пра твор Уладзімера Хадыкі ў перакладзе Кудасавай.

У кнізе таксама ёсьць вершы, які аўтар прысьвяціў вядомым сучасьнікам: праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, літаратару Сяргею Дубаўцу, мовазнаўцу Вінцуку Вячорку.

«Незавершанасьць. Тонкая кніга» — 15-я кніга Аляксандра Лукашука. Яна выйшла ў выдавецтве Kamunikat.org.

«Працую над перакладам слова свабода», — паўжартам адказаў аўтар на пытаньне пра 16-ю кнігу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG