Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Было толькі 20 вакансіяў на ўвесь Менск». У Беларусі ў разы вырасла канкурэнцыя за працу ў ІТ

Парк высокіх тэхналёгій у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Парк высокіх тэхналёгій у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Слухаць
8 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

У Горадзенскай вобласьці на адно месца ў ІТ прэтэндуюць больш за 100 чалавек, за год конкурс вырас утрая. Чаму спэцыялістам не хапае працы і з чым зьвязаны недахоп вакансіяў? Разьбіраемся.

У Беларусі ўсё цяжэй знайсьці працу ў ІТ. Згодна з статыстыкай сэрвісу вакансіяў і рэзюмэ rabota.by, цяпер у краіне на адно месца ў ІТ-сфэры прэтэндуюць больш за 30 чалавек. У некаторых вобласьцях сытуацыя яшчэ складанейшая. Напрыклад, у Горадзенскай вобласьці за адно месца змагаюцца 106 чалавек, за год конкурс вырас утрая. У Віцебскай вобласьці на адну пасаду ў ІТ прэтэндуюць 58 спэцыялістаў (год таму гэты паказьнік складаў 27), у Магілёўскай — 81,5 (год таму было 36), у Гомельскай — 89 (год таму было 35), у Берасьцейскай — 68 (год таму было 39).

Лепш сытуацыя выглядае ў Менску: 24 чалавекі на месца, а летась было 17. Гэта статыстыка аднаго папулярнага сэрвісу, які супаставіў колькасьць вакансіяў і рэзюмэ.

Сядзіба "Парка высокіх тэхналёгій" у Менску. Архіўнае фота
Сядзіба "Парка высокіх тэхналёгій" у Менску. Архіўнае фота

Міхаіл (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) паўтара месяца шукаў працу ў ІТ у Беларусі, маючы больш за 5 гадоў досьведу. На ягоную спэцыяльнасьць было толькі каля двух дзясяткаў вакансіяў на ўвесь Менск. Суразмоўца лічыць, што яму пашэнціла, бо іншыя калегі шукалі працу значна даўжэй: у адным выпадку гэта заняло год, у іншым — паўгоду.

«Цяжэй за ўсё тэставальнікам, дызайнэрам, бо кампаніі ўкараняюць штучны інтэлект. У маёй спэцыяльнасьці актуальных вакансіяў было каля 20, і палова зь іх вісіць год-два, то бок шукаюць ідэальнага кандыдата, і ім нармальна трымаць гэтую вакансію колькі заўгодна. Знаёмая, маючы досьвед 5 гадоў, ужо год шукае працу. Ёсьць некаторыя вакансіі з ІТ-спэцыфікай ад дзяржаўных кампаніяў. Калі я глядзеў вакансіі, дакладна шукалі такіх спэцыялістаў у „Гаррамаўтадар“ з заробкам ад 6000 рублёў. І такіх дзяржаўных кампаніяў шмат. Таксама ІТ-спэцыялістаў шукаюць банкі», — расказаў суразмоўца.

У агульнарэспубліканскай базе вакансіяў і рэзюмэ цяпер толькі 319 прапановаў працы для распрацоўнікаў. Напрыклад, інжынэру-праграмісту на БелАЗе абяцаюць 1200 рублёў.

У сетку крамаў «Дабраном» шукаюць распрацоўніка 1С. Тут заробак вышэйшы — 6000 рублёў.

Распрацоўніку ў кампаніі, якая займаецца суправаджэньнем бізнэсу ў галіне электроннай камэрцыі, абяцаюць да 12 000 рублёў.

У чым прычына дэфіцыту вакансіяў

Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці зь некалькімі людзьмі зь беларускай ІТ-сфэры, якія працуюць на кіроўных пасадах. Паводле іхных назіраньняў, дэфіцыт вакансіяў сапраўды ёсьць, і гэта зьвязана зь некалькімі фактарамі. Найперш з тым, што «зь Беларусі сышлі шмат буйных гульцоў рынку», якія «ня хочуць працаваць зь беларусамі знутры краіны праз санкцыі». Таксама новыя ўмовы стварае выкарыстаньне штучнага інтэлекту.

Лукашэнка наведвае офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі тагачасны кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі. Архіўнае фота
Лукашэнка наведвае офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі тагачасны кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі. Архіўнае фота

«Калі раней у камандзе трэба было 40-50 чалавек для нейкага праекту, то цяпер дастаткова 10, а іншыя бяз працы. Шмат ІТ-спэцыялістаў зьехалі з Беларусі пасьля 2020 году. Аднак за гэты час шмат зьявілася новых, і ім трэба недзе працаваць», — расказаў адзін з суразмоўцаў.

Ён удакладніў, што найперш названыя праблемы крануліся аўтсорсінгавых кампаніяў, якія працуюць над праектамі на замову. Такіх у Беларусі традыцыйна была большасьць. Прадуктовыя кампаніі, якія робяць нейкае сваё праграмнае забесьпячэньне, менш адчулі на сабе гэтыя праблемы.

Таксама, з словаў суразмоўцаў, для супрацоўнікаў стала менш бонусаў, якія існавалі раней: радзей падымаюць заробак, менш шанцаў утрымацца ў кампаніі ў паўзах паміж пошукам праектаў.

Вымушаная пераарыентацыя

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна зьвяртае ўвагу яшчэ і на тое, што беларускім кампаніям давялося пераарыентавацца на рынкі СНД і азіяцкіх краін, дзе ёсьць свая канкурэнцыя. Таксама ёсьць канкурэнцыя сярод спэцыялістаў у Беларусі, бо працу тут шукаюць ня толькі беларусы.

«Працадаўцы менш зацікаўленыя ў пачаткоўцах. У цэлым кампаніі імкнуцца аптымізаваць свае працэсы, наймаць менш супрацоўнікаў, але пры гэтым не зьніжаць аб’ёмаў працы і працягваць дзейнасьць з залучэньнем і выкарыстаньнем тэхналёгіяў штучнага інтэлекту. Гэта назіраецца ўва ўсім сьвеце. Для Беларусі ў значнай ступені абмежаваныя магчымасьці працаваць на высокамаржынальных рынках Эўропы і ЗША. Таму гэтыя ж кампаніі мусілі пераарыентавацца на рынкі краін СНД і азіяцкіх рэгіёнаў. Па-першае, сама пераарыентацыя, пошук новых кліентаў і партнэраў патрабуюць дадатковых выдаткаў. Другі момант — на гэтых рынках таксама ёсьць свае IT-структуры і IT-кампаніі, якія, безумоўна, ствараюць канкурэнцыю беларускім кампаніям», — заўважае суразмоўца.

Некалькі гадоў запар Беларусь апускаецца ва ўсясьветным рэйтынгу інавацыйнага разьвіцьця (Global Innovation Index 2026). Цяпер яна займае ў ім 88-е месца з 139 магчымых і знаходзіцца паміж Ямайкай і Дамініканскай Рэспублікай. А ў 2020 годзе ў гэтым жа рэйтынгу Беларусь знаходзілася на 64-й пазыцыі. Рэйтынг складае Ўсясьветная арганізацыя інтэлектуальнай ўласьнасьці (WIPO), спэцыялізаваная ўстанова ААН. Укладальнікі рэйтынгу ўлічваюць, наколькі добра краіны ствараюць умовы для інавацыяў і ператвараюць навуковыя, тэхналягічныя і творчыя распрацоўкі ў рэальныя вынікі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG