Паводле зьвестках Белстату, прамысловая вытворчасць у Менску ў студзені -- жніўні 2026 году зьнізілася на 4,6 працэнта ў параўнаньні з пачаткам году.
Паказчыкі Менска працягваюць пагаршацца – у студзені – ліпені прамысловая вытворчасьць Менска зьнізілася на 4 працэнты.
Прамысловая вытворчасьць Менска складала ў ліпені 16,3% ад агульнай прамысловай вытворчасьці ў Беларусі. Прамысловая вытворчасьць агулам у краіне ўзьнялася на 0,2% з пачатку году, коштам найперш Віцебскай вобласьці, якая мае на сваёй тэрыторыі НПЗ, прадукцыя якога рэзка падаражэла з-за ўкраінскіх удараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах. За месяц прамысловая вытворчасьць Віцебскай вобласьці вырасла на 0,8 працэнтнага пункта.
Што ж тычыцца Менска, то яго прамысловасьць зьвязаная з машынабудаваньнем і электронікай. Падрабязную статыстыку па галінах прамысловасьці Белстат даўно не прадстаўляе, але тэндэнцыя на скарачэньне прамысловасьці Менска відавочная, стан прадпрыемстваў гораду, які лічыцца «лякаматывам» беларускай эканомікі, значна пагоршыўся.
Рухавікамі росту менскай эканомікі застаюцца гандаль і ІТ-індустрыя.
Разам з тым у Менску найвышэйшыя ў краіне заробкі. Па вынікам паўгодзьдзя сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі склала 2924 рублі, а ў Менску — 3879 рублёў.
Чаму гэта важна
У эканоміцы Менску адбываецца крызіс збыту, калі грошы прадпрыемстваў «замарожваюцца» на складах і яны нясуць страты.
У выніку прадпрыемствам зь цягам часу бракуе грошай на заробкі, падаткі і закупы новай сыравіны. Вытворчасьць даводзіцца скарачаць, а ўрэшце і спыняць.
У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, спад прадукцыйнасьці працы, інвэстыцыяў і гуртовага таваразвароту.
Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэньне працоўных месцаў, зьніжэньне даходаў, банкруцтвы — найперш малога і сярэдняга бізнэсу.