Як паведамляе Белстат, у Менску вырабляецца амаль траціна — 31,8% — беларускага валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Валавы рэгіянальны прадукт Менску вырас за паўгодзьдзе на 2,2% пры 1,5% у краіне ў цэлым, але прамысловыя прадпрыемствы гораду ня ў лепшым стане.
Стан прадпрыемстваў гораду, які лічыцца «лякаматывам» беларускай эканомікі, значна пагоршыўся.
Калі ў Беларусі доля стратных прадпрыемстваў склала за паўгоду 22,6%, то ў Менску — 27,5%. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і месячнага аб’ёму вытворчасьці — 82,5%, а ў Менску — 125%. Гэта значыць, што аб’ём вытворчасьці, большы за месячны, ляжыць на складах. Рэнтабэльнасьць продажаў у Беларусі ў цэлым — 6,5%, а прадпрыемстваў Менску — 6,3%. У сталіцы скарачаецца прамысловая вытворчасьць — на 3,9% за паўгоду. У цэлым у краіне — на 0,7%.
Рухавікамі росту менскай эканомікі застаюцца гандаль і ІТ-індустрыя.
Разам з тым у Менску найвышэйшыя ў краіне заробкі. У выніку паўгодзьдзя сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі склала 2924 рублі, а ў Менску — 3879 рублёў.
Чаму гэта важна
У эканоміцы Менску адбываецца крызіс збыту, калі грошы прадпрыемстваў «замарожваюцца» на складах і яны нясуць страты.
У выніку прадпрыемствам зь цягам часу бракуе грошай на заробкі, падаткі і закупы новай сыравіны. Вытворчасьць даводзіцца скарачаць, а ўрэшце і спыняць.
ВУП Беларусі за першае паўгодзьдзе вырас на 1,5%, паведаміў Белстат. Летась ВУП вырас на 1,3%. Паводле прагнозаў ураду Беларусі, прырост ВУП краіны сёлета мае скласьці 2,8%.
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць прырост да 1,2%. Блізкі да ўраду Расеі Эўразійскі банк разьвіцьця таксама прагназуе рост ВУП Беларусі за год на 1,3%, але пры ўмове росту рэальных заробкаў, разьвіцьця ІТ-сэктару, стымуляваньня інвэстыцыяў і росту патоку турыстаў.
У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, спад прадукцыйнасьці працы, інвэстыцыяў і гуртовага таваразвароту.
Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэньне працоўных месцаў, зьніжэньне даходаў, банкруцтвы — найперш малога і сярэдняга бізнэсу.