Белстат апублікаваў справаздачу аб фінансавых выніках працы эканомікі Беларусі за першае паўгодзьдзе 2026 году.
Рэнтабэльнасьць продажаў у эканоміцы склала 6,5%. Гэта сьведчыць пра спад у паказьніку: у 2025 годзе рэнтабэльнасьць продажаў складала 6,9%.
Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць за першае паўгодзьдзе склала 12,5 мільярда рублёў, ці 11,3% ад усяго аб’ёму дэбіторскай запазычанасьці. Паўгода таму пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць складала 11.4 млрд. рублёў, ці 11,3% усёй дэбіторскай запазычанасьці.
Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць за паўгода склала 13,5 мільярда рублёў, ці 10,5% ад агульнага аб’ёму дэбіторскай запазычанасьці. У канцы 2025 году пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць складала 12,3 млрд., ці 10,3% ад усяго аб’ёму крэдыторскай запазычанасьці.
Чаму гэта важна
Прырост пратэрмінаванай запазычанасьці паказвае на тое, што ў эканоміцы ўтварылася «ланцуговая рэакцыя» — суб'екты гаспадараньня ня плацяць адзін аднаму, у выніку разьвіваецца «крызіс неплацяжоў». Зьніжэньне рэнтабэльнасьці продажаў сьведчыць пра спад чыстых прыбыткаў, эфэктыўнасьці бізнэсу і ў выніку — зьніжэньне фінансавай устойлівасьці прадпрыемстваў.
Што з інфляцыяй
Як паведамляе Белстат, ад пачатку году інфляцыя ў Беларусі склала 2,9%, у чэрвені — 0,3%. Найбольш падаражэлі паслугі — на 6,7%, харчовыя тавары падаражэлі на 1,8%, нехарчовыя — на 1,5%.
За месяц найбольш падаражэла бульба — з 1,2 да 2,08 рубля за кіляграм, капуста — з 1,76 да 2,1 рубля за кіляграм, морква — з 1,37 да 2,32 рубля за кіляграм, даражэла і іншая сьвежая гародніна.
Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр. У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.