Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыталі ў беларусаў, ці адмаўляюцца яны ад даляраў празь іх нізкі курс

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачатку году даляр у Беларусі патаньнеў адносна беларускага рубля на 2,88%. Нацыянальны банк далажыў, што беларусы здаюць амэрыканскую валюту. Глядзім, ці сапраўды гэта так і як беларусы цяпер захоўваюць грошы.

Раніцай 28 красавіка даляр у Беларусі каштаваў 2 рублі 81 капейку паводле курсу Нацыянальнага банку. У пачатку году яго курс быў роўны 2 рублям 90 капейкам. То бок за 4 месяцы зьнізіўся на 2,88%.

Дзяржаўныя фінансавыя ведамствы Беларусі ўсё часьцей паведамляюць, што людзі адмаўляюцца ад даляра. Напрыклад, Нацыянальны банк паведаміў, што за першыя два месяцы гэтага году людзі сталі чыстымі прадаўцамі валюты. За люты беларусы здалі 1,144 мільярда даляраў, а набылі 948,8 мільёна.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Таксама Нацбанк паведаміў, што ў апошнім квартале мінулага году банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях вырасьлі на 10,4%. На дэпазытах беларусы зараз трымаюць 15,3 мільярда рублёў. Яшчэ 7,2 мільярда рублёў — у замежных валютах. Такія ўклады, паводле статыстыкі фінансавага рэгулятара, зьменшыліся за той жа пэрыяд на 4,5%.

Курс эўра ў Беларусі з пачатку году таксама апусьціўся — на 3,3%.

Ці сапраўды падзеньне курсу замежных валют напужала беларусаў і яны пачалі захоўваць грошы ў рублях, як кажа Нацбанк?

«Сёньня даляр слабы, заўтра — моцны»

На фоне такой статыстыкі Свабода запыталася ў людзей унутры Беларусі на ўмовах ананімнасьці, у якой валюце яны трымаюць грошы. У асноўным суразмоўцы не адмаўляюцца ад замежных валютаў і ў іх трымаюць свае грошы на доўгую пэрспэктыву.

«Я трымаю ў далярах грошы. Ня ведаю, можа нехта і напужаўся курсу апошніх месяцаў, але я з такімі не знаёмы», — сказаў адзін з суразмоўцаў.

Іншы суразмоўца кажа, што трымае ашчаджаныя грошы ў далярах і эўра, а таксама думае купіць швайцарскія франкі — на ўсялякі выпадак.

«Сёньня даляр слабы, заўтра — моцны. Такое было ня раз», — гаворыць ён.

Абменьнік у Менску. Архіўнае фота
Абменьнік у Менску. Архіўнае фота

Іншая суразмоўца трымае грошы і ў далярах, і ў эўра. Часам думае таксама пра юань. Паводле яе, эўра зручна адкладаць на вандроўкі, бо заўжды ахвотна прымаюць. А вось даляры — інвэстыцыя надоўга, бо крызіс на Ўсходзе «калісьці скончыцца».

Сярод 10 чалавек, да якіх мы зьвярнуліся, амаль усе трымаюць ашчаджэньні ў далярах, некаторыя частку ў эўра.

Таксама суразмоўцы адзначаюць, што статыстыка магла паказаць значны працэс здачы замежнай валюты таму, што людзі нешта купляюць проста зараз, укладаюць грошы тут і цяпер.

Што да дэпазытаў, то стаўкі ў беларускіх рублях і замежнай валюце істотна адрозьніваюцца. У рублях банкі прапануюць працэнтную стаўку да 15% для неадклікальных укладаў. А ў замежнай валюце — 1,9%.

«Беларусы ўсё лічаць у далярах»

Паводле прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справах эканомікі Алісы Рыжычэнкі, беларусы не адмаўляюцца ад замежных валют, нягледзячы на жаданьне ўладаў. Пра гэта сьведчыць і пералік цэнаў у даляры.

Аліса Рыжычэнка
Аліса Рыжычэнка

«Тое, што беларусы здаюць даляры, не азначае адмову ад замежнай валюты як такой, бо вылічэньне, ацэнка кошту якіх-хаця тавараў, кватэраў, машын, усякай камэрцыйнай нерухомасьці, арэнды гэтай нерухомасьці — усё вядзецца ў далярах і пералічваецца ў беларускія рублі ў эквіваленце да даляра», — заўважае эканамістка.

Замежную валюту людзі могуць мяняць на беларускія рублі дзеля нейкіх штодзённых патрэбаў, заўважае суразмоўца.

«Што тычыцца абмену валюты — даляраў ці эўра — гэта нармальныя паводзіны людзей, калі яны бачаць, што курс даляра зьніжаецца, і ідуць мяняць яго на беларускія рублі, калі ідзецца пра тое, што гэтыя грошы не захоўваюцца як ашчаджэньні, а проста штодня трацяцца на жыцьцё. Што да даверу людзей да беларускага рубля, то гэтага даверу адназначна няма. Інакш улады Беларусі не прыдумлялі б розныя мэханізмы накшталт тых, што цяпер уводзяць: уклады з тэрмінам, большым за тры гады, зь якіх беларусы будуць мець магчымасьць атрымліваць падатковыя льготы. Гэта сьведчыць, што без такіх стымулаў беларусы не нясуць грошы ў банкі, даверу да банкаўскай сыстэмы ў іх няма, адпаведна няма і даверу да беларускага рубля», — прыводзіць прыклад эканамістка.

Што да надзейных сродкаў захаваць ашчаджэньні, то Аліса Рыжычэнка раіць розныя падыходы адпаведна патрэбам: захоўваць грошы ў розных валютах, а таксама вызначыцца — яны захоўваюцца ў доўгай ці кароткай пэрспэктыве.

«Перад тым, як прымаць такія рашэньні — у чым захоўваць ашчаджэньні, — трэба вызначыцца з мэтай і з тым, на які пэрыяд вы хочаце іх захаваць. Калі ідзецца пра ашчаджэньні на тры месяцы наперад, тады, магчыма, сапраўды мае сэнс перавесьці іх у беларускія рублі. Калі ж гэта ашчаджэньні, якія вы плянуеце захоўваць некалькі гадоў і каб яны ня страцілі ў цане, тады, вядома, лепш выбіраць даляр або эўра. Такім чынам, шмат што залежыць ад таго, якія мэты перасьледуюць людзі», — тлумачыць эканамістка.

У бліжэйшы час на курсы валют будзе ўплываць крызіс на Блізкім Усходзе, а дакладней, энэргетычны крызіс як наступства сытуацыі, працягвае суразмоўца.

«Глябальны энэргетычны крызіс, які мы цяпер назіраем, будзе прыводзіць да росту ўсясьветных цэн на розныя тавары, у сабекошт якіх уваходзіць лягістыка, — а гэта практычна ўсе тавары, бо паліва цяпер даражэе. Асабліва гэта закранае прадукты харчаваньня. Калі інфляцыя будзе занадта моцна паскарацца, амэрыканцы могуць прыняць рашэньне павысіць працэнтную стаўку. Калі стаўка павысіцца, то, вядома ж, даляр як валюта і як інвэстыцыйны інструмэнт — дакладней, амэрыканскія каштоўныя паперы, намінаваныя ў далярах, — стануць больш прывабнымі для інвэстараў. Гэта, у сваю чаргу, павысіць цану даляра адносна іншых валют. Разглядаць даляр або эўра таксама трэба асьцярожна. Напрыклад, эўрапейская эканоміка найбольш уразьлівая і залежная ад такіх рэсурсаў, як нафта і газ. І калі, зноў жа, будзе працяглы энэргетычны крызіс, Эўропа першай пацярпіць ад гэтага, адпаведна, гэта адаб’ецца на курсе эўра», — апісвае сытуацыю эканамістка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG