Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пачатку году інфляцыя ў Беларусі склала 2,9%, найбольш падаражэлі паслугі і гародніна

абноўлена
Крама ў Менску. Архіўнае фота
Крама ў Менску. Архіўнае фота

Інфляцыю стымулюе рост цэнаў на камунальныя паслугі і транспарт.

Як паведамляе Белстат, ад пачатку году інфляцыя ў Беларусі склала 2,9%, у чэрвені — 0,3%.

Найбольш падаражэлі паслугі — на 6,7%, харчовыя тавары падаражэлі на 1,8%, нехарчовыя — на 1,5%.

За месяц найбольш падаражэла бульба — з 1,2 да 2,08 рубля за кіляграм, капуста — з 1,76 да 2,1 рубля за кіляграм, морква — з 1,37 да 2,32 рубля за кіляграм, даражэла і іншая сьвежая гародніна.

Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр. У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.

У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць перанос ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Асноўны ўклад у інфляцыю ў Беларусі сёлета зрабіла дзяржава. У сакавіку праезд у аўтобусах гарадзкіх і прыгарадных маршрутаў падаражэў на 15%. У траўні вырасьлі тарыфы на праезд чыгункай. Такім чынам, паводле падлікаў парталу Blizko, білеты на пасажырскія чыгуначныя перавозкі падаражэлі на 27%.

Таксама на 7% ў траўні падвысіліся цэны на камунальныя паслугі. З 1 сакавіка падвышаныя цэны на газ і электрычнасьць.

Тарыфы на ацяпленьне вырасьлі з 1 чэрвеня на 7,3%, што паўплывае на інфляцыю ў другой палове году.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG