Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі яблыкі даражэюць, а бананы таньнеюць і што яшчэ адбываецца з цэнамі на садавіну і гародніну

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За год агуркі ў Беларусі падаражэлі на 15,7%, салодкі перац — на 8,9%. Паглядзелі, як зьмяніліся цэны на садавіну і гародніну і параўналі пакупніцкую здольнасьць у Беларусі і ў суседзяў.

За месяц цэны на харчаваньне ў Беларусі вырасьлі на 0,3%, за год — на 7,8%, паведамляе Белстат. За некалькі гадоў назіраньняў Свабоды найбольш у Беларусі даражэлі гародніна і садавіна, якія растуць у самой Беларусі. Глядзім, што падаражэла цяпер.

Згодна з маніторынгам цэнаў ад Белстат, найбольш за год (сакавік да сакавіка) з гародніны падаражэлі агуркі +15,79%. Цяпер кіляграм у е-дастаўцы каштуе 8,99 рублі, нават болей за паказчык сярэдняй цаны за сакавік па статыстыцы — 7,48 рублі. Звычайна гэтыя паказчыкі амаль супадаюць.

Гандляры агуркамі ў Добрушы. Архіўнае фота
Гандляры агуркамі ў Добрушы. Архіўнае фота

Таксама падаражэў салодкі перац +8,96%, капуста +5,97%, бульба +2,56%. З садавіны найбольш падаражэлі яблыкі +20%. Пры гэтым, некаторыя прадукты патаньнелі. Напрыклад, бананы, якія ў Беларусь возяць з Эквадору, цяпер каштуюць на 13,8% менш, чым летась. Вінаград з Індыі патаньнеў на 12,6%. Найбольш патаньнеў часнык — мінус 30%, але ў краме е-дастаўкі гэты прадукт ёсьць толькі з Кітаю, раней прадаваўся беларускі.

Бананы ў Беларусі за год патаньнелі значна больш, чым іншыя прадукты
Бананы ў Беларусі за год патаньнелі значна больш, чым іншыя прадукты

Даражэлі і іншыя прадукты. Сьвініна вырасла ў цане на 11,1% за год, хлеб — на 10,5% жывая рыба — на 6,3%.

У Беларусі пры гэтым ёсьць паказьнікі «дапушчальнага росту цэн». Іх прынялі адмысловай пастановай Саўміна яшчэ летась у верасьні. Гадавы прырост не павінен перасягнуць 7%, як закладзена ў парамэтрах найважнейшых прагнозных паказьнікаў разьвіцьця. Як бачым, некаторыя прадукты парушылі гэтую пастанову.

Што з пакупніцкай здольнасьцю ў Беларусі і ў суседзяў

Свабода параўнала пакупніцкую здольнасьць у Беларусі і ў суседзяў. Для гэтага мы ўзялі апошні дасяжны сярэдні заробак брута і цэны на канкрэтны тавар у мясцовай валюце ў онлайн-гіпэрмаркетах кожнай з краін. Для падлікаў мы ня бралі акцыённыя тавары, а параўноўвалі тавары зь сярэдняй цаной па ўсіх катэгорыях.

Напрыклад, на сярэдні заробак у Беларусі можна набыць 230 кіляграмаў памідораў, у Літве ў 3,3 раза болей, у Польшчы — у 2,6 раза.

Сярэдняга беларускага заробку хопіць на 2563 кіляграмаў бульбы, літоўскага — на 2839 кіляграмаў, польскага — на 4599 кіляграмаў.

Крама ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Крама ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

528 кіляграмаў бананаў на сярэдні заробак можна набыць у Беларусі, у Польшчы — 1315 кіляграмаў, у Літве — 1014 кіляграмаў.

Сярэдняга заробку ў Беларусі хопіць на 161 кіляграм сьвініны, у Польшчы — на 511 кіляграмаў, у Літве — на 389 кіляграмаў.

«Цэны на айчынную гародніну фармуе дзяржава»

Старэйшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна зьвяртае ўвагу на тое, што цэны на гародніну ў Беларусі кантралюе дзяржава. А імпартныя прадукты могуць таньнець празь зьмену курсу даляру.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Даляр на працягу 2025 года падаў адносна рубля. Адпаведна, гэта адбілася і на цане — менавіта імпартная садавіна праз гэта магла крыху патаньнець. А што да такіх пазыцый, як бульба, цыбуля, морква, капуста, то тут дзейнічае дзяржаўнае рэгуляваньне. Гэта значыць усталёўваюцца максымальныя адпускныя цэны. Таму цалкам магчыма, што тут проста штучнае, жорсткае рэгуляваньне з боку дзяржавы: якія межы ўсталявалі, такія мы і бачым у крамах», — кажа эканамістка.

У блізкай будучыні можа падаражэць якраз імпартная садавіна і гародніна, гэта зьвязана з канфліктам на Блізкім Усходзе, працягвае суразмоўца.

«Праз канфлікт на Блізкім Усходзе, безумоўна, магчыма павышэньне цэн на імпартныя садавіну і гародніну. Па-першае, у саміх краінах, дзе гэта вырабляецца, можа паскорыцца інфляцыя — там, дзе вырошчваюць бананы, авакада, ківі; інфляцыя можа падскочыць праз падаражаньне нафты, і гэта будзе закладвацца ў агульны кошт. Гэта ўплывае і на ўгнаеньні: напрыклад, калі будзе рост кцэнаў на ўгнаеньні, тое ж самае будзе адбывацца. Плюс да гэтага накладваецца яшчэ і ўскладненьне лягістыкі», — тлумачыць эканамістка.

А вось беларуская гародніна і садавіна ў будучыні могуць патаньнець, гэта зьвязана з сэзонным фактарам, бо гэтыя прадукты растуць улетку. Гэта пастаянная тэндэнцыя, якая паўтараецца з году ў год.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG