Як паведамілі аналітыкі банку, за студзень–травень 2026 году ВУП Беларусі вырас на 0,9% ў параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году. У выніку 2026 году банк прагназуе прырост ВУП Беларусі на 1,3%.
У банку лічаць гэта добрым прагнозам, бо ў Беларусі ў траўні павялічыліся інвэстыцыі ў будаўніцтва, а раздробны таваразварот вырас на 0,9% у параўнаньні зь сёлетнімі студзенем–красавіком.
У студзені–красавіку 2026 году прырост ВУП быў зусім слабы — на 0,2%.
Але ж дасягненьнем прырост ВУП у выніку году на 1,3% цяжка назваць, бо Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў яго прырост на 2026 год на ўзроўні 2,8%. Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе прырост больш чым удвая ніжэйшы ад заплянаванага.
Аналітыкі МВФ чакаюць сёлета прыросту ВУП Беларусі на 1,2%.
Чаму гэта важна
Рост ВУП гарантуе насельніцтву працоўныя месцы, павелічэньне заробкаў, сацыяльных выдаткаў дзяржавы, то бок выкананьне абяцаньняў «падвышэньня дабрабыту» і «росту даходаў», якія дае ўрад кожны год, фармуючы асноўныя прагнозныя паказьнікі.
Рост даходаў беларусаў, падобна, спыніўся. Калі ў чацьвертым квартале мінулага году сярэдні заробак склаў 2859,6 рубля, то ў першым квартале сёлетняга — 2826,8 рубля.
У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, падзеньне прадукцыйнасьці працы, інвэстыцыяў і гуртовага таваразвароту.
Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэньне працоўных месцаў, зьніжэньне даходаў, банкруцтвы — найперш малога і сярэдняга бізнэсу.
Форум