Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС назвалі сацыяльную сетку Threads «пагрозай бясьпецы» і папярэдзілі аб крымінальнай адказнасьці

Сыбаль сацыяльнай сеткі Threads. Ілюстрацыйнае фота
Сыбаль сацыяльнай сеткі Threads. Ілюстрацыйнае фота

Начальніца ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Натальля Сахарчук заявіла, што аўтараў шэрагу допісаў у сацыяльнай сетцы Threads ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, але магчымае і крымінальнае пакараньне.

«Мы з вамі неаднаразова разьбіралі і гаварылі ў вашай адной з праграмаў наконт Threads. На сёньняшні момант гэта сапраўды пагроза бясьпецы. Чаму? Таму што многія людзі ўвогуле не разумеюць гэтую сацыяльную сетку. У Threads, згодна з апошнімі дасьледаваньнямі, у асноўным узроставая катэгорыя ідзе 30–40 гадоў. Гэта найбольш актыўная катэгорыя, якая таксама хоча быць у трэндзе», — сказала Натальля Сахарчук у этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ.

Паводле яе, усе зразумелі толькі тое, што дастаткова напісаць нейкае паведамленьне ў Threads, напрыклад, аб тым, што «не спадабалася, якія прадукты на паліцах, не спадабалася, як паглядзеў супрацоўнік ДАІ».

«У нас адразу ўсё разьмяшчаюць у сацыяльных сетках. Ёсьць адна залатое правіла. Калі вы маеце зьвесткі пра злачынства ці яго рыхтаваньне, або вы сапраўды ведаеце аб парушэньні, у прыватнасьці, правілаў дарожнага руху, маеце такое відэа, валодайце, калі ласка. Ёсьць чат-бот, ёсьць супрацоўнікі міліцыі, ёсьць тэлефон 102. Але не, на жаль, усе хочуць сябе раскруціць. Усе забываюцца на элемэнтарнае правіла: за ўсё свае словы патрэбна адказваць», — заявіла яна.

Прадстаўніца Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла, што пры маніторынгу ня раз выяўлялі такія публікацыі, за якія людзей прыцягвалі да адмністрацыйнай адказнасьці. «А я хачу сказаць, што можна быць прыцягнутым ня толькі да адміністрацыйнай адказнасьці, але да крымінальнай. Бо варта думаць галавой, што вы разьмяшчаеце ў якой-хаця з сацыяльных сетак, бо наступствы не прымусяць чакаць», — папярэдзіла яна.

«Закон для ўсіх аднолькавы. Проста хацелася б нагадаць усім нашым тэлеглядачам, што супрацоўнікі міліцыі працуюць 24 на 7. І гэтаксама 24 на 7 яны праводзяць маніторынг інтэрнэт-прасторы. Прычым мы практычна прысутныя паўсюль. І бачым, дзе што пішуць, як пішуць. І, вядома ж, калі гэта сапраўды інфармацыя, на якую варта рэагаваць, рэагаваньне адбываецца імгненна», — сказала Натальля Сахарчук.

Што папярэднічала

У Беларусі дзейнічае палітычная цэнзура, якая стала больш жорсткай пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году. У краіне цалкам зьнішчана свабода слова і выказваньняў. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і спажываньне яе матэрыялаў былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто чытаў незалежныя мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі.

Да крымінальнай адказнасьці прыцягваюць за камэнтары ў сацыяльных сетках. Найбольш паказальнай сталі справа Андрэя Зельцара. Пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка пры ўварваньні сілавікоў у кватэру 31-гадовага ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара, якога ў выніку застрэлілі, масава прыцягвалі да адказнасьці грамадзян за рэакцыю ў сацыяльных сетках на гэтую падзею. У суды накіравалі справы супраць 57 грамадзян, якія пісалі камэнтары на адрас загінулага сілавіка і дзяржаўных органаў.

У Беларусі ў 2021 годзе завяршылі стварэньне Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў па ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэааналітыкі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG