Паводле ацэнак удзельнікаў ІТ-рынку, тэрміны пастаўкі абсталяваньня для замены дасягаюць паўгода. Пра гэта паведамляе газэта «Коммерсантъ».
Пасьля нападаў карыстальнікі сутыкнуліся са збоямі прыкладна дзесяці асноўных службаў «Яндэксу», уключаючы «Яндэкс Go» і пошту. Праблемы закранулі і кліентаў хмарнай плятформы кампаніі, у тым ліку службы «Циан» і Twinby.
Правайдэр «Дом.ру» папярэдзіў, што выпраўленьне наступстваў можа заняць ад аднаго да трох дзён.
У Yandex Cloud назвалі астатнюю канфігурацыю рэсурсаў няўстойлівай і рэкамэндавалі кліентам выкарыстоўваць альтэрнатыўныя пляны аднаўленьня. Кампанія дамовілася з Selectel, К2Cloud і VK Cloud аб паскораным разьмяшчэньні даных і службаў кліентаў.
Увечары 11 кастрычніка «Яндэкс» паведаміў аб паступовым аднаўленні працы сваіх сэрвісаў.
Украінскія атакі на ЦАДы «Яндэксу»
З 8 па 11 кастрычніка бесьпілётнікі атакавалі тры ЦАДы кампаніі ўва Ўладзімірскай, Разанскай і Калускай вобласьцях. Два зь іх цалкам спынілі працу, трэці часткова выведзены са строю.
Апошняя атака адбылася ў ноч на 11 кастрычніка ўва Ўладзімірскай вобласьці. У «Яндэксе» пацьвердзілі пашкоджаньне інфраструктуры і поўнае спыненьне ЦАДу магутнасьцю каля 40 МВт, дзе разьмешчаны супэркампутар «Галушкин».
Раней быў цалкам выведзены з ладу ЦАД у Разанскай вобласьці магутнасьцю каля 12 МВт, дзе месьціліся яшчэ два супэркампутары кампаніі. У Калузе пашкоджаны комплекс магутнасьцю 63 МВт, разьлічаны на 3800 сэрвэрных стоек.
Пасьля другой атакі кампанія дадала ў карыстальніцкую дамову палажэньне аб вызваленьні ад адказнасьці пры абставінах непераадольнай сілы, уключна з ударамі бесьпілётнікаў.
Іншыя расейскія апэратары ЦАД пачалі закупляць сродкі абароны ад бесьпілётнікаў. Экспэрты, апытаныя «Коммерсантомъ», папярэджваюць, што выдаткі на аднаўленьне інфраструктуры і дадатковыя захады бясьпекі могуць прывесьці да росту кошту хмарных паслуг.
Форум