Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў жніўні ўпаў намінальны сярэдні заробак

Беларускія грошы, архіўнае фота
Беларускія грошы, архіўнае фота

Спад адбыўся за кошт Менску, дзе традыцыйна заробкі былі высокія, а вынікі працы эканомікі горшыя, чым у сярэднім у Беларусі.

Як паведаміў Белстат, сярэдні намінальны заробак у Беларусі склаў 3135,9 рубля.

Гэта на 36,1 рубля меней, чым у ліпені. Тады ён складаў 3172 рублі.

Сярэдні заробак зьнізіўся за кошт жыхароў Менску. Калі ў ліпені сярэдні намінальны заробак у Менску быў 4116,3 рубля, то ў жніўні склаў 4032,7 рубля.

У Менскай вобласьці, наадварот, заробкі вырасьлі. У ліпені сярэдні намінальны заробак там склаў 3235,6 рубля, у жніўні — 3274,1 рубля.

Такім чынам, намінальны заробак менчукоў зьнізіўся на 2%, намінальны заробак жыхароў Менскай вобласьці вырас на 1,1%.

Чаму ў Менску ўпалі заробкі

Прамысловая вытворчасьць Менску складала ў ліпені 16,3% ад агульнай прамысловай вытворчасьці ў Беларусі. Прамысловая вытворчасьць агулам у краіне ўзьнялася на 0,2% з пачатку году за кошт найперш Віцебскай вобласьці, бо прадукцыя нафтаперапрацоўчага заводу ў Наваполацку рэзка падаражэла пасьля ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ.

Што ж тычыцца Менску, то яго прамысловасьць зьвязаная з машынабудаваньнем і электронікай. Падрабязную статыстыку галін прамысловасьці Белстат даўно не публікуе, але тэндэнцыя на скарачэньне прамысловасьці Менску відавочная, стан прадпрыемстваў гораду, які лічыцца «лякаматывам» беларускай эканомікі, значна пагоршыўся.

Рухавікамі росту менскай эканомікі застаюцца гандаль і ІТ-індустрыя.

Разам з тым у Менску найвышэйшыя ў краіне заробкі. У выніку паўгодзьдзя сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі склала 2924 рублі, а ў Менску — 3879 рублёў.

У беларускай эканоміцы застаюцца праблемы, у тым ліку спад вытворчасьці ў апрацоўчай прамысловасьці, рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці, спад прадукцыйнасьці працы, інвэстыцыяў і гуртовага таваразвароту.

Нестабільны рост ВУП ці рэцэсія азначаюць для беларусаў у будучыні скарачэньне працоўных месцаў, зьніжэньне даходаў, банкруцтвы — найперш малога і сярэдняга бізнэсу.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG