Падчас анлайн-дыскусіі, якую правёў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, экспэрты абмеркавалі сацыяльную палітыку ў Беларусі пасьля дэмакратычных пераменаў у краіне. Дэтальна абмеркавалі мэты і прынцыпы рэфармаваньня сыстэмы аховы здароўя, сацыяльнай дапамогі і пэнсійнай сыстэмы ў новай Беларусі, а таксама рызыкі, якія давядзецца пераадольваць падчас гэтай працы.
Каардынатарка Народнага консульства Беларусі ў Шатляндыі Ірына Маклейн вызначае балючую праблему — усё больш беларусаў страчваюць хуткі і зручны доступ да мэдычнай дапамогі, губляюць давер да дзяржаўнай мэдыцыны. Гэта адбываецца ў тым ліку таму, што праз рэпрэсіі ды нізкія заробкі беларускія мэдыкі часьцей аказваюцца за мяжой. У выніку лекараў не хапае, а напрацаваныя гадамі сувязі ў грамадзтве страчваюцца. Як іх аднавіць?
Мэдычная дапамога беларусам з уразьлівых групаў
Экспэрта Ірына Маклейн прывяла прыклад узаемнай падтрымкі сярод беларусаў — праект «Раёнка», які падрыхтаваў Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі.
Гэта лічбавая плятформа, якая забясьпечвае людзям у Беларусі бясплатныя і ананімныя анлайн-кансультацыі беларускіх лекараў, якія пражываюць за мяжой.
Плятформа арыентавана перадусім на людзей, якія сутыкаюцца з сурʼёзнымі перашкодамі ў доступе да кваліфікаванай мэдыцынскай дапамогі, у тым ліку на жыхароў малых гарадоў і сельскай мясцовасьці, людзей з абмежаванымі фінансавымі магчымасьцямі, бацькоў-адзіночак, людзей з інваліднасьцю, асоб, якія сутыкнуліся з гвалтам і рэпрэсіямі, ды іншыя ўразьлівыя групы.
У пэнсійнай рэформе спалучыць беларускі досьвед з эўрапейскімі мадэлямі
Другая важная тэма — рэформа пэнсійнай сыстэмы. Цяпер 26% насельніцтва Беларусі складаюць пэнсіянэры. Акадэмічны дырэктар BEROC, суаўтар канцэпцыі пэнсійнай рэформы для Беларусі Леў Львоўскі адзначае, што Беларусь цяпер зьяўляецца адным з лідараў па тэмпах зьніжэньня нараджальнасьці, што ўскладняе сытуацыю з пэнсіямі і стварае рызыку большай беднасьці сярод пэнсіянэраў. Акрамя таго, цяперашняя сыстэма ў Беларусі характарызуецца значным гендарным дысбалянсам: пэнсійны ўзрост для жанчын складае 58 гадоў пры сярэдняй працягласьці жыцьця 79 гадоў, тады як для мужчын — 63 гады пры сярэдняй працягласьці жыцьця 69 гадоў. Паводле Льва Львоўскага, нават пры пераходзе да дэмакратыі Беларусь усё яшчэ можа стаць няздатнай дзяржавай (failed state). Існуе рызыка таго, што краіна апынецца ў сытуацыі, калі палову насельніцтва будуць складаць пэнсіянэры, і чакаць далей нельга. Рэформы неабходна пачынаць як мага хутчэй і скарыстацца лепшым эўрапейскім досьведам, мяркуе экспэрт.
Праект дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, як у Швэцыі
Сыстэма сацыяльнай абароны грамадзянаў у новай Беларусі таксама запатрабуе істотных зьменаў. Экспэртка са Швэцыі Лана Вілебранд, кіраўніца напрамку якасьці і разьвіцьця праграм у арганізацыі Union to Union, падзялілася прыкладамі з краін Паўночнай Эўропы, у тым ліку распавяла пра падыходы да сацыяльнай абароны і палітыкі дабрабыту, якія патэнцыйна можна адаптаваць да беларускіх рэалій.
Экспэртка прапанавала беларусам узяць за ўзор паўночнаэўрапейскую мадэль пабудовы сыстэмы сацыяльнай абароны грамадзянаў.
У гэтай мадэлі дзейнічаюць законы, якія забясьпечваць большую ролю дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, якое пакрывае страту даходу, хваробу, адпачынак па доглядзе за дзіцем, пэнсіі і, у некаторых выпадках, дапамогу па беспрацоўі.
Прадстаўніца швэдзкіх прафсаюзаў Лана Вілебранд адзначыла высокую арганізаванасьць беларускіх дэмакратычных сіл у выгнаньні, якія, на яе думку, будуць здольныя правесьці неабходныя рэформы сыстэмы сацыяльнай дапамогі.
«Працоўная палітыка не павінна фармавацца без удзелу ўсіх бакоў, як працоўных, гэтак і працадаўцаў у сацыяльным дыялёгу», — параіла беларусам Лана Вілебранд.