Расейскія ўдары вывелі з ладу тры найбуйнейшыя металюргічныя прадпрыемствы Ўкраіны, паставіўшы пад пагрозу ўсю сталеліцейную галіну ў краіне.
Пра гэта піша дзелавое выданьне Financial Times са спасылкай на зьвесткі кампаній Metinvest і ArcelorMittal.
У пачатку верасьня расейскія войскі ўдарылі балістычнымі ракетамі па мэталюргічных заводах у Запароскай і Днепрапятроўскай абласьцях, «Запарожсталь», «Каметсталь» і «Арселор Мітал Крывы Рог». Два прадпрыемствы належаць кампаніі Metinvest і яшчэ адно — ArcelorMittal. У выніку ўдараў загінулі 17 супрацоўнікаў прадпрыемстваў.
«На сёньняшні дзень ва Ўкраіне больш няма сталеліцейнай прамысловасьці. Яны ведалі аб заводзе ўсё, сапраўды ведалі, куды біць», — заявіў у гутарцы з Financial Times кіраўнік офіса генэральнага дырэктара Metinvest Аляксандр Вадавоз.
Паводле зьвестак кампаній, на гэтыя заводы ў сукупнасьці прыпадала 90% вытворчасьці сталі ў краіне. Вадавоз адзначыў, што зараз невядома, як шмат часу зойме рамонт прадпрыемстваў. Ён таксама дадаў, што на заводах у агулам працуе 15 тысяч чалавек, і закрыцьцё прадпрыемстваў можа мець сур’ёзныя наступствы і «вялікі ўплыў на падаткі».
Прэмʼер-міністар Украіны Сяргей Карэцкі заявіў, што з-за расейскіх атак дзяржава можа страціць каля 1,5 млрд даляраў падатковых паступленьняў. Пры гэтым выданьне адзначае, што Кіеў сутыкаецца з дэфіцытам бюджэту, які, паводле ацэнак Карэцкага, сёлета складзе 27 млрд даляраў.
«Ідзе вайна на зьнясіленьне, а цяпер яшчэ і эканамічная вайна на зьнясіленьне — Расея спрабуе нанесьці Ўкраіне як мага большую шкоду, і Украіна таксама», — заявіла галоўны эканаміст кіеўскага інвэстыцыйнага банку Dragon Capital Алена Білан.