Нарвэскі акруговы суд Нур-Трумса і Сэньі 31 жніўня пастанавіў арыштаваць расейскі вадаплаў «Прафэсар Малчанаў» на падставе заявы ўкраінскай дзяржаўнай кампаніі «Нафтагаз», даведалася «Настоящее время».
Як паведамілі ў кампаніі, арышт павінен забясьпечыць выкананьне арбітражнага рашэньня аб спагнаньні з Расеі каля 4,22 млрд даляраў з адсоткамі, а таксама выдаткаў за незаконны захоп актываў «Нафтагазу» ў анэксаваным Крыме.
«Гэта яшчэ адзін важны крок да аднаўленьня справядлівасьці. Мы працягнем вышук расейскіх актываў па ўсім сьвеце, пакуль прысуджаная „Нафтагазу“ і іншым кампаніям групы кампэнсацыя ня будзе выплачаная», — адзначыў выканаўца абавязкаў старшыні ўправы «Нафтагазу» Сяргей Федарэнка.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што за арыштам карабля «рушыць усьлед адпаведная рэакцыя». Якая гэта будзе рэакцыя, маскоўскі бок не паведаміў.
«Прафэсар Малчанаў» выкарыстоўваецца для камэрцыйных экспэдыцыйных круізаў. Кіраўнік Міністэрства ўсходняга разьвіцьця Расеі Аляксей Чакункоў паведаміў, што карабель Расгідрамэту выкарыстоўвалі для сувязі з трэстам «Арктыквугаль» на архіпэлягу Шпіцбэрген.
Паводле яго, «карабель і экіпаж знаходзяцца ў фізычнай бясьпецы», а юрысты аспрэчаць рашэньне нарвэскага суду. Караблю забаронена пакідаць порт Барэнцбург.
Чым кіруюцца ў «Нафтагазе»?
У 2023 годзе на той момант кіраўнік праўленьня «Нафтагазу» Аляксей Чарнышоў паведаміў, што міжнародны арбітраж у Гаазе абавязаў Расею выплаціць пяць мільярдаў даляраў за страты і страчаную ў анэксаваным Крыме маёмасьць кампаніі.
Reuters пісаў, што гэта 4,22 млрд даляраў, а таксама адсоткі і судовыя выдаткі.
У кампаніі тады заявілі, што рашэньне суду можа быць выканана прымусова: калі Расея адмовіцца добраахвотна выконваць пастанову, тады «Нафтагаз», паводле Нью-Ёрскае канвэнцыі 1958 году, мае права пачаць працэс прымусовага выкананьня рашэньня на тэрыторыі тых дзяржаваў, дзе знаходзяцца расейскія актывы.
Форум