Зьміцер Бурбуць, у мінулым журналіст «Музыкальной газеты», цяпер жыве ў ЗША, вядзе блог, займаецца падпрацоўкамі і піша кнігі. «У лоб» — гэта ўжо другая кніга аўтара, якая выйшла ў беларускім перакладзе. Калі дзеяньне першай п’есы «Крыптаствалы» адбываецца ў межах гарадка Талачын, то ў кнізе «У лоб» абсурд разрастаецца да межаў цэлай краіны. Гэтыя творы поўныя фантасмагорыі, гумару і непаліткарэктнай сатыры. У размове са Свабодай аўтар прызнаецца, што менавіта так яму прасьцей успрымаць сьвет, што і адлюстроўваецца ў кнігах.
Страшны груз памяці
«Я паводле натуры зьдзеклівы чалавек. Усё жыцьцё зьдзекуюся з розных сытуацый. Там, дзе беларусы любяць хныкаць, мне падабаецца хіхікаць. Я ненавіджу беларускі нацыянальны смутак, калі людзі пачынаюць стагнаць зь любой нагоды. Мне такі нацыянальны „сплін“ (туга. — РС) ня блізкі, таму я вырашыў, што лепш буду зьдзеквацца з гэтай усёй сытуацыі», — кажа аўтар.
На думку Зьмітра Бурбуця, сьмяяцца беларусы яшчэ не навучыліся. З гумарам кепска і гумарнымі праектамі мала хто займаецца.
«Мы ня вельмі любім усьміхацца і высьмейваць нейкія сытуацыі, ня склалася. Увесь наш гумар — гэта нейкі дзяржаўны КВЗ, які і гумарам назваць цяжка. Тых жа беларускіх мэмаў можна прыгадаць некалькі. Таму я вырашыў, што давайце навучымся сьмяяцца, хоць неяк», — даводзіць аўтар.
У першай кнізе суразмоўца расказвае пра прыдуманы музычны гурт у горадзе Талачыне, якому даводзіцца сутыкацца з ідэолягамі.
«Такіх адказных за ідэалёгію людзей я сустракаў. У розныя гады я працаваў у тым ліку і ў дзяржаўных СМІ, у Фэдэрацыя прафсаюзаў. Бачыў, як там людзі камунікуюць, як сябе паводзяць, вось такі сакавіты савок. Таму шэраг пэрсанажаў я ўзяў са свайго мінулага. Мая першая п’еса — гэта мой набыты досьвед з беларускіх прафсаюзаў і гэтых жахлівых газэт. Мне не было куды яго падзець. Вось гэты страшны груз памяці. Мне трэба было кудысьці яго запхнуць і забыцца пра гэты кашмар. Таму ў мяне і нарадзілася п’еса», — гаворыць Бурбуць.
Аўтар адзначае, што расейскія знаёмыя, якія чыталі ягоную першую кнігу, не разумеюць кантэксту. Гумар ацанілі, але гэтую беларускую сутнасьць ім зразумець цяжка.
Зьміцер піша на расейскай мове. Кажа, што «забыўся матчыну мову», але абедзьве кнігі ёсьць у беларускім перакладзе і карыстаюцца попытам.
«Мае кнігі, крыху, але прадаюцца. І найперш — на беларускай мове. Я гэтаму факту вельмі зьдзівіўся. Думаў, што ўсё ж такі дыяспара ў Амэрыцы і Эўропе больш расейскамоўная. Але не. Яны прадаюцца найперш па-беларуску, таму іх адразу перакладаюць. Даволі проста напісаць кнігу. А вось прадаць яе вельмі цяжка. Каб яна знайшла свайго чытача, каб вакол кнігі склалася нейкая супольнасьць — гэта вельмі складана. Я спрабаваў, сам яе рэклямаваў, атрымалася ня вельмі. Але мне здаецца, тут самае галоўнае — гэта сарафаннае радыё. Альбо, можа быць, нейкі скандал хайповы», — кажа аўтар.
«Творчасьць не расьце пад цэнзурай»
Зьміцер Бурбуць жыве ў ЗША 7 год, цяпер заняты рознымі падпрацоўкамі, апроч таго вядзе свой YouTube-канал пра мэтал-музыку, а таксама разьвівае сайт shakal.today, якому сёлета споўнілася 10 гадоў.
«Цяпер з працай стала тугавата. Я то дамы фарбую, то ежу важу, то займаюся сваім YouTube-каналам, то сайтамі. Нават дайшло да вайб-кодынгу — не пабаюся гэтага слова. То бок займаюся, чым заўгодна. Ну, а ў вольны час папісваю», — прызнаецца суразмоўца.
У ЗША Зьміцер Бурбуць пераехаў разам з жонкай Настай, бо выйграў грын-карту і сьпярша спадзяваўся пэрыядычна езьдзіць у Беларусь.
«Мы плянавалі так: прыедзем, паглядзім на Амэрыку, асудзім яе, вядома ж, і будзем кожны год езьдзіць назад у Беларусь — прыпадаць да бярозак, тварожных сыркоў і іншых нішцякоў. Але потым здарыўся 2020 год. Мы ў апошні раз пабывалі ў Беларусі, бачылі, дарэчы, гэтыя маршы, і з таго часу больш у Беларусь — ні нагой. У выніку засталіся ў Амэрыцы, атрымалі пашпарты і цяпер жывём тут», — гаворыць Бурбуць.
У ЗША зьдзіўляе яго прырода, бо яна вельмі разнастайная, а таксама адсутнасьць смачных сасісак, працягвае суразмоўца.
«У іх проста жахлівыя сасіскі. Кашмарныя. Я згадваю беларускія „Брэсцкія“ ці „Траецкія“ сасіскі. Гэта проста фантан у роце. Гэта нейкая наша нацыянальная рыса. Амэрыка — яна ва ўсіх сэнсах іншая. Нават не таму, што яна большая і крыху больш дэмакратычная. Яна зьдзіўляе і ў побытавых дробязях, і сваёй прыродай. Прырода тут проста калясальная. Мне гэтага не хапала. Беларусь — што там? Лес, возера. І ўсё. А тут — іншая плянэта. Увогуле, каб гэта зразумець, трэба тут пабываць», — зважае Бурбуць.
«Пачнуць сьпяваць пра зьніклую бульбу, ці каронавірус»
Што да творчасьці ў сучаснай Беларусі, то на думку аўтара, рэальнаму музычнаму гурту, не зь ягонай п’есы, было б вельмі складана разьвівацца, бо творчасьць не расьце там, дзе шмат цэнзуры.
«Калі б гурт сьпяваў правільныя песьні пра правільных людзей з правільным пасылам, дык, можа, і зьявіўся б. Пытаньне ў тым, што было б з ім далей. У маёй п’есе ён дарос да цэнтра, да горада-героя, а як было б насамрэч — ня ведаю. Творчасьць жа, па вялікім рахунку, не расьце пад цэнзурай. Таму я думаю, што гэты гурт там бы зьявіўся і там жа пасьпяхова б і здох. Тое, што там адбываецца на сцэне — гэта ж жах. Ну я ведаю, што па падвалах і гаражах зноў граюць, але яны ж там і застануцца, у гэтых падвалах і гаражах, на жаль. Ёсьць аналёгія з расейскім рокам, як ён рос у 1980-х, але цяпер усё стала зусім жорстка», — мяркуе аўтар.
Для беларускіх уладаў вельмі важна задушыць культурныя праявы: музыку, літаратуру, бо гэта дае свабоду, мяркуе суразмоўца.
«Важна, таму што культура, творчасьць — гэта свабода. Як гэта можна дапусьціць, каб чалавек сьпяваў пра тое, што яго хвалюе? Ён жа пачне сьпяваць пра тое, што там бульба прапала, што ў нас там каранавірус быў, ці пра тое, што Лукашэнка не зусім, увогуле, і прэзыдэнт. Ну як гэта можна дапусьціць? Не, гэта трэба выпальваць. Я думаю, што абсурд там будзе павялічвацца шмат у чым дзякуючы ўсходняму суседу.
І пагружэньне краіны ў савок будзе проста калясальным. І, на жаль, думаю, што гэта будзе ўжо ня той савок, якім мы яго ведалі энную колькасьць гадоў таму. Гэта будзе зусім іншая краіна і зусім іншы савок», — мяркуе Бурбуць.
Калі б быў шанец, Зьміцер хацеў бы зьезьдзіць у Беларусь, але вельмі ненадоўга. Каб «паплакаць і рана раніцай паехаць назад».
«Набыць квіток, прайсьціся, паглядзець на шырокія чыстыя праспэкты. Паглядзець на Нацыянальную бібліятэку — „Алмаз ведаў“. Можа быць, выпіць, паплакаць. А потым вельмі хутка, рана раніцай зьехаць назад у Амэрыку. У мяне няма настальгіі па Менску, хоць я там пражыў шмат гадоў. Я больш сумую па Кіеве, па горадзе, у якім я мінімум раз на год бываў. Менск і Беларусь зрабілі шмат для таго, каб я не сумаваў па іх», — прызнаецца аўтар.
Цяпер Зьміцер піша трэцюю кнігу, якая завяршыць трылёгію пра краіну-Белагрусьць, дзе абсурд выйдзе нават за межы краіны і «усё будзе зусім кепска», абяцае аўтар.
Форум