Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла «Кніга нэкралёгаў», якая дае зборны партрэт памерлых беларусаў замежжа і ня толькі

«Кніга нэкралёгаў»
«Кніга нэкралёгаў»

Вельмі часта аўтары нэкралёгаў пра беларускіх эмігрантаў згадвалі мару памерлага вярнуцца на Бацькаўшчыну.

У польскім выдавецтве беларускай літаратуры Kamunikat.org выйшла новая кніга дасьледчыкаў гісторыі беларускай эміграцыі Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча.

Іх сумесны твор пад назвай «Кніга нэкралёгаў» мае 826 старонак.

Натальля Гардзіенка — дасьледніца гісторыі эміграцыі, сябра ўправы Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтарка і ўкладальніца шэрагу кніг пра гісторыю беларускай эміграцыі. Лявон Юрэвіч — архівіст, дасьледнік эміграцыі.

Лявон Юрэвіч і Натальля Гардзіенка
Лявон Юрэвіч і Натальля Гардзіенка

Кніга зьмяшчае больш за 500 выбраных нэкралёгаў беларусаў, памерлых у эміграцыі, а таксама некаторых з тых, хто памёр на тэрыторыі Савецкага Саюзу: Рыгора Бярозкіна, Ларысы Геніюш, Уладзімера Дубоўкі, Петруся Броўкі, Якуба Коласа.

Таксама ў кнізе зьмешаныя памятныя карткі і розныя даведнікі: назвы згаданых арганізацыяў, пэрыёдыкаў, анатаваны іменны і геаграфічны паказьнікі. Праца з даведачным матэрыялам, а гэта каля 150 старонак, забрала ці ня болей часу, чым з асноўнымі тэкстамі кнігі, над якой аўтары пачалі працаваць з 2019 году, прызналася дасьледчыца Натальля Гардзіенка:

«І вось толькі цяпер нарэшце ўсё скончылася, кніга ёсьць. Праўда, у руках патрымаць яе змагу хіба няхутка. Але ў Беластоку (і па Эўропе) яна ўжо ёсьць. Замовіць можна ў Kniharnia Kamunikat», — паведаміла Натальля Гардзіенка ў сваім Фэйсбуку.

У інтэрвію Свабодзе аўтарка апавяла, як узьнікла ідэя напісаньня «Кнігі нэкралёгаў» і якія адкрыцьці яна зрабіла падчас працы.

«У 2018 годзе мы зь Лявонам Юрэвічам пачалі ствараць „Кнігу могілкак“ і зразумелі, што лягічным працягам яе мае быць „Кніга нэкралёгаў“. Найбольш іх публікавалася на старонках дзьвюх найвялікшых беларускіх эміграцыйных газэтаў: мюнхэнскай „Бацькаўшчыны“ й нью-ёркаўскага „Беларуса“, на якіх мы і засяродзіліся. Туды ж увайшла і частка калекцыі памятных картак, якія мы зьбіралі фактычна з пачатку ХХІ стагодзьдзя. Зборнік нэкралёгаў — першая такая кніга ня толькі для нас, але і, выглядае, для ўсёй беларускай культуры», — зазначае Натальля Гардзіенка.

«Кніга нэкралёгаў»
«Кніга нэкралёгаў»

Дасьледчыца падзялілася адкрыцьцямі, якія зрабіла падчас збору і вывучэньня нэкралёгаў, а таксама ў выніку напісаньня кнігі.

На думку Натальлі Гардзіенка, нэкралёгі ня толькі апавядаюць пра лёсы людзей, але і выразна адлюстроўваюць уяўленьні грамады пра яе герояў і антыгерояў.

«Фактычна кожны нэкралёг апэлюе да калектыўнай памяці, калі звычайны чалавек робіцца часткаю агульнага мінулага: у ранейшых нэкралёгах — гісторыі Беларусі, у пазьнейшых — гісторыі эміграцыі. Гэтая прыналежнасьць як быццам збліжае героя нэкралёгу з чытачамі і нагадвае, што ў жыцьці мае значаньне. Інакш кажучы, тэкст нэкралёгу ў аповедзе пра памерлага робіць гэта ў адпаведнасьці зь ярархіяй каштоўнасьцяў беларускае эміграцыі», — кажа дасьледчыца.

Найбольшая чалавечая каштоўнасьць па-беларуску

Найпершая і найбольшая каштоўнасьць, якую адзначаюць беларусы ў нэкралёгах, паводле Натальлі Гардзіенкі, гэта прыналежнасьць да беларускай грамады.

«Падавацца гэтая прыналежнасьць магла рознымі шляхамі: хранікальна — у расповедзе пра ўдзел памерлага ў арганізацыях і справах грамады або простаю канстатацыяй — «трымаўся свае грамады». Другой паводле важнасьці была прыналежнасьць да царквы, прычым не істотна, ішло пра Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву ці пра Канстантынопальскі патрыярхат. Галоўнае, каб памерлы быў «хрысьціянінам глыбокае веры» ці прынамсі «ўцаркоўлены», — апавяла Натальля Гардзіенка.

Дасьледчыца пералічыла чалавечыя якасьць, якія адзначаюцца ў нэкралёгах як узорныя: грамадзкая праца, любоў да Бацькаўшчыны. Пры гэтым нэкралёгі па жанчынах і мужчынах адрозьніваюцца.

«У „мужчынскіх“ нэкралёгах абавязкова пералічваліся арганізацыі, сябрамі якіх („доўгагадовы“, „дзейны“) былі памерлыя, пасады, якія яны займалі. Характарыстыкі: „шчыры змагар“, „няўтомны змагар“, „шчыры патрыёт і змагар за беларускую справу“. У нэкралёгах таксама адзначаліся чалавечыя якасьці: сьціплы, сумленны, ахвярны, жыцьцярадасны, ураўнаважаны, спакойны, лагодны, працавіты, ветлівы, добры, далікатны, ціхі, „чалавек лагоднай натуры, ветлівага падыходу й пашаны да людзей“, „пабожны“.

Што да „жаночых“ нэкралёгаў, у іх таксама згадваліся арганізацыі, але пераважна царкоўныя: БАПЦ, сястрыцтвы. Адзначалася дапамога мужу („няўтомная супрацоўніца сямейнага жыцьця“). Характарыстыкі: „вялікая рукадзельніца“, „старалася працаваць для дабра свайго народу“, „ахвярная грамадзкая актывістка й прыкладная патрыётка“, „дзейны, руплівы працаўнік“. Чалавечыя якасьці: працавітая, ашчадная, дабрадзейная, гасьцінная, „любіла чыстае й сумленнае жыцьцё“», — паведаміла Натальля Гардзіенка.

«Адна з галоўных тэмаў — настальгія па Беларусі»

Паводле дасьледчыцы, аўтары нэкралёгаў пра беларускіх эмігрантаў часта згадвалі мару памерлага вярнуцца на Бацькаўшчыну.

«Невыпадкова нэкралёг мог заканчвацца парафразам Купалавага „Хай сьняцца сны пра Беларусь“. Гэты ж выраз часам пісалі і на помніках», — заўважыла пра нэкралёгі беларускіх эмігрантаў Натальля Гардзіенка. Паводле яе, настальгія па Беларусі — адна з галоўных тэмаў нэкралёгаў.

Падсумоўваюючы, Натальля Гардзіенка прызнаецца, што менавіта своеасаблівы зрэз каштоўнасьцяў беларускай эміграцыйнай грамады, адлюстраваны ў нэкралёгах, і стаў для яе і яе суаўтара Лявона Юрэвіча «найбольшым адкрыцьцём у гэтай кнізе».

Удзячнасьць аўтараў

Пра тых, хто дапамог у напісаньні, фінансаваньні і выданьні «Кнігі нэкралёгаў» Натальля Гардзіенка апавяла падрабязна.

«Найперш скажу пра двух старшыняў Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва Вітаўта і Юрыя Кіпеляў. Першы падтрымаў ідэю гэтага выданьня ад самага пачатку, з зацікаўленьнем чытаў і ўхваліў укладзеную частку з нэкралёгамі. Другі як новы старшыня Інстытуту (пасьля 2022 г., калі адышоў ягоны бацька Вітаўт) таксама падтрымаў праект, у тым ліку і фінансава.

Нельга не згадаць і Беларускую фундацыю Крачэўскага ды асабіста яе архівістку Валянціну Трыгубовіч, якая дзялілася назьбіранымі памятнымі карткамі, дапамагала з падборам асабістых здымкаў герояў нэкралёгаў.

І мы вельмі ўдзячныя Ілоне Урбановіч-Саўка, якая ад самага пачатку фінансава падтрымала выданьне», — апавяла аўтарка кнігі.

«Кніга нэкралёгаў» прысьвечаная памяці выбітнага беларускага філёляга Зьмітра Саўкі, які памёр у Менску ў 2016 годзе.

Творчыя пляны

Таксама Натальля Гардзіенка паведаміла Свабодзе, што цяпер працуе над выданьнем у сэрыі «Спадчына БНР» кнігі тэкстаў ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

Дасьледчыца спадзяецца, што кніга пабачыць сьвет да канца году. Далей у яе плянах выданьні гістарычных працаў Антона Адамовіча, а таксама мэмуарна-гістарычных тэкстаў Францішка Кушаля. Працуе Натальля Гардзіенка і над новай кнігай пра беларускага дзеяча і выдаўца Станіслава Станкевіча, якую плянуе выдаць у сэрыі «Людзі эміграцыі».



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG