Былі выбраныя два пераможцы і ўручаная адмысловая адзнака. Цырымонію правяла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.
«За інтэлектуальную актуалізацыю матэрыяльнай спадчыны» прэмію атрымаў тэлевізійны адукацыйны праект «Нітка Зорка. Майстэрня Кацярыны Ваданосавай». Ён ад пачатку плянаваўся як праграма пра ручную працу, аднак фармат здымак запатрабаваў больш грунтоўнага і распрацаванага праекту, — патлумачыла Ваданосава. Яна згадала пытаньні, якія ініцыявалі праект, але цяпер яна б паставіла іншыя: «Як жылі нашыя продкі? Кім яны былі? Як яны гаварылі? Пра што яны думалі? І якім мы іх запомнілі? І калі мне ўдалося на гэтыя пытаньні атрымаць хоць падабенства адказу, значыць — усё было недарэмна».
«За грунтоўны ўнёсак у беларускую несьмяротнасьць» пераможцамі сталі Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч і іх «Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце» (фонд «Kamunikat.org»). Гэтая кніга — «пра памяць, пра лёсы дзясяткаў і тысячаў нашых суродзічаў, якія ў розныя часы апынуліся на чужыне і знайшлі там вечны спачын», — расказала суаўтарка кнігі Натальля Гардзіенка.
Рада Беларускага ПЭНу вырашыла ўручыць адмысловую адзнаку. «За крэатыўную рэінтэрпрэтацыю нацыянальнай клясікі» яе атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Стагодзьдзе НН» (выдавецтва «Вясна»).
Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная падзея, заснаваная ў 1994 годзе. Яна носіць імя выбітнага беларускага пісьменьніка ды грамадзкага дзеяча і традыцыйна ўручаецца аўтарам за выдатную гістарычную прозу, якая спрыяе абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці чытачоў.
Форум