Калісьці на гэтую кнігу трэба было выдаткаваць цэлую студэнцкую стыпэндыю, а Лукашэнка ўзнагароджваў ёю алімпіяднікаў. Яе дарылі Папу Рымскаму Францішку, а выданьню спрыялі Нацыянальная бібліятэка і банк. Гаворка пра легендарную кнігу «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» аўтарства Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча.
Трэцяе выданьне кнігі выйшла сёлета пад імпрынтам (асобным брэндам). Яна ахоплівае гісторыю Беларусі ад першых пасяленьняў на беларускіх землях у старажытнасьці да абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і пачатку савецкага пэрыяду 1919 году.
Кніга прадстаўляе гісторыю Беларусі як частку агульнаэўрапейскага руху цывілізацыі. Яна расказвае пра значныя гістарычныя постаці Беларусі, пра побыт, вайсковыя перамогі, культурныя дасягненьні беларусаў у розныя эпохі. «Краіна Беларусь» зьмяшчае каля 2000 ілюстрацый мастака Зьмітра Герасімовіча, летапісныя мініятуры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фатаздымкі.
Першае выданьне «Краіны Беларусь» убачыла сьвет 23 гады таму. Ейны наклад складаў 3 тысячы асобнікаў. Кнігу выдавалі ў Славакіі. Асобнік каштаваў 40 тысяч рублёў (каля 20 даляраў). Гэта была мінімальная стыпэндыя студэнта БДУ або чвэрць сярэдняга заробку беларускага настаўніка.
Уладзімер Арлоў пісаў раней у сваіх мэмуарах, што партыю з 50 асобнікаў гэтай кнігі купілі ў адной з кнігарняў супрацоўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі. Пасьля гэты фаліянт Лукашэнка ўручаў школьнікам і студэнтам, пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў.
Другое, дапрацаванае і дапоўненае выданьне, выйшла ў 2012 годзе. Тады выхаду кнігі спрыяў цэлы шэраг дзяржаўных і прыватных установаў: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны гістарычны музэй, Нацыянальны мастацкі музэй, Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, Музэй беларускага кнігадрукаваньня. Кнігу выдавалі пры падтрымцы BelSwissBank.
Празь дзесяць гадоў, у 2013 выдалі пераклад кнігі на ангельскай мове «This Country Called Belarus», каб знаёміць эўрапейцаў зь Беларусьсю. Перакладаў на ангельскую беларусіст Джым Дынглі. Арлоў тады назваў гэтае выданьне «замежным пашпартам Беларусі». У тым жа годзе зрабілі і расейскамоўны пераклад кінігі «Страна Беларусь». Англамоўнае выданьне дарылі іншаземным дыпляматам. У 2014 годзе Ўладзімер Арлоў падарыў сваю «Краіну Беларусь» Папу Рымскаму Францішку.
Тысяча асобнікаў
Як расказала Свабодзе старшыня Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў Валянціна Андрэева, цяпер «Краіна Беларусь» выйшла накладам у тысячу асобнікаў. Адрозьненьняў ад першага выданьня амаль няма. Іншая толькі вокладка. Кнігу можна набыць у крамах «Кнігаўка», «Кірмаш», «Камунікат» у Варшаве, «Кропка» у Вільні, «Камунікат» у Беластоку, онлайн у выдавецтве Gutenberg Publisher.
«Гэта тое, што патрэбна кожнай краіне. Калясальная праца была зробленая з боку мастака і з боку аўтара, проста неймаверная», — характарызуе «Краіну Беларусь» Андрэева.
Валянціна Андрэева перакананая, што кнігу «Краіна Беларусь» варта мець кожнай беларускай сям’і. Яна называе яе базавай, унівэрсальнай кнігай, «помнікам эпохі».
«Яе не адразу можна прачытаць. І ня трэба яе адразу сесьці і прачытаць. Але — зьвяртацца да яе раз-пораз, адкрываць для сябе нейкую ілюстрацыю, нейкі адзін факт, нейкі паварот нашай гісторыі і рэфлексаваць, абдумваць гэты момант, абмяркоўваць зь дзецьмі, з мужам ці жонкай. Можна мець яе пад рукой, калі патрабуеш нейкага аргумэнту на карысьць сваіх думак або супраць», — разважае Андрэева.
Паводле кнігавыдаўчыні, такое выданьне варта дарыць дзецям яшчэ ў першай клясе.
«Яны яшчэ нічога ня змогуць прачытаць. Але гэта тая кніга, якую ты ня выкінеш праз год, таму што там нешта прымітыўнае. І ня будзеш захоўваць толькі таму, што яе табе падарылі ў першай клясе. Ты будзеш зьвяртацца да яе зноўку і зноўку, з бацькамі. Будзеш адкрываць для сябе новае. Бацькі будуць адкрываць для сябе новае», — разважае суразмоўца.
На думку Валянціны Андрэевай, гэтае выданьне зьвязанае ў многіх беларусаў з самім паняцьцем дома. Бо ў свой час кніга выходзіла накладам у некалькі тысяч асобнікаў, і ёсьць дома ў многіх.
«Тут (у эміграцыі. — РС) мы памалу перастаем называць „домам“ Беларусь. А тыя кнігі, якія застаюцца там, дома, у нашым уяўленьні часта стаяць на той паліцы, на якой яны стаялі за намі. А насамрэч яны ўжо складзеныя ў скрынкі і завезеныя ў вёску на паддашак, бо хто страціў свае кватэры, хто вымушаны іх здаваць. Дом існуе толькі ў гэтым уяўленьні. Але ў гэтым доме стаіць гэтая кніга. І магчыма гэтая кніга дае ілюзорны шанец пераўтварыць тое, дзе мы цяпер знаходзімся, у дом», — дзеліцца думкай кнігавыдавец.
Каля дзесяці тысяч эўра на друк
Каб перавыдаць кнігу, са словаў Валянціны Андрэевай, было патрэбна каля дзесяці тысяч эўра. Друкавалі ў Кітаі, а не ў Эўропе, каб зьменшыць выдаткі. Калі б выдаўцы хацелі наноў правесьці ўсю працу над ілюстрацыямі, то гэта каштавала б яшчэ каля дзесяці тысяч эўра, на думку суразмоўцы.
Грошы на выданьне пазычылі мэцэнат Павал Бераговіч і Арцём К., які ня хоча апублічваць сваё поўнае імя.
«Грашовыя пытаньні заўжды тонкія. Пачынаецца так: 10 тысяч эўра, тысяча асобнікаў. Значыць, кніга каштуе 10 эўра. А чаму яе прадаюць па 135 злотых? (каля 30 эўра. — РС) Хто гатовы будзе слухаць, што апроч выдаткаў на друк, ёсьць выдаткі на мэнэджэрскую частку, што гэтая кніга — гэта тры палеты, якія трэба захоўваць у чыстым памяшканьні. Хтосьці павінен хадзіць, насіць гэтую кнігу, пакаваць, афармляць па-бухгальтарску, плаціць за хостынг», — тлумачыць Валянціна Андрэева складнікі кошту асобніка.
Суразмоўца дадае, што калі б гэтая тысяча асобнікаў прадалася, прыкладам, за два месяцы, то кошт мог бы быць ніжэйшы. Яна заўважае, што надрукаваць сёньня такую ілюстраваную кнігу, тэхнічна не складана. Але каб працаваць з такім макетам, дзе ёсьць каля 2000 ілюстрацый, варта мець магутны кампутар.
На думку Валянціны Андрэевай, за 23 гады ад першага выданьня можна было б напісаць новую вэрсію кнігі або ўвогуле іншую кнігу падобнага маштабу, дадаць новыя ілюстрацыі, удакладніць факты, пра якія зьявіліся новыя зьвесткі. Прыкладам, у «Краіну Беларусь» уваходзіць гравюра, якую раней лічылі гравюрай Магілёва, але пазьней давялі, што гэта іншы горад. Але ў цяперашняй сытуацыі, калі большасьць прыватных беларускіх выдавецтваў працуе ў эміграцыі, выдаць новую аналягічную кнігу складана.
«У нас няма дастаткова моцных інстытутаў, каб прафінансаваць працу ў стварэньні новай вэрсіі гэтай кнігі», — адзначае яна.
Форум